Еўрапейская народная партыя настойвае на выкананні Беларуссю рэкамендацый АБСЕ

доль

Старшыня найбуйнейшай у Еўропе Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), якая аб’ядноўвае хрысціянска-дэмакратычныя і правацэнтрысцкія партыі кантыненту і з’яўляецца “маторам еўрапейскай інтэграцыі”, еўрадэпутат Жазэф Доль на прэс-канферэнцыі ў Менску нагадаў пра неабходнасць выканання Беларуссю выбарчых рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ.

Паводле яго, стасункі з Беларуссю вельмі важныя для ЕНП. “І мы вітаем кожнае паляпшэнне стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам, бо Еўразвяз і Беларусь маюць шмат супольных інтарэсаў, асабліва ў тым, што тычыцца пытанняў бяспекі, геапалітыкі і зменаў у свеце”, — адзначыў ён, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

Жазэф Доль нагадаў, што Еўразвяз прадпрыняў шэраг крокаў, каб аднавіць стасункі з Беларуссю, але пытанні, якія выклікаюць “моцную заклапочанасць” ЕЗ, засталіся. “Парламенцкія выбары 11 верасня павінны быць рашучым этапам дзеля будавання адносінаў з Беларуссю. Гэтыя выбары павінны быць свабоднымі, справядлівымі, празрыстымі, мірнымі і гарантаваць роўнасць шанцаў для апазіцыі. На вялікі жаль, мне даводзіцца канстатаваць, што яны такімі зараз не з’яўляюцца”, — сказаў палітык.

Ён паведаміў пра наяўнасць хвалюючай інфармацыі з розных куткоў Беларусі адносна праблемаў, з якімі сутыкаюцца кандыдаты, і паабяцаў адсочваць кожны такі выпадак з вялікай увагай.

Доль: змены, якія адбыліся, не адпавядаюць фундаментальным рэкамендацыям АБСЕ

Старшыня ЕНП падкрэсліў важнасць прыняцця і рэалізацыі на практыцы рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, “якія былі сфармуляваныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года і якія, на жаль, не былі прынятыя”. Сярод найважнейшых ён назваў: свабодную дзейнасць незалежных СМІ, гарантыю доступу ўсім кандыдатам да СМІ, супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, празрысты падлік галасоў, адсутнасць злоўжыванняў падчас датэрміновага галасавання, вырашэнне праблем, якія тычацца складу выбарчых камісій, асабліва тых, што займаюцца падлікам галасоў.

“Мы бачым, што змены, якія адбыліся, не адпавядаюць фундаментальным рэкамендацыям АБСЕ. Праўда, ёсць толькі невялікае паляпшэнне паводле прамежкавай справаздачы АБСЕ ад 31 жніўня”, — сказаў Жазэф Доль, заявіўшы, што праца па рэфармаванні выбарчай сістэмы павінна працягвацца і пасля 11 верасня.

“Я паўтараю маю крэда, якое я кажу, калі прыязджаю ў любую краіну-суседку ЕС: гэта прававая дзяржава, незалежная судовая ўлада і змаганне супраць карупцыі. Без гэтых трох элементаў сюды не прыйдуць інвестары і немагчыма будзе забяспечыць лепшую будучыню для моладзі, якая з’едзе шукаць свае шанцы ў іншых краінах свету”, — заявіў ён.

Доль: нерэгістрацыя дэмакратычных партый недапушчальная

Таксама і смяротнае пакаранне з’яўляецца пытаннем вялікай заклапочанасці Еўрапейскай народнай партыі, як і агульная сітуацыя з правамі чалавека. “Новыя арышты палітычных актывістаў, якія адбыліся ў траўні, намі былі заўважаныя. Мы асабліва заклапочаныя лёсам Уладзіміра Кондруся, і мы пільна сочым за гэтай справай”, — дадаў еўрадэпутат.

Апроч таго, ён звярнуў увагу на нерэгістрацыю палітычных партый і няўрадавых арганізацый. “Недапушчальна, каб дэмакратычныя партыі сутыкаліся з такой колькасцю перашкодаў дзеля таго, каб удзельнічаць у палітычным жыцці. Вельмі часта без ясных на тое прычын і матывацый. У дадзеным выпадку прыклад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з’яўляецца вельмі выразным. Тое ж самае тычыцца рэгістрацыі няўрадавых арганізацый. Я гэта паўтараю ўвесь час: свабодная і актыўная грамадзянская супольнасць з’яўляецца падмуркам для развіцця дэмакратыі, гэтак жа сама як і свабода прэсы”, — сказаў Жазэф Доль.

Палітык выказаў падтрымку Правацэнтрысцкай кааліцыі, створанай Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, Рухам “За Свабоду” і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, бо “толькі праз салідарную і эфектыўную апазіцыю ёсць магчымасць стварыць для грамадзянаў альтэрнатыўны выбар”. Ён паабяцаў працягваць аказваць моцную падтрымку гэтай кааліцыі.

Доль: беларускі народ заслугоўвае празрыстыя і справядлівыя выбары

“Беларусь застаецца прыярытэтам у еўрапейскім парадку дня. Мы з увагай будзем вывучаць вынікі парламенцкіх выбараў 11 верасня. Мы папрасілі палітычныя партыі і няўрадавыя арганізацыі накіраваць справаздачы адносна таго, як яны працякалі. І мы будзем дзеля будучыні канструктыўна крытыкаваць тое, што адбылося. Беларускі народ, як і народ любой іншай краіны, заслугоўвае празрыстыя і справядлівыя выбары”, — сказаў ён.

Гэту інфармацыю плануецца актыўна выкарыстоўваць у Еўрапарламенце, Радзе Еўропы і АБСЕ, дзе ЕНП можа ўплываць на прыняцце рашэнняў. “І ўладам давядзецца адказваць на гэтую крытыку”, — сказаў палітык, дадаўшы, што выступае супраць санкцый, але за дыялог.

Візіт Жазэфа Доля ў Беларусь праходзіў 1-2 верасня. Падчас яго адбыліся сустрэчы з намесніцай міністра замежных спраў Аленай Купчынай і намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Валерыем Міцкевічам. Таксама еўрадэпутат сустрэўся з партнёрскімі партыямі і арганізацыямі Беларусі — АГП, ПБНФ, РЗС, БХД і рэштай апазіцыі, праваабаронцамі, моладзевымі арганізацыямі і грамадзянскай супольнасцю, наведаў правацэнтрысцкія пікеты на акругах кандыдатаў ад БХД.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі