Еўрапарламент узначаліў італьянскі манархіст Таяні

53-гадовы італьянец Антоніё Таяні абраны 17 студзеня старшынёй Еўрапарламента, замяніўшы на гэтай пасадзе нямецкага сацыяліста Марціна Шульца. Кандыдат ад правацэнтрысцкай Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) набраў у апошнім чацвёртым раўндзе 351 голас пры неабходных 346-і.

Членамі ЕНП таксама з’яўляюцца кіраўнікі Еўракамісіі і Рады ЕС Жан-Клод Юнкер і Дональд Туск. Такім чынам, правацэнтрысты кантралююць цяпер асноўныя галіны ўлады ў ЕС.

Другое месца на выбарах кіраўніка Еўрапарламента ў іншага італьянца — сацыяліста Джані Пітэлы, які заручыўся 282 галасамі. Усяго ў выбарах бралі ўдзел шэсць кандыдатаў.

Антоніё Таяні да гэтага займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі.

У маладосці Антоніе Таяні быў членам Манархічнай партыі Італіі. Хоць з 1994 года ён з’яўляецца членам правацэнтрысцкай партыі «Наперад, Італія!» (У 2009-2013 гадах партыі — «Народ свабоды»), ён яшчэ ў 2002 годзе выступаў за вяртанне ў Італію выгнанай Савойскай дынастыі.

У першым кабінеце Сільвіё Берлусконі (1994-1995) Таяні быў яго прэс-сакратаром. З 2002 года з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай народнай партыі. У 2008-2010 гадах быў еўракамісарам па пытаннях транспарту, 2010-2014 — прамысловасці і прадпрымальніцтва.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі