Магдалену Радзівіл прапануюць перапахаваць на тэрыторыі Чырвонага касцёла

radziwill (4)

Пахаваную ў Швейцарыі мецэнатку беларускага руху Магдалену Радзівіл (1861-1945) плануюць перапахаваць у Мінску на тэрыторыі Чырвонага касцёла, ля якога яна жыла ў Мінску. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі 6 ліпеня заявіў яе сваяк Мацей Радзівіл, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

На думку Мацея Радзівіла, у Мінску было б варта стварыць па прыкладзе іншых сталіц Еўропы нацыянальны пантэон дзеячоў, адносна якіх няма канфліктаў у грамадстве, якія любілі Беларусь і хацелі быць тут пахаванымі. Такое месца ён бачыць пры Чырвоным касцёле, дзе ўжо пахаваныя даследчык Гай Пікарда і палітык Эдвард Вайніловіч. Зараз плануецца перапахаваць і Магдалену Радзівіл.

“Яна бачыла сябе беларускай, падтрымлівала беларускія школы, культуру, палітычныя рухі. Падчас Першай сусветнай вайны хацела бачыць Беларусь незалежнай рэспублікай”, — адзначыў Мацей Радзівіл, нагадаўшы, што рабіць ёй гэта было няпроста ва ўмовах, калі большасць польскай і літвінскай шляхты марыла пра аднаўленне Рэчы Паспалітай.

7 ліпеня запланаваная сустрэча з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і пробашчам Чырвонага касцёла Уладзіславам Завальнюком на тэму магчымага перапахавання ў Мінску Магдалены Радзівіл. Мацей Радзівіл спадзяецца, што да канца года гэтае пытанне вырашыцца. Пры гэтым ён не хоча, каб перапахаванне не выклікала нейкія канфлікты ў беларускім грамадстве.

Ён прызнаў, што ў яе тастаменце нічога не гаворыцца пра месца, дзе б яна хацела быць пахаванай. Але дакумент быў напісаны ў 1943 годзе. “Мне падаецца, што ў той час ніхто нават не марыў, каб быць пахаваным у Мінску ці Нясвіжы, бо то быў найгоршы час Другой сусветнай вайны, і Беларусь была акупаваная немцамі”, — падкрэсліў Мацей Радзівіл.

“Магдалена Радзівіл – гэта жанчына-сімвал незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Яна марыла жыць у Мінску і не вельмі добра сябе адчувала ў Польшчы, асабліва ў 1930-я, калі, на жаль, польская ўлада забыла ідэі федэрацыі народаў старой Рэчы Паспалітай. І таму яна з’ехала ў Літву, а потым у Швейцарыю”, — сказаў ён, дадаўшы, што Швейцарыя на той час была самым бяспечным месцам у Еўропе.

Паводле яго, нашчадкі Магдалены Радзівіл ведаюць пра яе любоў да Беларусі і хацелі б, каб яна была пахаваная ў Мінску. Зараз яна пахаваная ў швейцарскім Фрыбургу побач з дачкой Марыяй Людвікай Красінскай і сваёй нямецкай сяброўкай. Дачку нашчадкі хочуць перапахаваць у родавай крыпце князёў Чартарыскіх у Сяняве (Польшча). А целы Магдалены Радзівіл разам з сяброўкай прапануецца перавезці ў Мінск.

“Мне падаецца важным для кожнага народу, каб значныя людзі ў гісторыі маглі вярнуцца ў сваю краіну пасля смерці”, — заявіў Мацей Радзівіл, дадаўшы, што Магдалена Радзівіл была вельмі веруючым чалавекам.

VK

Каментары





Блогі