17 лютага нарадзіўся святар і вязень ГУЛАГу Ян Вярсоцкі

163976_600

17 лютага 1888 года ў Гальшанах Ашмянскага павету (цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці) нарадзіўся святар, сябра БХДЗ, вязень ГУЛАГу Ян Вярсоцкі.

У 1904—1908 вучыўся ў Ашмянскай гарадской вучэльні. 6 красавіка 1909 здаў іспыт на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі.

У 1910—1915 вучыўся ў Духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе дзейнічаў вядомы гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў. Там пазнаёміўся з будучымі лідарамі БХД – ксяндзамі Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Уладзіславам Талочкам, Люцыянам Хвецькам, айцом Фабіянам Абрантовічам ды іншымі.

У 1915 пасвечаны ў святары. Служыў вікарыем парафій Святой Тройцы ў Мінску і Смаленску. Удзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску, 24-25 траўня 1917. Адзін з заснавальнікаў БХДЗ, чалец Саюза ксяндзоў-беларусаў.

З 1919-га адміністратар парафіі Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губерні. 8 жніўня 1927 арыштаваны АДПУ. Прысуджаны да трох гадоў лагераў. З 1 студзеня 1928 — на Салаўках. На супрацу з бальшавікамі не ішоў, мужна захоўваў годнасць святара у лагерных умовах, дапамагаў зняволеным.

Пасля сканчэння тэрміну зняволення зноў арыштаваны і высланы ў Алма-Ату (Казахстан). У высылцы арыштаваны чарговы раз. 11 снежня 1937 прысуджаны да смяротнага пакарання.

Расстраляны ў турме НКУС.

Павел Севярынец, BCHD.INFO

VK

Каментары





Блогі