Пілігрымка Полацк-Будслаў-16: Выйсці на некалькі дзён са сваёй “нары” (фотарэпартаж)

Вернікі з парафіяў Полацка і Наваполацка – святога Андрэя Баболі і Найсвяцейшага Сэрца Езуса – 27 чэрвеня вырушылі ў пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

У шлях да святыні ў Будславе вырушылі амаль сто дарослых вернікаў, а таксама падлеткаў. Душпастырам пілігрымкі цягам шляху будзе кс. Вячаслаў Пялінак.

пілігрымка
Перш чым вырушыць у шлях, вернікі-пілігрымы і іх бацькі,  а таксама сваякі, якія прыйшлі іх праводзіць, сабраліся на Святой Імшы, падчас якой кс. Вячаслаў Пялінак прапанаваў у гаміліі глыбей асэнсаваць словы з Пісання аб тым, што звяры і птушкі маюць свае хованкі, адно Сын Чалавечы не мае дзе прытуліць галавы. Святар зрабіў акцэнт на тым, што гаворка ідзе не пра жытло, – наадварот, дамы людзей, згаданых у Евангеллі, вызначаюцца гасціннасцю, бо менавіта ў іх навучае Гасподзь, – а пра схованку, маральную “нару”, у якой чалавек можа адпачыць ад сяброў і знаёмых, ад соцыюму і наваколля. “Як ластаўкі перастаюць спяваць у вечары і занураюцца ў гнёзды, як звяры знікаюць пад лістотай і робяцца незаўважнымі, – так і Сын Чалавечы перыядычна імкнецца застацца сам-насам з Богам Айцом, але да Яго падыходзяць людзі ў патрэбах, і Ён вяртаецца да іх”, – было галоўнай думкай гаміліі.

пилигримка
Менавіта прыватная “нара”, па словах святара, з’яўляецца ладам жыцця чалавека, – “нара”, у якой можна схавацца ад размоваў, калі табе балюча, у якой не трэба рабіць выгляд, што твая сям’я бездакорная, што твае справы паспяховыя. Альтэрнатыву гэтай “нары” кс. Вячаслаў Пялінак прапанаваў знайсці ў пілігрымцы. “Так, пілігрымка – гэта толькі ўяўны адказ на Госпадава “Ідзі за мной”, бо мы ведаем, што праз 6 дзён вернемся да сваёй “нары”, дзе маем кухню, мікрахвалёўку, ванную”, – падкрэсліў святар, нагадаўшы, што адначасова пілігрымка – гэта не толькі часовая няўтульнасць, калі не ведаеш, ці знойдзеш месца для начавання, ці пад’ясі ўвечары, ці зможаш памыцца пасля спякотнага дня. Пілігрымка – гэта адкрытасць да Бога ва ўсім сваім сапраўдным, у шчырай недасканаласці, – менавіта гэта заклікаў святар адчуць усім сэрцам і прызнаць, калі не перад людзьмі, дык перад Богам, што жыццё складваецца не ідэальна, справы ідуць не лепшым чынам, сям’я – не без заганаў, а ў самім сабе шмат таго, што замінае быць добрым чалавекам.

На замацаванне пачутага кс. Вячаслаў Пялінак прапанаваў вернікам, перадаючы традыцыйны знак супакою падчас Імшы, не проста зрабіць дзяжурны жэст, а шчыра паабяцаць чалавеку, які стаіць побач: “Я буду маліцца за цябе”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі