Імя, што вымавіць нам гожа, альбо звалі яе Аўгуста

Августа
Прэзентацыяй першага перакладу Кнігі Псалмоў са старажытнагрэцкай мовы на беларускую, здзейсненага айцом Аляксандрам Надсанам, айчынная біблістыка 6 жніўня 2016 года распачала святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадруку.

Палову тысячагоддзя таму, у дзень свята Перамянення Госпада, Францішак Скарына выпусціў ў Празе з друку Псалтыр — першую кнігу ў гісторыі беларускага кнігадрукавання, што сталася сапраўдным Святам Перамянення нашай нацыі на шляху хрысціянства і цывілізаванасці.

Зварот Францішка Скарыны да перакладу і выдання біблійных кнігаў стаўся крыніцаю натхнення для многіх перакладчыкаў і кнігадрукароў. Лёс беларускай кнігі не быў простым: мы ведаем стагоддзі забаронаў і маўчання, часы пераследу, прыніжэнняў ды знявагаў.

Непасрэдна да Кнігі Псалмоў біблійныя перакладчыкі звярнуліся, галоўным чынам, ў другой палове ХХ стагоддзя. Нам вядомыя пераклады айца Уладзіслава Чарняўскага, спадара Васіля Сёмухі. Каталіцкая Царква мае свой пераклад гэтай біблійнай кнігі, які выкарыстоўваецца ў набажэнствах і змешчаны таксама ў выдадзенай Літургіі Гадзінаў. Вузкаму колу сучасных біблістаў вядомы таксама пераклад айца Язэпа Германовіча, рукапісы якога знаходзяцца ў бібліятэцы Францішка Скарыны ў Лондане.

У Новы Запавет, што пабачыў свет у 1931 годзе, уключаная старазапаветная Кніга Псалмоў. Гэты пераклад доўгі час быў безіменным. З артыкула даследчыка беларускай культуры Гая Пікарда “Нябёснае полымя: Досьлед пачаткаў беларускага перакладу Новага Запавету і Псальмаў (1931)” мы даведваемся, што нейкая спадарыня Розэнберг, незадоўга да смерці ў 1926 годзе, зрабіла варыянт перакладу Псалмоў на беларускую мову. Антон Луцкевіч быў датычны да рэдагавання гэтага перакладу.

Августа
“Ад працы спадарыні Розэнберг таксама не было вялікай карысці. Біблійнае Таварыства запыталася пра яе кваліфікацыю, і 14 снежня 1928 года Уайзман (службовец Брытанскага і Замежнага Біблійнага Таварыства Уільфрыд Джэймс Уайзман – С.С.) паведаміў, што ў 1925 годзе да яе «звярнуўся беларускі камітэт перакладу Бібліі, і яна скончыла колькі кнігаў Старога Запавету. Гэтая спадарыня ведае колькі моваў». Ён дадаў: «У Вільні ня будзе праблемаў з іўрытам, бо там жыве багата адукаваных габраяў. Мне сказалі, што, калі патрэбна, над Старым Запаветам могуць працаваць першакласныя спецыялісты, і прынамсі адзін з іх будзе дапамагаць пры выпраўленьні Псальмаў». Пераклад спадарыні Розэнберг быў незадавальняльны. Яе варыянт, пакінуты пастару Віту, мусіў «цалкам перапісаць спадар Луцкевіч».

Тым не менш пераклад Розэнберг пад рэдакцыяй Луцкевіча увайшоў у Новы Запавет, што пабачыў свет у 1931 годзе, а затым перадрукоўваўся ў 1948, 1985 і 1991 гадах.

З артыкула Гая Пікарда нам стае вядомым, што гэты пераклад здзяйсняла да сваёй смерці ў 1926 годзе Розэнберг, што гэта жанчына, што яна была віленскай габрэйкай.

Ці сапраўды яна была габрэйкай – гэта няпэўна, бо наўрад ці было б патрэбна Біблійнаму Таварыству Велікабрытаніі, што курыравала гэты пераклад і выданне кнігі, удакладняць звесткі пра яе кваліфікацыю, і ў адказе пачуць спасылку на дастатковую колькасць адукаваных габрэяў у Вільні, што ведалі іўрыт і маглі б здзейсніць гэтую працу. Тэарэтычна спадарыня Розэнберг не была габрэйкай па нацыянальнасці, а толькі, як сцвярджае Уайзман, ведала мовы.

Негледзячы на тое, што прозвішча перакладчыцы Розэнберг фігуруе ў артыкуле Гая Пікарда, яе імя заставалася таямніцаю да гэтага часу. Вызначыць яго дазволіў рукапіс, датаваны 1921 годам, які захоўваецца ў фондзе № 21 аддзела рукапісаў і старадрукаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы ў Вільні.

Рукапіс уяўляе сабою нявыдадзены падручнік на беларускай мове пад назваю “Прырода і чалавек: Кароткі курс прыродазнаўства для беларускай школы і хаты”. Падручнік складаецца з пяці частак. Частка 1: Аб жывёле. Частка 2: Аб расьлінах. Частка 3: Аб мінэралах. Частка 4: Аб чалавеку. Частка 5: Фізіка.

Аўтаркай рукапісу, што складаецца з 501 старонкі, з’яўляецца балцкая немка Аўгуста Розэнберг.

Што ж, магчыма гэта супадзенне; магчыма дзве спадарыні Розэнберг у 20-х, 30-х гадах ХХ стагоддзя так актыўна працавалі на ніве беларушчыны — як пачатковай адукацыі так і перакладу Божага Слова, але гэта малаверагодна.

Такім чынам, імя першай перакладчыцы Кнігі Псалмоў у ХХ стагоддзі, што вымавіць нам гожа, – Аўгуста Розэнберг.

 

Айцец Сяргей Сурыновіч, Друя

 

 

Літаратура

Gui Picarda. The Heavenli Fire: A Study of the Origins of the Bielorusian Neu Testament and Psalms (Божым Шляхам 1975. №1–2) || 1995. N 4. С. 152–175.

Рошчына, Т.I. Перамешчаныя беларускiя кнiгазборы: Бiблiятэка Радзiвiлаў (Нясвiж — Санкт-Пецярбург — Хельсiнкi) / Т.I. Рошчына // Выяўленне, сумеснае выкарыстанне i вяртанне архiўных, бiблiятэчных i музейных каштоўнасцей, якiя захоўваюцца ў замежных краiнах. – Мінск: БФК, 1999. – С. 282–288.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі