У наваколлях Друі пішуцца працы для будучага кляштарнага музея

студэнты4У Друі пачаўся мастацкі пленэр “Пачаткі” – супольны праект каталіцкага святара, пробашча парафіі Найсвяцейшай Троіцы кс. Сяргея Сурыновіча і мастачкі з Мінску Вольгі Куваевай, іканапісныя працы якой упрыгожваюць святыні ў Друі на Браслаўшчыне і Фашчаўцы на Шклоўшчыне.  У першы дзень пленэру да мастакоў, якія асвойтваюць новы далягляд, далучыўся карэспандэнт КРЫНІЦЫ. INFO.

студэнтыУ Друю прыехалі 18 мастакоў ­– вядомыя творцы Дзмітрый Сурыновіч, Алесь Суша, Галіна Раманава, – у першы вечар пасля вячэры госці і гаспадар кляштара глядзелі ейныя аўтарскія мультфільмы, – а таксама маладыя мастакі, студэнты Беларускай Нацыянальнай Акадэміі мастацтваў.  І гэта значыць, што праз тыдзень, калі мастакі пакінуць кляштар, у яго мурах застануцца 18 палотнаў – традыцыйна ўдзельнікі пленэраў пакідаюць адну з працаў пад гасцінным дахам месца, дзе адбыўся пленэр. Агульная ж выстава народжаных падчас знаходжання ў Друі працаў адбудзецца ў наступную нядзелю, у апошні дзень пленэра, калі друйскія жыхары сыйдуцца да нядзельнай Святой Імшы, а ў кляштар завітае яшчэ адзін госць – паэт, бард і рэдактар часопіса “Верасень” Эдуард Акулін, які прыедзе з невялікай праграмай уласнай творчасці і прэзентуе чарговы нумар часопіса, у якім, сярод іншага, змешчаная нізка вершаў кс. Сурыновіча.

студэнты1Мастакі пачалі з’язджацца ў Друю ранкам 6 ліпеня. Творцаў з Мінску чакалі падрыхтаваныя кел’і, у якіх некалі жылі манахі-марыяне, што стварылі тут на пачатку мінулага стагоддзя буйны асяродак беларушчыны, які даў моцныя культурныя і духоўныя парасткі. “Пачаткі” – скразны панятак тутэйшай мясціны, якая захавала велічныя абрасы насуперак татальнаму знішчэнню падчас атэістычнай эпохі і нават цяпер, калі колішняя магутнасць мястэчка знікла ў вэлюме часу, застаецца сакральным волатам з каменю, што сцеражэ межы часовага і адвечнага.

студэнты 2Гасцей з Мінску прывітала творчасць Яна Рыдзікі, таленавітага мастака з-пад Браслава, палотны якога, развешаныя па сценах кляштара,  шмат гадоў збірае кс. Сурыновіч, гэтая прыватная калекцыя экспанавалася ў некалькіх галерэях Беларусі. Аб сувязі творчасці Рыдзікі і тутэйшых мясцінаў апавяла Вольга Куваева, пасля чаго мастакі разыйшліся па мястэчку шукаць Друю, якая народзіцца ва ўласных працах, а ўвечары, зноў сабраўшыся за агульным сталом, зладжаным у карыдоры кляштару, атрымалі прапанову адчуць смак месца і мясціны ад рэжысера Іллі Бажко, выпускніка Акадэміі, аўтара па-мастацку моцнага фільма, знятага ў апошні год падчас наведванняў кляштара. Ягоная кінапраца, частка якой ўвайшла ў дыпломную працу творцы, сталася аўтарскім паэтычным аповедам пра сучасны стан Друі, у якім адчуваецца гул стагоддзяў і цяжар часу ў сценах кляштара. Паказаная моўкнымі паэтычнымі візіямі гісторыя Друі на фоне гісторыі Беларусі сталася аб’ектам зацікаўленасці рэжысера яшчэ й таму, што Друя знаходзіцца на ўскрайку Беларусі, іншая краіна – Латвія – бярэ пачатак літаральна ў некалькіх метрах ад узгорку над Дзвіной, на якім узвышаецца кляштар.

студэнты 5Рэлігія і мастацтва маюць агульныя пачаткі, суплёт прагненняў да прыгожага наскрозь прасякае і першы, і другі тып мыслення. “Мы пазнаем Бога праз створаны праз Яго свет, – разважае кс. Сурыновіч. –  Мастацтва ў сваім факце паўстання і радовішча з’яўляецца натхнёнай праявай чалавека, які, дзякуючы свайму таленту, можа і гэты свет, і яго ўспрыняцце праз асобу творцы і тэхнікі, накірунку, почырку, фарбы, –  раскрыць і падкрэсліць. Папа Францішак кажа: “Ва ўсе часы Касцёл заклікаў мастацтва дэманстраваць прыгажосць веры і абвяшчаць евангельскае пасланне пра веліч Божага стварэння, пра годнасць чалавека, створанага на Яго вобраз і падабенства, пра сілу смерці і ўваскрасення Хрыста, які прынёс адкупленне і адраджэнне ў свет, крануты трагедыяй граху і смерці”. Менавіта гэтыя думкі і пасыл мы і хочам увасобіць у пленэры, які распачаўся ў Друйскім кляштары, даносячы яго як да гледачоў і прыхільнікаў мастацтва, так і да саміх мастакоў”.

суриновичиСучаснае мастацтва старанна пазбягае простага адтварэння рэчаіснасці, тым не меней, маляваць друйскія краявіды пажадала мноства мастакоў. Запрасіць у Друю атрымалася далёка не ўсіх. “Я хацела сабраць мастакоў, якія працуюць у розных накірунках, каб была магчымасць перадаць Друю ў розных станах, – апавядае Вольга Куваева. – Сёння ў Друі сабраліся жывапісцы розных пакаленняў, пачынаючы са студэнтаў Акадэміі мастацтваў трэцяга курсу і сканчваючы сталымі творцамі з Саюзу мастакоў. Спадзяюся, што розніца ў пакаленнях дасць магчымасць пабачыць «рознымі вачыма» на гэтую мясцовасць. Але ў асноўным — накірунак на класічную жывапісную школу, якая, як мне падаецца, ёсць адным з самых шчырых і праўдзівых хадоў у мастацтве. Таксама ёсць сярод удзельнікаў мастак-графік, і ёсць мастак-абстракцыяніст, якая знайшла свой накірунак у жывапісу менавіта тут, на Браслаўшчыне”.

..Ад ранку мастакі прыступяць да працы, разыйшоўшыся з мальбертамі па ўпадабаных куточках. Пакуль жа да старажытных муроў прыхіленыя белыя загрунтаваныя палотны, якія стануцца часткай музея кляштара, над стварэннем якога сёння працуе святар.

Дорогие читатели! Krynica.info является волонтерским проектом. Наши журналисты не получают зарплат. Вместе с тем работа сайта требует разных затрат: оплата домену, хостинга, телефонных звонков и прочего. Поэтому будем рады, если Вы найдете возможность пожертвовать средства на деятельность христианского информационного портала. Перечислить средства можно на телефонный номер МТС: +37529 566 45 53. По интересующим вопросам обращайтесь на krynica.editor@gmail.com




Блоги