Каталікі з Полацка вырушылі ў пілігрымку да росіцкіх пакутнікаў (фотарэпартаж)

Каталікі Віцебскай дыяцэзіі 2 жніўня вырушылі з Полацка ў пешую пілігрымку ў Росіцу ў Верхнядзвінскім раёне, каб 5 жніўня далучыцца да каталікоў з розных мясцінаў, што збяруцца ў росіцкім санктуарыі, каб ушанаваць памяць пакутнікаў, – ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, знішчаных нямецкімі карнікамі ў 1943 годзе.

73 гады таму каталіцкія святары адмовіліся скарыстацца прапановай нямецкіх жаўнераў пакінуць Росіцу і засталіся разам з вернікамі вёскі, якія неўзабаве былі жыўцом спаленыя ў пуні. Росіцкай трагедыі прысвечаныя гістарычныя даследванні кс. Вячаслава Пялінка і аповесць пісьменніцы Ірыны Жарнасек “Будзь воля Твая”.

Росіца
Звычайна ў Росіцу кіруюцца пілігрымкі з усіх беларускіх парафіях, у якіх працуюць манахі-марыяне, аднак гэтым разам з Полацка вырушыла зборная пілігрымка – вялкая частка актыўных вернікаў толькі ўначы вярнулася з Кракава з Сусветных дзён Моладзі. Каталікі розных узростаў, – пераважна, моладзь, – з Барысава, Жодзіна, Оршы, Мінска, Друі, – сабраліся ў Полацку. Душпастырам пілігрымкі стаў святар з Оршы – а. Аляксандр Жарнасек MIC.

Росіца

Перш чым пілігрымы са спевамі праслаўлення вырушылі ад полацкага касцёла святога Андрэя Баболі, адбылася Святая Імша, у гаміліі падчас якой святар прапанаваў паразважаць пра дарогу ў Пісанні – панятак, які стаўся неад’емнай часткай рэлігійнасці і веравызнання ад Абрагама, якому Гасподзь прапанаваў у пошуках еднасці з Небам пакінуць дом і рушыць у шлях.

“Таксама і Хрыстос увесь час знаходзіцца ў дарозе, Ён не прапаведуе ў адным і тым жа месцы”, – падкрэсліў святар. Яшчэ адзін аспект руху а. Аляксандр Жарнасек прапанаваў прааналізаваць на прыкладзе святога Пятра, які спачатку выказвае жаданне і гатоўнасць ісці да Госпада па вадзе, а пасля губляе пэўнасць у Ім і пачынае тануць. “Пётр не тоне, пакуль не адводзіць вачэй ад Госпада, і пачынае ісці на дно, калі пераключае ўвагу на ветры і хваляванне возера”, – падкрэсліў святар.

У першы вечар вернікі спыняцца на прыпынак у Дзісне, апошнім прыпынкам стане Верхнядзвінск. 5 жніўня ў 18.00 распачнецца Святая Імша для пілігрымаў, апоўначы – кульмінацыйная Святая Імша з працэсіяй праз усю вёску да месца, дзе знаходзілася пуня, у якой загінулі святары і жыхары Росіцы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі