Лютаранства і кальвінізм у Беларусі сто гадоў таму

збор Слуцк

На пачатку ХХ ст. асноўнымі галінамі пратэстантызму на Беларусі былі лютаранства і кальвінізм (рэфармацтва), якія маюць карані ў краі яшчэ ад XVIст. Статыстычныя дадзеныя за 1914 год, якія маюцца ў адкрытым доступе ў сетцы інтэрнэт, дазваляюць зрабіць пэўныя высновы наконт некаторых тэндэнцыяў сярод пратэстанцкага духавентсва Паўночна-Заходняга Краю сто гадоў таму.

Паводле “DIE EVANGELISCH-LUTHERISCHE KIRCHE IN RUSSLAND. 1914”, лютаранскія цэрквы Краю належылі да Віленскага пробства, якое ў сваю чаргу ўваходзіла ў склад Курляндскай кансісторскай акругі. Узначальваў пробства ковенскі пастар Людвіг Добэрт. Яно ўключала парафіі ў 20 населеных пунктах:

  1. Вільня (цяпер Літва). Пастары — Герман Кох (нар. 1842, пастар з 1873) і Паўль Тытэльбах (нар. 1865, пастар з 1892)
  2. Горадня. Пастар — Адольф Плянч (нар. 1866, пастар з 1892)
  3. Нойдарф-Нойбраў (Берасцейская вобласць). Месца пастара вакантнае, абслугоўваў пастар Цырквіц з Беластоку.
  4. Полацак-Віцебск. Пастары — Мартын Цэльмін (нар. 1863, пастар з 1896) і Карл Бэрчы (нар. 1866, пастар з 1895), дапаможны пастар для Полацку.
  5. Стружані-Сцірнене (цяпер Латвія). Пастар — Карл Ірбэ (нар. 1885, пастар з 1910), вікарый.
  6. Балві (цяпер Латвія). Месца пастара вакантнае, яго абавязкі выконваў пастар Ірбэ.
  7. Менск. Пастар — Адам Мачулан (нар. 1864, пастар з 1895)
  8. Беласток (цяпер Польшча). Пастар — Тэадор Цырквіц (нар. 1863, пастар з 1892)
  9. Супрасль-Харошчы (цяпер Польшча). Пастар — Вільгельм Вільдэ (нар. 1864, пастар з 1894)
  10. Магілёў. Пастар — Вільгельм Юргензон (нар. 1869, пастар з 1897)
  11. Коўня. Пастар — Людвіг Добэрт (нар. 1842, пастар з 1866)
  12. Кейданы (цяпер Літва). Месца пастара вакантнае, вернікамі апекаваўся пастар Тытэльбах з Вільні.
  13. Біржы (цяпер Літва). Пастар — Фрыдрых Дэтэрс (нар. 1871, пастар 1900).
  14. Шаўлі (цяпер Літва). Пастар — Тэадор Купфэр (нар. 1869, пастар з 1896)
  15. Шкуды (цяпер Літва). Пастар — Юліюс Ліфэнталь (нар. 1835, пастар з 1867)
  16. Таўрогі (цяпер Літва). Пастар — Аўгуст Вімэр (нар. 1869, пастар з 1896)
  17. Юрбарк-Швырэн-Расейны (цяпер Літва). Абавязкі пастара выконвалі пастары Ёзэфі з Крэтынгі і Тытэльбах з Вільні.
  18. Крэтынга (цяпер Літва). Пастар — Карл Ёзэфі (нар. 1873, пастар з 1907)
  19. Жэймеле (цяпер Літва). Пастар — Юліюс Экэрт (нар. 1861, пастар з 1897)
  20. Панявеж-Шадаў (цяпер Літва). Пастар — Рудольф Ліхтэнштайн (нар. 1865, пастар з 1897).

Смаленская лютаранская парафія (пастар – Эміль Буш (нар. 1870, пастар з 1899) адносілася да Санкт-Пецярбургскай кансісторскай акругі.

Як бачым, асноўная частка лютаранскіх парафіяў у 1914 годзе знаходзілася па-за межамі Беларусі, пераважна ў Ковенскай губерні. Толькі пяць з іх (Менск, Гародня, Віцебск, Магілёў і Нойдарф) знаходзяцца ў межах сучаснай Беларусі, яшчэ чатыры (Вільня, Смаленск, Беласток і Супрасль)  — у межах этнічнай. Амаль цалкам нямецкамоўныя прозвішчы пастараў і знаходжанне парафіяў на беларускіх землях толькі ў буйных гарадах (губернскія цэнтры – Менск, Гародня, Вільня, Магілёў, Віцебск, Смаленск, павятовы – Беласток) ды нямецкіх паселішчах як Нойдарф ды ў пэўнай ступені Супрасль даюць падставы меркаваць, што лютаранства ў той час было канфесіяй нямецкай дыяспары, а не мясцовага насельніцтва.

Варта таксама адзначыць, што сярод усіх лютаранскіх парафіяў Расейскай імперыі, якіх у 1914 годзе налічвалася 612, парафіі Віленскага пробства складалі толькі 3,3%.

Іншую сітуацыю мы бачым у “DIE EVANGELISCH-REFORMIERTE KIRCHE IN RUSSLAND. 1914”. Паводле дакументу, з 41 адной кальвінісцкай парафіі Расейскай імперыі 20 (48,8%) былі ў межах акругі Віленскага Евангельска-Рэфармацкага Сіноду.

Больш за тое, у параўнанні з  лютаранствам мы маем і іншы этнічны склад пастараў. Так, прэзідэнтам быў Аляксандр Войніч, віцэ-прэзідэнтам – Міхал Ястжэмбскі, суперінтэндант Віленскага дыстрыкту. У склад Сіноду таксама ўваходзілі з боку духавентсва генерал-суперінтэндант і суперінтэндант Жамойцкага дыстрыкту Вільгельм Мяшкоўскі, пастар Радвілішак Ян Шапеціс і пастар Вільні Канстанцін Курнатоўскі, са свецкага боку – Аляксандр Войдэ, Браніслаў Іжыцкі-Герман і Лявон Пжылускі. Генеральным сакратаром Сіноду быў Юзаф Арамовіч, сакратар – Пётр Карас.

Цэнтрам Віленскага дыстрыкту (суперінтэндант Міхал Ястжэмбскі) была Вільня, пастарамі ў якой былі Міхал Ястжэмбскі (нар. 1859, пастар з 1889) і Канстанцін Курнатоўскі (нар. 1878, пастар з 1902).

Віленскія пастары таксама апекаваліся парафіямі ў Кельмах, Кейданах, Дзевалтове (усе – Ковенская губерня), Койданаў, Асташын (Менская губерня), Чэскі Баратын, Купічаў і Міхайлаўка (Валынская губерня).

Апроч таго, да дыстрыкту належалі ў Менскай губерні Слуцк, дзе пастарам быў Феліцыян Курнатоўскі (нар. 1859, пастар з 1890), які апекаваўся і парафіяй у Копысі ў Магілёўскай губерні.

У Гродзенскай губерні было тры парафіі – Ізабэлін, Непакойчыцы і Расна. Усімі імі апекаваўся ізабэлінскі пастар Юзаф Мандзялоўскі (нар. 1843, пастар з 1869).
У Жамойцкім дыстрыкце (суперінтэндант – Вільгельм Мяшкоўскі) было шэсць парафіяў:

Біржы. Пастары – Вільгельм Мяшкоўскі (нар. 1852, пастар з 1880) і Павел Якубенас (нар. 1871, пастар з 1899).

Попел. Пастар – Адольф Нойман (нар. 1845, пастар з 1874).

Радвілішкі. Пастар – Ян Шапеціс (нар. 1867, пастар з 1894).

Швабішкі. Пастар – Адам Шорнас (пастар з 1913), які таксама апекаваўся парафіямі ў Саламесце і Новэмясце.

Такім чынам, як бачым, сярод кальвінісцкіх пастараў пераважалі людзі з мясцовымі прозвішчамі (беларускімі, літоўскімі, польскімі), што ёсць следствам таго, што менавіта кальвінісцкаму напрамку пратэстантызму аддала сваю перавагу літвінская шляхта. Разам з тым адсутнасць “свежае крыві” ў выглядзе прыезджых каланістаў ды спецыялістаў, як у выпадку з лютаранамі, прывяла да таго, што ў 1914 годзе большасць парафіяў не мела пастараў. І пры роўнай колькасці лютаранскіх і кальвінісцкіх парафіяў лютаранскіх пастараў было ў 2,25 разы болей. З васьмі парафіяў Віленскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Менскай губерняў пяць пуставалі.

Сітуацыя з часам зрабілася яшчэ горшай. Магчыма, што “мясцовы” характар кальвінізму быў адным з фактараў, які спрыяў канфесійнай асіміляцыі кальвіністаў. У выніку сёння, праз 100 гадоў, у Беларусі зарэгістраваныя толькі адна рэфармацкая і адна прэсвітэрыянская абшчыны – у Менску і Магілёве. У той жа час колькасць лютаранскіх парафіяў наадварот узрасла, магчыма, што і пад уплывам дыяспаральнага характару канфесіі ў Беларусі, які спрыяў захаванню “веры продкаў”. Сёння лютаранскіх парафіяў налічваецца 6 у Віцебску, 3 – у Воршы, па 2 — у Гародні, Менску, Полацку і Віцебскім раёне, па 1 – у Гомелі, Хойніках, Нароўлі, Нараўлянскім раёне, Лідзе, Жодзіне, Магілёве, Бабруйску, Глуску, Клічаве. Этнічны фактар сярод лютаранскіх вернікаў і пастараў адчуваецца дагэтуль.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі