Ці ёсць у Беларусі “праваслаўны Талібан”? Размова з экспертамі

Белая Русь

З’яўленне спецрасследавання інфармацыйнага рэсурсу Inform Napalm “Актыўная падрыхтоўка праваслаўнага Талібана ў Беларусі” выклікала шмат рэпублікацый у беларускіх СМІ, але таксама і шырокую дыскусію на абшарах інтэрнэту і сацыяльных сетак. Аўтары даследавання выказваюць занепакоенасць актыўным нарошчваннем сілаў і сродкаў прарасійскіх парамілітарных груповак у Беларусі з адначасовай “актывізацыяй ажыццяўлення імперскай канцэпцыі “рускага свету” Маскоўскім патрыярхатам РПЦ, у якой адкрыта заяўляецца пра намеры аб’яднання ў “адзіную духоўную прастору Расіі, Украіны і Беларусі” і ў якой не прадугледжанае асобнае існаванне ад Расіі ўкраінскага і беларускага народаў”.

У расследаванні адзначаецца, што пад кіраўніцтвам Расійскай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, асабліва ў Гродзенскай вобласці, ствараецца “ваенізаваны праваслаўны рух”, заснавальнікамі і кіраўнікамі якога часта з’яўляюцца праваслаўныя святары.

“За амаль дзесяцігоддзе колькасць «казачых» і праваслаўных прарасійскіх груповак павялічылася ў Беларусі ў некалькі разоў, досыць істотным з’яўляецца колькасць патэнцыйных баявікоў «рускага свету», якая ўвесь час павялічваецца. На першым этапе ў іхную задачу, меркавана, будзе ўваходзіць ахова прарасійскіх мітынгаў у цэнтры гарадоў і перадусім у сталіцы, а затым не выключаецца і магчымы захоп з дапамогай агентуры ў сілавых структурах адміністрацыйных будынкаў. Усе гэтыя дзеянні будуць скіраваныя дзеля прыкрыцця пранікнення ДВГ супраціўніка, так званых «ветлівых людзей», якім будзе перададзены кантроль над захопленымі і блакаванымі аб’ектамі. Насцярожвае, што многія фігуранты гэтага спецрасследавання ўзаемадзейнічаюць з так званым асацыяльным кантынгентам, які вельмі актыўна прыцягваўся расійскімі дыверсійнымі групамі ў атрады «самаабароны» Крыма для блакавання вайсковых частак і аховы блакпостаў”, — падкрэсліваецца ў даследаванні.

Krynica.info паспрабавала разабрацца, ці сапраўды ад праваслаўных святароў і Беларускага Экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы сыходзіць небяспека для незалежнасці Беларусі, для культуры і мовы беларусаў. Для гэтага мы папрасілі выказаць на гэты конт свае меркаванні аўтара расследавання Inform Napalm, рэдактара беларускай службы праекту Дзяніса Івашына і клірыка Міхайлаўскага праваслаўнага прыхода Мінска іерэя Аляксандра Шрамко.

Дзяніс Івашын: праблема ў адсутнасці аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы

Паводле Дзяніса Івашына, “з пачаткам так званае “рускае вясны” у 2014 годзе і выбухам расійска-ўкраінскае вайны” стала досыць пашыраным непаважлівае стаўленне шэрагу праваслаўных святароў да незалежнасці Беларусі, яе гісторыі, культуры, мовы, якое “характаразуецца каталізацыяй працэсаў неаімперскай палітыкі Лубянкі-Крамля, перадусім да сваіх бліжэйшых суседзяў, на тэрыторыі якіх дзейнічае Маскоўскі патрыярхат (Беларусь, Украіна, Малдова)”. “Праблема палягае не ў колькасці святароў, якія адкрыта прапагандуюць “рускі свет” і ёсць шчырымі прыхільнікамі прарасійскіх тэрарыстычных утварэнняў “Л/ДНР”, але менавіта ў адсутнасці аўтаноміі і аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы, якая цалкам кантралюецца Маскоўскім патрыярхатам”, — падкрэслівае ён.

У сваю чаргу святар Аляксандр Шрамко падобнае стаўленне звязвае не палітыкай Крамля ці адсутнасці аўтакефаліі ў БПЦ, але з тым, “што праваслаўныя святары — пераважна найбольш аўтэнтычныя беларусы, у параўнанні з іншымі канфесіямі”. “Менавіта простыя беларусы з народу. А як у нас ставіцца да гісторыі, культуры і мовы сярэдні беларус? Мы ўсе ведаем, як гэта ні сумна. І ў гэтым не столькі непавагі, колькі  неразумення і неасвечанасці. Наўрад ці гэта абдуманая пазіцыя. Хутчэй грамадзянская і палітычная няспеласць. Разам з народам, думаю, з часам будзе расці і нацыянальная свядомасць святароў. Што, дарэчы, ужо назіраецца. Вядома, хацелася б, каб святары былі трошкі болей наперадзе, але што ёсць, то ёсць. Тым больш, што не ў гэтым галоўнае прызначэнне святарства”, — адзначае суразмоўца.

Датычна ж таго, што праваслаўныя святары апякаюцца вайскова-патрыятычнымі ды казацкімі клубамі, ён нагадаў, што вельмі часта пэўная арганізацыя сама звяртаецца да царкоўнага кіраўніцтва з просьбай прызначыць ім святара для «акармлення». “І  далей можа быць па-рознаму: альбо проста прызначаюць кагосьці, каго лічаць патрэбным, можа быць, даволі далёкага ідэйна, альбо нейкі святар праяўляе жаданне і зацікаўленасць, нават ёсць нейкая ідэйная блізкасць, яго ўжо ведаюць у гэтай арганізацыі і яго канкрэтна просяць. Павінен сказаць, што царкоўнае кіраўніцтва звычайна пры іншых роўных умовах аддае перавагу як раз больш адхіленаму, а не ідэйна ангажаванаму для гэтага кола святара. Любая празмерная ідэалагічная захопленасць не вітаецца. Гэта толькі галаўны боль для начальства”, — падкрэсліў святар.

Разам з тым, Дзяніс Івашын, спасылаючыся на свае папярэднія даследаванні, заяўляе, што “святары РПЦ, экзархатам якой у Беларусі кіруе Мітрапаліт Разанскі Павал, які, цалкам магчыма, нават не мае беларускага грамадзянства”, праводзяць з удзельнікамі казацкіх і вайскова-патрыятычных клубаў “псіхалагічную, рэлігійную і ідэалагічную апрацоўку”. Пры гэтым ён нагадаў, што ўжо зараз беларускія казакі, у адрозненні ад рыцарскіх клубаў ды іншых клубаў гістарычнай рэканструкцыі, прымаюць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. “Досыць яскравым пацвярджэннем гэтаму ёсць гэтак званая грамадская арганізацыя “Беларускае казацтва”, вярхоўны “атаман” якога Мікалай Улаховіч балатаваўся на прэзідэнта падчас апошняй легітымізацыі Лукашэнкі. Таксама варта асобна зазначыць, што апошняй ініцыятывай гэтага “казачага” дзеяча было жаданне стварыць з адэптаў беларускага “казацтва” войскі тэрытарыяльнае абароны”, — дадаў рэдактар Inform Napalm.

Аляксандр Шрамко: у казачым прыходзе Мінска святарства не прарасійскае

Але, на думку айца Аляксандра Шрамко, падобныя клубы – эпізадычная з’ява, а сам ён у рэальным жыцці сутыкаўся толькі з адным праваслаўным прыходам, пры якім «акармляецца» казацтва. “Не ведаю, што там у іх з казакамі, але па духу святарства на гэтым прыходзе як раз не прарасійскае. Ва ўсякім выпадку, значна менш, чым «у сярэднім па палаце». Памятаю, быў яшчэ спартыўна-гістарычны клуб святога Даўмонта Пскоўскага пры Петрапаўлаўскім саборы, але не ведаю ці дзейнічае ён цяпер. Вось у ім быў даволі вялікі ўхіл на прарасійскую ідэалогію, і трымалася гэта на адпаведных ідэйных схільнасцях яго стваральніка і кіраўніка дыякана Максіма Логвінава, якому, дарэчы, належыць і ідэя «хроснага ходу» да «Лініі Сталіна». Але гэта ўсё чыста яго асабістая замарочка, і далей аднаго чалавека ў святарстве не прасоўваецца”, — падкрэсліў іерэй.

Ён таксама дадаў, што ў клубе Даўмонта Пскоўскага адчуваўся рэзкі падзел паміж тымі, хто прыйшоў, быўшы ўжо вернікам, і тымі, якія прыйшлі «з вуліцы». “Была такая ідэя, што першыя будуць уплываць на другое, і будзе такое місіянерства сярод моладзі. Але на самой справе падзел заўсёды заставаўся: першыя жылі сваім жыццём, другія — сваім. Прычым, другіх, вядома, больш: не так шмат у нас моладзі, ды яшчэ спартыўнай. І ім, вядома, у асноўным цікавы спартыўна-гульнявы складнік”, — мяркуе святар.

Айцец Аляксандр таксама выказаў сумнеў у магчымасці мэтанакіраванай «ідэалагічнай апрацоўкі» з боку святароў у дачыненні да ўдзельнікаў клубаў. “Думаю, там мае ролю не нейкая «апрацоўка», а нейкі агульны фон, які задае асабіста кіраўнік. Не абавязкова гэта «рускі свет».  Скажу, напрыклад, што калі мая дачка была ў праваслаўным дзіцячым лагеры, то там кіраўніком быў прыхільнік ансамбля «Бітлз». У іх там усё было вакол гэтага ансамбля, і дачка вярнулася адтуль яго фанаткай. Ніякай іншай «ідэалогіі» там не было. Гэта значыць ніякай мэтанакіраванай  ідэалагічнай палітыкі, якая «спускаецца» зверху,  не існуе. І наогул роля «вертыкалі ўлады» ў Праваслаўнай Царкве моцна перабольшана. Наадварот, вялікая роля стыхіі і нават дзесьці анархіі. Таму і немагчыма ўсіх так папросту ўзяць пад кантроль”, — сказаў ён.

Дзяніс Івашын: Беларусь для іх – фарпост у змаганні з Захадам

Але ж аўтар гучнага расследавання настроены больш катэгарычна. Паводле яго, такія арганізацыі “яднаюць людзей, якія фанатычна вераць у канцэпцыю “трыадзінага народу”, лічаць Беларусь часткаю “рускага свету”, з’яўляюцца зацятымі паслядоўнікамі панславізму, чарнасоценства, шавінізму, антысэмітызму, некаторыя вызнаюць неапаганства і раднавер’е, гэтак званы культ славяна-арыяў”. Беларускую мову яны лічаць выключна “гаворкай рускай мовы”, а культуру і гісторыю Беларусі ўспрымаюць толькі праз парадыгму “ўз’яднання беларускага народа з Расіяй”, кажа ён.

«Яны (удзельнікі казацкіх і праваслаўных вайскова-патрыятычных клубаў – рэд.) больш выразна адрозніваюцца ад іншых адэптаў «рускага свету», перадусім праз сваю ідэалагічную рэлігійна-духоўную апрацоўку. Лічаць сябе «праваслаўным ваярствам» і нават «ваярамі Хрыста», якія супрацьстаяць заходняму свету і цывілізацыі. Беларусь для іх – фарпост і пярэдні край абароны іхнага «отечества от Бреста до Владивостока»», — лічыць Дзяніс Івашын.

Што тычыцца вернікаў-каталікоў і пратэстантаў, якія падтрымліваюць «рускі свет», то з такімі ніводзін з суразмоўцаў не сутыкаўся. На думку рэдактара Inform Napalm, “калі і ёсць у тэрарыстычных падраздзяленнях “Д/ЛНР” практыкуючыя вернікі-пратэстанты, ці каталікі з Беларусі, дык гэта будзе толькі выключэннем”.

“Праблема праваслаўнай царквы не столькі у самім «русскім свеце», колькі ў тым, што «рускі свет» ёй, як «рэлігіі большасці» дэкаруецца, робіцца як быццам ад яе імя, і не заўсёды прадстаўнікам царквы хапае мужнасці адмежавацца ад гэтага, бо, можа, дае нейкае адчуванне значнасці. Пасля дзесяцігоддзяў грамадскай маргінальнасці царквы, якая ў прынцыпе працягваецца і дагэтуль,  ад гэтага тым больш цяжка адмовіцца”, — парыруе Аляксандр Шрамко.

Дзяніс Івашын: шматлікія гіерархі БПЦ падтрымліваюць “рускі мір” і “рускую вясну”

Разам з тым, Расія не адзіная краіна, жыхары якой маюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі (як і некаторыя беларусы маюць такія ж прэтэнзіі да ўсіх суседніх краін — на Беласток, Смаленск, Вільню, Даўгаўпілс ды Чарнігаў) і абвяшчаюць беларускі народ ці яго частку, мову сваімі. Так, сярод шэрагу літоўскіх нацыяналістаў папулярныя карты з літоўскімі Гродна і Лідай, некаторыя ўкраінцы лічаць берасцейскае Палессе сваім, а пра страхі аднаўлення Польшчы ў межах 1939 года неаднаразова заяўляў прэзідэнт Беларусі. Але ж сёння падобная “гістарычная рэканструкцыя” мае небяспеку толькі з боку расійскіх арганізацый, упэўненыя суразмоўцы.

«Зараз прэтэнзіі з боку Польшчы ці Украіны калі і дзесьці гучаць, то толькі ў вельмі вузкім коле ў выглядзе чыста тэарэтычных мараў, тады як прэтэнзіі Расіі аформлены ў канкрэтныя палітычныя лозунгі і нават дзеянні. Пры гэтым уся краіна ахоплена хваляй імперскага рэваншызму”, — заяўляе Аляксандр Шрамко.

Па словах Дзяніса Івашына, інкубатарам вялізнае колькасці прарасійскіх арганізацыяў у Беларусі з’яўляецца прадстаўніцтва “Россотрудничества в РБ”, «якое, цалкам магчыма, здзяйсняе агульную каардынацыю іхнае дзейнасці і, меркавана, удзельнічае ў фінансаванні. «След асабліва зазначыць, што на працягу апошняга дзесяцігоддзя іхная колькасць драматычна ўзрасла і, калі падобная тэндэнцыя захаваецца, праз некалькі год яны будуць мець вялізны палітычны і культурніцкі ўплыў на ўсю Беларусь», — дадае ён.

Па словах суразмоўцы, шматлікія іерархі беларускага экзархата РПЦ сімпатызуюць  і актыўна падтрымліваюць “рускі мір” і “рускую вясну”. “Іхныя дзеянні ёсць вынікам актывізацыі ажыццяўлення расійскай імперскай канцэпцыі Маскоўскім Патрыярхатам РПЦ, якая пачалася дзесяць год таму і ў якой адкрыта заяўляецца пра намеры аб’яднання ў адзіную духоўную прастору Расеі, Украіны і Беларусі, што не прадугледжвае асобнага існавання ад Расіі ўкраінскага і беларускага народаў. У межах гэтае канцэпцыі РПЦ прызначыла экзархам БПЦ мітрапаліта Паўла (Панамарова), грамадзяніна РФ, цалкам ігнаруючы інтарэсы БПЦ і законы РБ”, — сказаў ён, дадаўшы, што дзеянні прадстаўнікоў Беларускага Экзархата РПЦ “ствараюць непасрэдную пагрозу страты даверу да Царквы пэўнай часткі праваслаўных вернікаў і іхнага мажлівага пераходу ў іншыя канфесіі”.

Аляксандр Шрамко: у БПЦ расце спрыяльнасць да ўсяго беларускага

Між тым святар Аляксандр Шрамко наадварот адзначае, што па факце спрыяльнасць да ўсяго беларускага сярод праваслаўных толькі расце. “Гэта я бачу, напрыклад, па розніцы, як да беларускамоўнай службы ставіліся гадоў 20 таму і як зараз. На нашым прыходзе наогул не чуць галасоў супраць беларускай службы, якую мы служым раз на месяц,  і ўсё больш мясцовых прыхаджан да яе далучаюцца, некаторыя дзякуюць са слёзамі на вачах, хаця праваслаўнаму не так проста прыняць у якасці богаслужбовай любую сучасную мову замест царкоўна-славянскай, хоць тую ж рускую, напрыклад. І на рускай мове столькі не служаць у Расіі, як на беларускай у Беларусі”, — падкрэсліў ён.

Даводзіцца чуць і абвінавачванні ў адрас каталіцкіх святароў у тым, што некаторыя з іх не хочуць вучыць беларускую мову і насаджаюць сярод вернікаў польскую свядомасць. Але, як адзначыў айцец Аляксандр, чыста гіпатэтычна іх заявы і дзеянні не могуць быць раўназначнымі заявам і дзеянняў праваслаўных святароў, “хоць бы таму, што прылічаючых сябе да праваслаўя ў разы больш, а таму і больш, можа, прыслухаюцца менавіта да слоў ад праваслаўнага пастыра”. “Але на самой справе не вельмі ў нас і слухаюць святароў, хоць праваслаўных, хоць каталіцкіх. Да таго ж, дзе ім выказвацца? Перадачы, рэлігійнага напрамку,  вельмі рэдкія самі па сабе,  ідуць далёка не ў прайм-тайме. Вельмі рэдка, у адрозненні ад той жа Расіі, можна ў нас пабачыць святара у тэлевізійным ток-шоў. Застаецца толькі сфера непасрэдна царкоўнага жыцця, а яна  вельмі абмежаваная. Пераважная большасць тых людзей, што прылічаюць сябе да праваслаўя ці каталіцтва, калі і прыходзяць у храм, то каб зрабіць нейкую кароткую рытуальную справу, на службе не моляцца, і як яны пачуюць, што кажа святар? Тых жа, што больш-менш  рэгулярна бываюць на службах і чуюць святара, набярэцца у лепшым выпадку адзінкі адсоткаў”, — упэўнены іерэй.

Ментальнасць ці мэтанакіраваная палітыка?

Але ж чаму ўлады Беларусі, якія, што ў асобе Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, што ў асобе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, вінавацяць у дэструктыўнай і палітычнай дзейнасці менавіта каталіцкіх святароў, не заўважаюць праваслаўных святароў, якіх вінавацяць у такіх дзеяннях прадстаўнікі грамадскасці?

Гэта ёсць вынікам таго, упэўнены Дзяніс Івашын, што  Беларусь з’яўляецца закладнікам палітыкі яднання з Расіяй, якую афіцыйны Мінск ажыццяўляе больш за два дзесяцігоддзі. “Падчас ажыццяўлення сваёй “саюзніцкай” місіі яму (прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку – рэд.) удаецца атрымліваць датацыйную дапамогу Расіі, танныя энергетычныя рэсурсы і мець бесперашкодны доступ на расійскі рынак для беларускае прадукцыі. Коштам існавання гэтай эканамічнай мадэлі ёсць здзяйсненне палітыкі татальнае русіфікацыі Беларусі і наяўнасці вялікае колькасці патэнцыйных агентаў уплыву Расійскай Федэрацыі ў вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтве дзяржавы, якая мае шматлікія азнакі расійскага пратэктарату. Наданне Маскоўскаму Патрыярхату прыярытэтнае ролі й значэння сярод іншых канфесіяў ёсць гэтаму яскравым сведчаннем”, — заяўляе ён.

Але ж, на думку Аляксандра Шрамко, сітуацыя нашмат больш празаічная, а прычны такога стаўлення ў антызаходняй і прасавецкай (а значыць прарасійскай) ментальнасці чыноўнікаў. “Наша постсавецкая дзяржаўная ідэалогія шмат у чым яшчэ проста савецкая. Таму ўсё з усходу здаецца нашмат больш «сваім», чым з захаду. Тым больш, што ў нас нават юрыдычна «адзіная дзяржава»”, — лічыць святар.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі