Біскуп Станеўскі: Абвяшчаць Евангелле – абавязак усіх вернікаў

Станеўскі

Заданнем на будучыню павінен стаць перазапуск мыслення людзей. Пра гэта ў інтэрв’ю з нагоды трэцяй гадавіны свайго біскупскага служэння заявіў дапаможны біскуп Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

“Хлеб мы маем і да хлеба таксама, таму трэба звярнуць увагу на духоўныя справы, на выхаванне дзяцей і моладзі, на тое, каб у нашым паўсядзённым жыцці, у размове з іншым чалавекам было больш дабрыні, любові, мяккасці. Каб кожны, згодна з апостальскім пасланнем “Ідзіце і абвяшчайце свету Добрую Навіну”, на працы, на вучобе ці на лаўцы каля дома прамаўляў хаця б па адным слове з Евангелля (патроху, з дня ў дзень, каб гэта не адштурхоўвала, не было назойлівым). Наш свет і грамадства, бясспрэчна, змяніліся б у лепшы бок”, — заявіў ён, паведамляе “Слова Жыцця”.

Паводле яго, важна, каб людзі не баяліся “затрымаць пастыра, што праходзіць побач, і пра нешта спытацца”. “Гэта і нас мабілізуе да таго, каб часцей спыняліся каля сваіх вернікаў”, — адзначыў біскуп.

Іерарх таксама заявіў, што ў беларускім грамадстве шмат згубленых авечак, многія з якіх хоць “выглядаюць прыгожа і молада, маюць рахунак у банку і аўтамабіль”, але, “калі паглядзець на іх праз прызму Евангелля, навукі Хрыста і Божых запаведзей, можна заўважыць, што часам людзі, якімі мы захапляемся і якім нярэдка зайздросцім, з’яўляюцца менавіта тымі згубленымі авечкамі”.

“Часам, канешне, хочацца, каб пасля аднаго казання ці катэхезы сотня або нават тысяча чалавек адразу навярнулася. Аднак у такой сітуацыі найлепшым настаўнікам і паказальнікам з’яўляецца Пан, які ідзе па адну авечку, каб вярнуць яе. Кожны чалавек мае сваю дарогу да Бога, асабліва калі ён ужо быў на гэтай дарозе, але сышоў з яе. Трэба, каб ён не баяўся вярнуцца на шлях, які, на жаль, не заўсёды лёгкі, не заўсёды высланы ружамі. Трэба, каб зразумеў, што на Божым шляху душа знаходзіцца ў бяспецы, і чалавек ніколі не застанецца ў адзіноце, паколькі Хрыстос вядзе яго”, — дадаў Юзаф Станеўскі.

Па словах біскупа, скіроўваючы чалавека да дабра, трэба быць з ім, прысвячаць час, каб бачыў, што патрэбны, важны, што пра яго клапоцяцца. “І гэта вялікае заданне і выклік для кожнага душпастыра, а асабліва для адказнага за маладых людзей”, — падкрэсліў ён.

Таксама, сказаў іерарх, заданне старэйшага пакалення адносна будучыні новага пакалення заключаецца ў тым, каб не падаваць дрэннага прыкладу грахом. “Тады ў нас будзе цудоўнае маладое пакаленне, якому можна будзе даручыць і Касцёл, і дзяржаву, і лёс народа. Трэба клапаціцца пра гэтыя зярняты, пра будучыню, якой з’яўляюцца моладзь і дзеці”, — заявіў ён.

“Ёсць шмат людзей, якія прыходзяць у касцёл. Але шмат і тых, якія паказваюцца ў святыні час ад часу ці ўвогуле не наведваюць яе – з’яўляюцца ананімнымі католікамі. Таму неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб кожны чалавек адчуў сябе ў Касцёле не толькі патрэбным, але і прысутным. Гэта значыць, што вернік павінен атрымаць голас, каб не толькі адказваць: “І з духам тваім”, “Змілуйся над намі”. Чалавек сёння хоча гаварыць пра адносіны з Богам сваімі словамі. Важна заахвоціць яго да асабістай малітвы”, — адзначыў біскуп.

VK

Каментары





Блогі