У Мінску прайшла публічная лекцыя пра беларускі лёс Бібліі (фотарэпартаж)

У суботні дзень 11 сакавіка, у час, найбольш прыдатны для шопінга, а не для слухання акадэмічнай лекцыі пра прыроду Бібліі, у галерэі TUT.BY процьма народу сабралася, каб слухаць каталіцкага святара-бібліста кс. Сяргея Сурыновіча, які служыць у парафіі ў Друі.

Лекцыя ўмоўна дзялілася на дзве часткі – у першай спікер распавёў пра крыніцы, якімі цягам стагоддзяў карысталіся перакладчыкі Бібліі, у другой – падрабязна спыніўся на паслядоўнасці і стваральніках беларускіх перакладаў Пісання, колькасці і імёны якіх для многіх застаюцца невядомай старонкай гісторыі.

Суринович
Заместа запланаваных трох гадзінаў лекцыя цягнулася чатыры, – з невялікай паўзай на выступленне музыкаў, Вольгі Акуліч і Наталлі Нікіцінай, у сумесным рэпертуары якіх ёсць і песні на вершы кс. Сурыновіча. “Прыўкрасная”, – ахарактарызаваў лекцыю паэт Уладзімір Някляеў.

Сярод слухачоў былі зусім розныя людзі – ад слыннага фотамастака Сяргея Гудзіліна, да маладых людзей, якія старанна канспектавалі ўсю лекцыю, зусім як на універсітэцкай пары. Не абыйшлося без спрэчак аб літвінах і беларусах, традыцыйных для айчыннай прасторы мыслення. Прыйшлі паслухаць пра Біблію і святары.

лекция
Падводзячы вынікі лекцыі, Таццяна Бембель, спікер праекта “Лекторыум”, які стала працуе на тутбаеўскай пляцоўцы, падкрэсліла важнасць самога факту выхада чалавека ў сане на межканфесійную свецкую аўдыторыю з тэмай, актуальнай не толькі ў рэлігійным вымярэнні.

Працягам праекта, на думку Таццяны Бембель, можа стаць арганізацыя ў Друю, пра якую красамоўна распавёў кс. Сурыновіч, вандровак інтэлектуалаў, асабліва – у час “Скарынэру”, запланаванага на лета трэцяга друйскага мастацкага пленэра, які гэтым разам будзе прысвечаны асобе і часу Францішка Скарыны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі