На адзіны беларускамоўны клас у Баранавічах грошаў не знайшлося

Малашчанка ФіліпчыкАдзіны беларускамоўны клас у Баранавічах, дзе вучыліся тры дзяўчынкі Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык і Вераніка Міхальчук, зачынены. З прычыны заканчэння пачатковай школы СШ № 14 і змены жыхарства бацькі дзяцей спрабавалі працягнуць беларускамоўнае навучанне ў пятым класе гімназіі № 4, але безвынікова.

Спачатку бацькам заявілі, што ў гімназіі няма сродкаў для адкрыцця беларускамоўнага класа, затым – што неабходна пісьмовая згода прынамсі 24 бацькоў навучэнцаў класа. Звароты бацькоў да кіраўніцтва горада з мэтай захавання адзінага беларускамоўнага класа таксама вынікаў не далі, перадае праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Цяпер Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык будуць вучыцца ў рускамоўным 5а классе, дзе толькі матэматыка, сусветная гісторыя і “Чалавек і свет” будуць на беларускай мове.