Экуменічная малітва Тэзэ прайшла на мяжы паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэяй

    Каталіцкая, пратэстанцкая і англіканская моладзь сабралася ля мяжы паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй каб памаліцца аб прымірэнні.

    Абшчына Тэзэ ў Карэі правяла паломніцтва і малітву ў царкве пакаяння і Адкуплення ў горадзе Паджу, размешчаным крыху на поўдзень ад 38-й паралелі, запрасіўшы да ўдзелу ў ёй хрысціянскую моладзь з усяго свету.

    «Прымірэнне заўсёды было асновай светапогляду нашай абшчыны, – адзначыў брат Шын Хан Ёл, галоўны каардынатар мерапрыемства. – Мы молімся аб міры ў Карэі ўжо больш за 40 гадоў. Пачынаючы з 2013 года мы запрашаем моладзь – не толькі каталіцкую – далучыцца да нашай малітвы».

    «Пілігрымка, – дадаў ён, – сімвалізуе падарожжа. Мы выходзім за рамкі нашай зоны камфорту і пачынаем ісці па шляху прымірэння». Больш за 200 чалавек узялі ўдзел у малітве Тэзэ, уключаючы прадстаўнікоў Федэрацыі студэнтаў-каталікоў Сеула і Хрысціянскай моладзевай акадэміі. Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічалі маладыя людзі з Ганконга, Тайваня, М’янмы і Францыі.

    Брат Шын Хан Ёл паведаміў, што галоўнай мэтай сходу з’яўляецца «аб’яднанне хрысціян розных канфесій для малітвы аб міры».

    Па словах святара, у Сеуле падобнае мерапрыемства сабрала б нашмат больш людзей, аднак адной з мэтаў людзей, якія маліліся было знаходзіцца як мага бліжэй да паўночнакарэйскіх братоў.

    Па матэрыялах Asia News.