У Яраслаўлі памёр першы ў БССР грэка-каталіцкі святар Віктар Данілаў

Данилов
У расійскім Яраслаўлі ва ўзросце 89-і гадоў раніцай 7 снежня памёр грэка-каталіцкі святар Віктар Данілаў, які стаяў у 1990-ых гадах ля вытокаў адраджэння грэка-каталіцтва ў Гродне, протапрэсвітар, дэкан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, багаслоў, перакладчык, рэлігійны дысідэнт, вязень сталінскіх лагераў.

Віктар Данілаў нарадзіўся ў Яраслаўлі ў 1927 годзе ў сям’і лекараў. У 1947 годзе паступіў у Яраслаўскі педагагічны інстытут.

У 1948 годзе быў арыштаваны за свае крытычныя выказванні пра Сталіна і абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі, асуджаны па артыкулах 58-10 і 58-11 КК РСФСР на 10 гадоў, тэрмін адбываў у Мінлагу, у пасёлку Інта ў Комі АССР. За падрыхтоўку ўцёкаў атрымаў паўторную судзімасць тэрмінам на 10 гадоў. За час знаходжання ў няволі пазнаёміўся са зняволенымі-святарамі, пераасэнсаваў свае пазіцыі, адмовіўся ад марксізму і атэізму і прыняў каталіцызм. У 1955 годзе быў вызвалены па амністыі. Праз некаторы час быў цалкам рэабілітаваны.

Са снежня 1955 года працягнуў навучанне на гістарычным факультэце Яраслаўскага педагагічнага інстытута. Аднак пасля заканчэння дыплом яму спачатку не выдалі па той прычыне, што ён быў актыўным каталіком, пра што адміністрацыі інстытута стала вядома з даносу. Толькі настойлівасць Данілава, яго афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамі аб рэлігійнай дыскрымінацыі дазволілі, ва ўмовах «хрушчоўскай адлігі», адстаяць свае правы і атрымаць дыплом. Але ўладкавацца па спецыяльнасці Данілаў не змог, і з 1959 года працаваў электрамантажнікам.

У 1960 годзе пераехаў ў Вільню, у 1963 году скончыў Маскоўскі фінансава-эканамічны тэхнікум, атрымаўшы спецыяльнасць «эканаміст-фінансіст», ў 1967 годзе пераехаў у Гродна, дзе ў падполле заняўся місіянерскай дзейнасцю. Двойчы падвяргаўся ператрусам, выклікаўся на допыты.

У пачатку 1970-х гадоў атрымаў прапанову вучыцца на святара візантыйскага абраду. У 1976 годзе ў Львове быў таемна пасвечаны ў святары мітрапалітам Уладзімірам Стернюком.

Вярнуўся ў Гродна, стаўшы першым грэка-каталіцкім святаром, пісаў рэлігійныя працы для самвыдату.

З 1992 года легальны святар грэка-каталіцкай парафіі ў Гродне. Выкладаў у гарадзенскіх дзяржаўных навучальных установах асновы рэлігіі, а ў каталіцкім катэхетычным інстытуце — багаслоўскія дысцыпліны.

Працаваў у гродзенскім абласным таварыстве «Веды» лектарам па рэлігійнай тэматыцы, выступаў па абласным радыё з лекцыямі на рэлігійныя тэмы.

У 1999 годзе быў пастаўлены дэканам грэка-каталіцкай царквы і узведзены ў протапрэсвітары.

Быў ганараваны Папам Янам Паўлам II ўзнагародай Крыж «За заслугі перад Касцёлам і Папам».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі