У Друі на заканчэнне пленэра біскуп Буткевіч і Піт Паўлаў праспявалі «Тры чарапахі»

У Друі 24 ліпеня Святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, завяршыўся пленэр “Пачаткі-II”, – праект пробашча Троіцкай парафіі кс. Сяргея Сурыновіча, па запрашэнні якога гэтым разам у мурах кляштара на тыдзень пасяліліся 30 мастакаў – мэтраў і пачаткоўцаў.

Апошні дзень пленэра адначасова стаўся вернісажам – мастакі прадставілі як скончаныя працы, так і мноства эскізаў, якія з часам ператворацца ў паўнавартасныя палотны. Частка працаў засталася ў галерэі кляштара. Нягледзячы на ўмову  – пакінуць у кляштары адну карціну, – шмат хто з мастакоў пакідаў дзве ці тры працы ў якасці падзякі за гасціннасць гаспадара і створаную ім атмасферу натхнення.

Моцныя працы пакінулі ў кляштары Кацярына Говен, Уладзіслаў Пятручык, Павел Чарняўскі, Анастасія Міронцава, Вольга Сазыкіна, Дзмітрый Сурыновіч. Сярод здабыткаў кс. Сурыновіча – два ягоныя партрэты. Пісаць партрэты пробашча пачалі многія мастакі, – частка з іх будзе дапрацаваная ў мінскіх майстэрнях. Марта Шматава пабачыла Друю ў выглядзе дзяўчыны з сінімі косамі і чырвонымі каралямі, Алесь Пушкін намаляваў маштабную “Краіну Друю”: жывапісную мапу жывога паселішча, цэнтральныя персанажы якой – святар і мастак.

Напярэдадні вернісажа кс. Сурыновіч з шурупавёртам дапамагаў мастакам развешваць палотны, шукаючы для іх найлепшыя ракурсы. Увогуле, стварэнне значнай часткі эцюдаў не абыйшлося без парадаў пробашча, мэта якога – папулярызацыя Друі, яе духоўнага патэнцыялу і слаўнай мінуўшчыны.

За гадзіну да Імшы мастакі пераўвасобіліся – зніклі працоўныя камбінезоны, частка з творцаў засяродзілася на малітве. Біскуп Буткевіч прысвяціў сваю гамілію сэнсу малітвы “Ойча Наш”, кожнае слова якой набывае, калі ідзецца пра творчасць, асаблівы сэнс, а таксама засцярог ад празмернага захаплення плёнамі сваёй творчасці, нагадаўшы, што талент мастака – усяго толькі прылада Боскай рукі. Таксама біскуп Віцебскі падкрэсліў, што засяроджанасць на творах мастацтва, ператварэнне іх у самамэту, – набліжае да паганства, калі не натхняецца прагай праслаўляць Божую волю і Божую ласку.

Адразу пасля Імшы перад мастакамі і мясцовымі вернікамі выступілі майстры слова і музыкі – мінскі фолкавы калектыў “Рутвіца”, рок-музыка Піт Паўлаў і паэт Уладзімір Някляеў. У прыватнасці, біскуп Буткевіч і музыка Паўлаў разам выканалі пад гітару знакамітую песню «Тры чарапахі». Парафіяне вельмі эмацыйна прынялі выступ гасцей, але асаблівы ажыятаж выклікалі карціны: маладыя і сталыя вернікі захоплена аглядалі знаёмыя пабудовы і краявіды, дзівячыся гульні фарбаў і мастацкага ўяўлення творцаў.

Друйская калекцыя працаў будзе вандраваць па беларускіх залях. Летам жа наведвальнікі Друі, якіх у гэты час звычайна шмат,  змогуць наведваць сапраўдную галерэю, моцны і разнастайны змест якой ужо сёння можна параўноўваць з пляцоўкамі сучаснага мастацтва буйных гарадоў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі