У Чырвоным касцёле адчынілася выстава да юбілею хросту Польшчы

sam_7766

26 верасня ў Мінскім Чырвоным касцёле адчынілася выстава, прысвечаная 1050-годдзю хрышчэння Польшчы. На ўрачыстай імшы падзякі за дар хросту краіне прысутнічалі амбасадар Польшчы Конрад Паўлік, прадстаўнікі Чэшскай і Славацкай амбасадаў.

sam_7765

“Не так даўно юбілеі хросту сваіх краін адзначалі Літва і Латвія, — прамовіў ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк. — Важным чынам для кожнай з еўрапейскіх краін з’яўляецца станаўленне дзяржаўнасці і здабыццё незалежнасці. А другім па значэнні фактарам з’яднання народа з’яўляецца прыняццё хросту. Дух Святы адкрывае народам вочы і розум, распачынае глыбокую асветніцкую і адукацыйную працу. Фарміруюцца дзяржаўныя інстытуцыі, касцёлы і цэрквы, ствараюцца бібліятэкі і ўніверсітэты.

Суседняя нам Польшча мае вялікі плён у дзейнасці такіх асобаў, як Папа Ян Павел II, які наведаў 126 краін свету падчас свайго пантыфікату, кардынал Стэфан Вышынскі, сястра Фаўстына Кавальская, заснавальніца культу Божай Міласэрнасці, святар і выдавец хрысціянскіх часопісаў Максімільян Кольбе і іншыя”.

Датай прыняцця краінай хросту лічыцца дзень хрышчэння князя Мешкі I, членаў яго сям’і і эліты краіны. Хрышчэнне простых людзей было працяглым працэсам.

Па якой прычыне і якім чынам прыняў хрост ў 966 годзе князь Мешка I? На гэтыя пытанні адказвае пазнавальная гістарычная прэзентацыя на 10 палотнах, разгорнутая ў сцянах Чырвонага касцёла.

Князя, які да гэтага быў паганцам і пакланяўся розным багам, уразілі поспехі суседніх хрысціянскіх дзяржаў. Уплывала мураваная архітэктура, прыгажосць літургіі, багатае аздабленне хрысціянскіх храмаў. Ён даверыўся магутнай моцы хрысціянскага Бога. Князя Мешку I у баптыстэрыі праз трохкратнае пагружэнне хрысціў біскуп, які пасля ажыццявіў памазанне новага верніка, крэслячы алеем знак крыжа на ілбе. Пасля ўрачыстасцяў князь з жонкай і дружынай адправіліся на пір. “Мesco dux baptizatur” (“Князь Мешка ахрышчаны”) было запісна на латыні ў старажытным летапісе ХII стагоддзя.

Гістарычная традыцыя прыпісвае важную ролю ў хрысціянізацыі князя і яго асяроддзя яго жонцы Дубраўцы з чэшскага роду Пржамыславічаў. У 965 годзе яна выйшла замуж за Мешку і замацавала чэшска-польскі саюз. У Мешкі і Дубраўкі нарадзіліся сын Баляслаў, які стаў польскім каралём, і дачка Святаслава-Сігрыд, якая стала каралевай Швецыі і Даніі.sam_7772

Панаванне Мешкі I і яго сына Баляслава Храбрага было перыядам аб’яднання польскіх плямёнаў і закладання асноў цэнтралізаванай дзяржавы, з якой пачалі лічыцца на міжнароднай арэне.

Мешка I з роду Пястаў, быў мудрым валадаром, які заключыў саюз з Чэхіяй, прыняў хрысціянства і наладзіў дыпламатычныя адносіны з імператарам Отанам I. Ён змог перамагчы валінян і саксонскага маркграфа Одана. Чарговым яго поспехам стала прыбыццё ў краіну першага біскупа ў 968 годзе. Князь спансіраваў будаўніцтва касцёлаў у сваёй дзяржаве.

На ўрачыстай імшы ксёндз-пробашч У.Завальнюк засяродзіўся на неабходнасці не толькі прыняць аднойчы сакрамэнт хросту, але і застацца верным Хрысту на ўсё жыццё, што патрабуе мужнасці і стойкасці, але дае багатыя духоўныя плады як асобным людзям, так і цэлым народам. Хрысціянская вера паспрыяла развіццю асветы, культуры, мастацтва і архітэктуры як ў Польшчы, так і ва ўсёй Еўропе.

Эла Дзвінская

На здымках:

Частка гістарычнай экспазіцыі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі