“Радыё Марыя” можа запрацаваць у поўным фармаце ў сярэдзіне лютага

alaksandar ulas

Беларускае каталіцкае “Радыё Марыя” можа пачаць поўнафарматную працу ўжо ў сярэдзіне лютага. Пра гэта 28 студзеня ў мінскім касцёле Святой Троіцы (святога Роха) падчас сустрэчы ў межах каталіцкага Душпастырства журналістаў распавёў праграмны дырэктар радыё ксёндз Аляксандр Улас. “Прынамсі, будзем старацца”, — адзначыў святар.

Тэставая версія “Радыё Марыя”, заявіў ён, па сутнасці ўжо выканала сваю ролю, бо ўсе пастаўленыя для яе задачы былі дасягнутыя – працуе сайт, ёсць запас матэрыялаў. “Так што, чакаем вырашэння тэхнічных спраў і можам пачынаць”, — падкрэсліў праграмны дырэктар, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

Паводле святара, зараз стаіць задача паставіць у Беларусь усё неабходнае для працы радыё абсталяванне і падрыхтаваць студыю, а таксама правесці навучанне валанцёраў. Пры гэтым ён адзначыў, што валанцёраў трэба ў тым ліку навучыць публічным выступам. “Гэтаму не вучаць у школе, не вучаць у інстытуце і на працы”, — падкрэсліў Аляксандр Улас.

Пры гэтым святар адзначыў, што радыё будзе выходзіць выключна ў інтэрнэце, бо атрымаць радыё-частату “канкрэтна сказалі, што гэта нерэальна”. З цяжкасцяў, якія паўстаюць у сувязі з гэтым перад “Радыё Марыя”, кс. Аляксандр адзначыў тое, што старэйшае пакаленне, якое ў асноўным і з’яўляецца слухачом радыё ў Беларусі, па розных прычынах мала карыстаецца інтэрнэтам. “Таму перад намі і валанцёрамі, якія ў нас, дай Божа, з’явяцца, стаіць задача вучыць карыстацца інтэрнэтам”, — мяркуе святар.

“Радыё Марыя”, вядома, мае каталіцкі кірунак, але гэта, перш за ўсё, хрысціянскае радыё. Свой падмурак яно базуе на хрысціянстве. Таму там будуць і агульнахрысціянскія праграмы. І рабіць іх, і весці могуць таксама неабавязкова каталікі. Тым больш, што ў іншых краінах на “Радыё Марыя” вельмі часта працуюць прадстаўнікі іншых канфесій”, — дадаў праграмны дырэктар радыё.

Вяшчанне будзе весціся на беларускай мове і будзе падзеленае на тры галоўныя часткі: малітва, катэхізацыя і сацыяльны аспект, звязаны перадусім з маральнымі пытаннямі, напрыклад, пытаннем абортаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі