За тыдзень да АГС у Брэсце верніка аштрафавалі за адмову браць у рукі зброю

калина

24 чэрвеня пасля разгляду апеляцыі Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле прысуд 21-гадоваму Сведкі Іеговы з Маларыцкага раёна Віктару Каліне, прызнанаму вінаватым ва ўхіленні ад прызыву на вайсковую службу. Рашэнне было вынесена за тыдзень да таго, як 1 ліпеня пачаў дзейнічаць закон аб альтэрнатыўнай службе.

Віктар Каліна на падставе сваіх рэлігійных перакананняў ужо два гады дамагаецца АГС. Суд Маскоўскага раёна Брэста ў верасні 2015 года апраўдаў Каліну, выявіўшы ў яго адсутнасць намеру ўхіліцца ад ваеннай службы, і прасіў даць яму магчымасць прайсці АГС. У лютым 2016 года Вярхоўны суд задаволіў пратэст пракуратуры на гэтае рашэнне і накіраваў справу на паўторны разгляд. І ў траўні суд вынес прама процілеглы вердыкт, аштрафаваўшы верніка на 21 млн рублёў. Пры гэтым суд не прыняў у разлік просьбу Каліны даць яму магчымасць прайсці АГС, матывуючы гэта тым, што на момант прызыву і разгляду справы закон аб АГС яшчэ не ўступіў у моц, перадае Deutsche Welle.

Па словах верніка, ён «гатовы быў прайсці альтэрнатыўную службу і выконваць любую грамадзянскую працу». «Разумееце, я ў Бібліі прачытаў такую ​​фразу: «Народ, які любіць Бога, не будзе вучыцца ваяваць». Гэтага прынцыпу я хачу прытрымлівацца: не браць у рукі зброю і ніякім чынам не датычыцца ваенных арганізацый. Аддаць доўг радзіме я гатовы, але толькі альтэрнатыўным чынам», — сказаў Віктар Каліна ў інтэрв’ю onliner.by.

Калі аспрэчыць прысуд у Беларусі не атрымаецца, плануецца падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, адзначыў прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Дзмітрый Чарных.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі