Грэка-каталіцкі святар: Я буду злачынцам, калі паб’ю гея, але калі ён будзе прапаведаваць у Царкве, я выкіну яго

a_zmicer

Напрацягу апошняга тыдня беларуская медыйная прастора выбухнула з тэмай стаўлення да гомасексуалістаў у краіне. Ускалыхнуў беларусаў і выпадак з забойствам пяцідзесяці геяў у Фларыдзе. Як на гэта варта рэагаваць беларускім хрысціянам? Дзе мяжа паміж “лібераламі” і “гамафобамі”? Грэка-каталіцкі святар айцец Зміцер Грышан пракаментаваў сітуацыю спецыяльна для Krynica.info.

— Той выпадак, які адбыўся ў Амерыцы, — гэта паталогія. Кожны чалавек адказвае на правакацыю па-свойму. Адзін чалавек будзе дыскутаваць і сведчыць. Іншы будзе забіваць. У такіх сітуацыях няважна, хто ці што з’явілася прычынай правакацыі. Кагосьці справакавала  настаўніца ў школе, а кагосьці — гомасексуалісты.

Што хрысціяне мусяць рабіць у такіх выпадках? Наша задача – данесці да грэшніка той факт, што ён з’яўляецца сынам ці дачкой Божай. Мы мусім сведчыць і евангелізаваць. У тым ліку, казаць адкрыта і ясна — што ёсць грэх. Але мы, хрысціяне, аддзяляем чалавека ад таго, што ён робіць. Мы не ўсхваляем чалавека за тое, што ён робіць толькі нешта добрае і не адкідваем яго тады, калі ён робіць нешта дрэннае.

Як нам паводзіць сябе ў сучасных беларускіх рэаліях? Узор для нас — гэта Ісус Хрыстос. Ён што, адкідаў ці выганяў грэшнікаў? Ён еў з мытнікамі. Так што, калі ён з імі еў, мытнік пераставаў быць мытнікам? Хрыстос прыходзіў, размаўляў і гэта прыводзіла іх да навяртання. Або давайце ўзгадаем гісторыю з блудніцай. Хрыстос абараніў яе, прапанаваўшы кінуць каменне ўсім тым, хто не меў у сабе граху. А з іншага боку, ён сказаў блудніцы: “Ідзі і больш не грашы”. Гэта тыя словы, якія чалавек чуе на споведзі ад самога Хрыста.

Бог прымае грэшнікаў. Але гэта не азначае, што я магу нейкім чынам грэх папулярызаваць. Калі чалавеку мала адной жанчыны і яму трэба цэлых тры, то што мы будзем апраўдваць гэта словамі “у яго такія схільнасці”? Тое ж самае адбываецца і з такой хваробай як клептаманія. Чалавек, які на яе хварэе, усё роўна крадзе. А гэта азначае, што ён мусіць з гэтага выпраўляцца. У любым выпадку, ёсць зло, якое робіцца. І мы не можам назваць любую схільнасць нормай.

Калі я паб’ю дзесьці чалавека за тое, што ён гомасексуаліст, то я буду злачынцам. Але калі ён прыйдзе ў царкву ці ў касцёл і стане прапаведаваць, я яго сам вазьму  і неталерантна выкіну з царквы. Я вымушаны забараніць яму прапагандаваць тыя погляды, якія супярэчаць Слову Божаму. І тут ужо нехта можа сказаць, што я не люблю яго. Я не яго не люблю, але я не люблю тое, што ён робіць. Я спавядаў не раз людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі. І я даваў адпушчэнне грахоў, таму што чалавек раскайваецца ў тым, што ён робіць.

Чаму ўзнікае столькі эмоцый вакол гэтай тэмы? Зараз пайшла тэндэнцыя навязвання. Я ж не хаджу і не крычу пра тое, што я жанаты і маю вялікую сям’ю. Але зараз такое ўражанне, што нам навязваюць прыняцце гэтай нормы. Не прыму. Ніколі. Грэх застанецца грахом. Назаўсёды. І ў гэтым ёсць закон Божы, а не мой ці нейкіх царкоўных аўтарытэтаў.

Калі казаць пра сітуацыю у Беларусі, то мяне здзіўляе наш беларускі так названы лібералізм і яго неталерантнасць. Лібералізм мусіць шанаваць усе погляды. Які гэта лібералізм, калі ён дапускае толькі тыя погляды, якія яму падабаюцца? Будзе гэта дыктатура тэакратыі, ці гэта будзе мусульманскі шарыят,  які забівае іншых за парушэнне закона Божага, ці гэта будзе лібералізм, які забівае маральна, — усё гэта той жа таталітарызм. А ўсё таму, што з’яўляецца так названы “фанатык”, які не мае зброі супраць гэтай сістэмы. Яго абвешваюць ярлыкам, выключаюць з медыйнай прасторы, баняць і троляць яго. Па сутнасці, такога чалавека наўпрост спрабуюць забіць. Таму няхай гэтыя лібералы вучацца культуры. Лібералізм – гэта плюралізм поглядаў, таму варта вучыцца шанаваць усе погляды.

Але хрысціян пераследуюць усюды. Здавалася б, у самых ліберальных краінах, такіх як Францыя і Англія, хрысціян дыскрымінуюць. І гэта факт. Таму я не здзіўляюся, што ў нашай такой падлеткавай ліберальнай сістэме, якая зараз ствараецца, праявы неталерантнасці ўжо існуюць. Я, як хрысціянін, маю права выказваць погляды, тым больш, гэта не мае асабістыя погляды і не погляды нейкай супольнасці ці сайта. Гэта погляды Царквы, у якой мільярды людзей. Калі я не прымаю гэтае меркаванне, значыць я разыходжуся з Царквой Хрыстовай. І гэта сур’ёзныя заявы, калі на хрысціян развешваюць ярлыкі нашкталт “вы гамафобы”. Я не баюся гомасексуалістаў. Але калі яны пачынаюць навязваць свае погляды, то я адразу будую дыстанцыю. Наўпрост на гэтую тэму дыскутаваць я не збіраюся. І не трэба абражаць маю Царкву, не трэба абражаць Хрыста, які быў дастаткова неталерантны ў адносінах да фарысеяў, мяркуючы па тых эпітэтах, якімі Ён іх называў. Сёння напэўна Хрыста выклікалі б у суд за такія словы. Але для мне ўзор — гэта Хрыстос, для кагосьці узор – гэта вялікі філосаф, які адначасовы быў і гомасексуалістам. Што ж, кожны сам для сябе абірае аўтарытэтаў, у гэтым і заключаецца свабода, пра якую і казаў Хрыстос.

Падрыхтавала Вікторыя Чаплева

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі