Хрысціянскія дэмакраты выйшлі на першае месца на выбарах у Літве

partijos-pavadinimas

У першым туры парламенцкіх выбараў у Літве, які прайшоў 9 кастрычніка, перамагае партыя “Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты”. У Літве з 141 дэпутата Сейма 71 абіраецца ў аднамандантных акругах, 70 — у агульнанацыянальнай выбарчай акрузе на падставе прапарцыянальнага прадстаўніцтва. Прахадны бар’ер для партый — 5%, для кааліцый — 8%.

СА-ЛХД набірае 21,63% галасоў і атрымлівае 20 дэпутацкіх мандатаў. Услед за ёй ідзе Саюз сялян і зялёных Літвы (21,57% і 19 месцаў). Трэцяе месца ў кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы (14,45% і 13 месцаў), чацвёртае — у Ліберальнага руху Літоўскай Рэспублікі (9,02% і 8 месцаў). Па пяць дэпутатаў у Выбарчай акцыі палякаў Літвы — Саюза хрысціянскіх сем’яў (5,49%) і партыі «Парадак і справядлівасць».

Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы і Саюз сялян і зялёных Літвы застануцца галоўнымі супернікамі і ў другім туры на выбарах у аднамандатных акругах: у СА — ЛХД 42 кандыдаты, у СКЗЛ — 40. На трэцім месцы — Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы, у якой у другім туры будзе 21 кандыдат, на чацвёртым – Ліберальны рух з 12 кандыдатамі.

Таксама ў другі тур выйшлі пяць кандыдатаў Партыі працы, пяцёра самавылучэнцаў, чатыры прадстаўнікі партыі «Парадак і справядлівасць», у Выбарчай акцыі палякаў Літвы — Саюза хрысціянскіх сем’яў і Літоўскага саюза волі (лібералы) — па два. У «Спіса Літвы», Літоўскай партыі зялёных і Антыкарупцыйнай кааліцыі Н. Пуцейкіса і К. Крывіцкаса (Літоўская партыя цэнтра, Літоўская партыя пенсіянераў) — па адным.

У трох акругах ужо ў першым туры выбараў перамаглі два кандыдаты Выбарчай акцыі палякаў Літвы — Саюза хрысціянскіх сем’яў і адзін кандыдат ад Саюза Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты.

Другі тур адбудзецца 23 кастрычніка.

Па выніках выбараў 2012 года большасць месцаў — 38 заваявала СДПЛ. У СА-ЛХД было 33 мандаты.

фота tsajunga.lt

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі