«Веруючы фрылансер — гэта страшная ерась» — Андрэй Паўлючык

pauluczyk1

Амаль палову свайго жыцця бацька трох сыноў, семінарыст, а па свецкай адукацыі фельчар-акушэр з Брэста Андрэй Паўлючык прысвяціў служэнню Госпаду. Мужчына быў місіянерам, біблейскім работнікам, пастарам царквы хрысціян адвентыстаў Сёмага дня, а зараз з’яўляецца кіраўніком брэсцкай рэфармацкай царквы. Таксама евангельскі святар збірае пераклады Бібліі на розных мовах. У дамашняй бібліятэкі служыцеля маюцца асобнікі як на беларускай, так і на такіх экзатычных для нашай краіны мовах, як эфіёпская ці арабская. У жыцці Андрэя былі перыяду ўзлёту і зацяжнога расчаравання. Як не здацца і знайсці правільны жыццёвы шлях або як мяняюцца арыенціры — пра гэта і многае іншае карэспандэнту Krynica.info ў сваёй ўтульнай кватэрцы распавёў рэфармат Андрэй Паўлючык.

— Шлях да Бога, якім ён быў у вас?

— Нарадзіўся ў няверуючай сям’і, таму тэма рэлігіі да пачатку дзевяностых ніколі не падымалася ў маім доме. Пасля развалу Савецкага Саюза першы пабудаваны храм у горадзе аказаўся праваслаўны. Заходзіў у яго ў рэлігійныя святы. Аднойчы бацька напісаў ліст у адну хрысціянскую місію і яму даслалі Новы запавет — блакітны, у мяккай вокладцы (як цяпер памятаю). Падоранае Евангелле я ўзяў з сабой, калі паехаў вучыцца ў іншы горад на медыцынскага работніка, але чытаў яго рэдка. Канчаткова я паверыў у Бога, калі пазнаёміўся з адным веруючым чалавекам, які запрашаў да сябе ў госці. Мне падабалася з ім гутарыць на тэмы аб медыцыне і сэнсе жыцця. Праз час ён запрасіў мяне наведаць сваю царкву — хрысціян адвентыстаў Сёмага дня. Зразумела, прыйшоў я ў царкву не адразу. Гэта здарылася ў адзін з вечароў, калі я з сябрам хацеў пасядзець у бары і расслабіцца. Бар быў налева, а направа знаходзілася царква, у якую мяне запрашалі. Нечакана для сябе, я прапанаваў сябру зайсці ў яе. Ён пагадзіўся. З тых часоў і пачаўся мой духоўны рост і набліжэнне да Бога.

pauluczyk

— Што вас так прывабіла ў евангельскай царкве?

— У яе знешнім выглядзе дакладна не было нічога прывабнага: стары будынак былога швейнага цэха, падлога была дзе-нідзе пакрытая дошкамі. Мяне прывабілі вернікі і іх стаўленне да мяне: яны адразу звярнулі на нас увагу, шмат хто падыходзіў і знаёміўся, задавалі шмат пытанняў. Ужо на наступным святочным богаслужэнні, я зразумеў, што гэта мая сям’я. Мне тут спадабалася, і я захацеў застацца.

— Ваш духоўны рост не быў павольным: за кароткі тэрмін званне верніка вы змянілі на званне пастара.

— Сапраўды, праз некаторы час пасля прыходу ў царкву я адчуў велізарнае жаданне вучыцца ў семінарыі і стаць служыцелем. На працягу чатырох гадоў я выношваў гэтую думку, а потым Бог выканаў маю мару: я паехаў місіянерам ў Магілёўскую вобласць, у горад Горкі. Менавіта там і пачалося маё служэнне Госпаду. Спачатку я быў місіянерам, потым біблейскім работнікам, а ўжо потым пастарам. У ролі апошняга я быў больш за дзесяць гадоў у пяці розных супольнасцях.

pauluczyk

— У пратэстантызме існуе шмат розных плыняў. Раскажыце, хто такія адвентысты і чым яны адрозніваюцца ад іншых евангельскіх супольнасцей?

— Адвентызм — гэта неапратэстанцкая плынь, якая пераасэнсоўвае многія тэксты Старога запавету і ў нейкай меры займаецца збліжэннем юдаізму і хрысціянства ў некаторых аспектах. Сярод важных знешніх характарыстык адвентызму: днём пакланення Богу лічыцца субота, а таксама строга забараняецца спажываць нячыстую ежу. Па-іншаму, нельга быць адвентыстам, і пры гэтым парушаць суботу і есці свініну. У адвентыстаў таксама ёсць свой погляд на будучыя падзеі. Гэту плынь характарызуе пропаведзь аб хуткім прыходзе Хрыста і падрыхтоўцы вернікаў да гэтага моманту. Богаслужэнне дзеліцца на дзве часткі: першая праходзіць у фармаце дыялогу адно з адным, другая — пастарскага маналогу.

Чаму вы сышлі з Адвентысцкай Царквы?

— Багаслоўская адукацыя і чытанне адпаведнай літаратуры прымусілі мяне засумнявацца ў адвентысцкай інтэрпрэтацыі пэўных тэкстаў Святога пісання. У рэшце рэшт, я зразумеў, што не магу вучыць людзей таму, чаму сам не веру. Я стараюся быць сумленным перад сабой і Царквою, таму, у рэшце рэшт, палічыў за лепшае пакінуць служэнне ў ёй.

— Вы пераасэнсавалі некаторыя багаслоўскія вучэнні адвентыстаў, але не расчараваліся ці вы ў хрысціянстве і веры ў Бога ў цэлым. Вашыя пошукі прадоўжыліся?

pauluczyk6

— Пасля сыходу з царквы мае пошукі сталі больш радыкальнымі. Я стаў бачыць вялiкую колькасць недахопаў (гэта біч кожнай царквы). У гэты перыяд я падсеў на ідэю, якую цяпер лічу вельмі небяспечнай: веруючы фрылансер — гэта калі хрысціянін не належыць да пэўнай Царквы. Толькі цяпер я разумею, што мне трэба было прайсці гэты шлях расчаравання, каб зразумець, што кожнаму хрысціяніну, які вызнае імя Ісуса Хрыста, трэба быць не толькі часткай канкрэтнай царквы, але і займацца актыўным служэннем ў ёй. І гэта нармальна, калі ў царкве ёсць праблемы — усе мы не дасканалыя. Галоўнае глядзець на Бога, а не людзей.

Толькі цяпер я разумею, што мне трэба было прайсці гэты шлях расчаравання, каб выразна зразумець, што кожнаму хрысціяніну, які вызнае імя Ісуса Хрыста, трэба быць не толькі часткай канкрэтнай царквы, але і займацца актыўным служэннем ў ёй. І гэта нармальна, калі ў царкве ёсць праблемы — усе мы не дасканалыя. Галоўнае глядзець на Бога, а не людзей.

pauluczyk4

Якім чынам прыйшло разуменне, што Бог хоча вас бачыць у Рэфармацкай Царкве?

— Рэфармацкая Царква — гэта традыцыйны пратэстантызм, які даўно мяне прыцягваў. Памятаю, як мне было цікава праслухоўваць курс па гістарычнай літургіцы яшчэ да таго, як я сышоў з адвентыстаў. І я зразумеў, што мне блізкая ідэя, што набажэнства павінна быць у фармаце канкрэтна выбудаванага пакланення Богу. Я пачаў разважаць над літургічнымі пытаннямі. Шукаць адказ на пытанні, якія раней адкідваў: пытанні аб Божым провідзе, Божым усеўладдзі і свабодзе чалавека. Так я прыйшоў у Рэфармацкую Царкву.

– Наколькі распаўсюджаны традыцыйны пратэстантызм у нашай краіне?

— Рэфармацкіх цэркваў у Беларусі няшмат. Справа ў тым, што некаторыя неапратэстанты лічаць, што традыцыйныя рэфарматары пачалі сваё рэфармаванне, але так яго і не скончылі. Наогул Рэфармацкая Царква для тых, хто зразумеў, што ў неапратэстантызме шмат слоў, але мала багаслоўя. Як правіла, такую царкву наведваюць больш адукаваныя хрысціяне. У нашай краіне пакуль існуе тры рэфармацкія абшчыны: дзве ў Мінску, адна ў Магілёве. Чацвёртая хутка адкрыецца ў Брэсце.

pauluczyk2

Наш час адрозніваецца вялікай колькасцю тэалагічнага вучэння. Калі чалавек знаходзіцца ў пошуках, як яму не расчаравацца ў Царкве і не памыліцца ў сваім выбары?

— Лічу, што вызначальнымі рэчамі ў жыцці хрысціяніна з’яўляюцца асабістая малітва і чытанне Святога Пісання. Сапраўдны вернік павінен кожны дзень даваць гэтым рэчам месца ў сваім жыцці, каб мець штодзённую сустрэчу з Богам. Тады Творца абавязкова падкажа чалавеку, дзе яго месца, у якой царкве. Немагчыма быць хрысціянінам і быць па-за Царквою — гэта хрысціянская аксіёма. У пратэстантызме звычайна высмейваюцца словы: па-за Царквою няма збаўлення. Мы гаворым па-за Хрыстом няма выратавання, але на самой справе нельга падзяліць Хрыста і Царкву. Павел казаў, што Царква гэта тое, што Бог будуе на падставе Хрыста. Царква можа быць не дасканалая, пастар не моцна адукаваным чалавекам, але важна, каб вернік усвядоміў сваё месца ў суполцы, да чаго Бог яго заклікаў, каб ажыццяўляць сваё служэнне.

Часта хрысціяне прыходзяць у царкву, як назіральнікі, але не як ўдзельнікі. Як данесці да людзей, што важна і служэнне ў царкве?

— Пісанне кажа, што служэнне бывае рознае, і яно не абавязкова павінна быць у царкве. Нельга жыццё дзяліць на святое і прафаннае. Часта ў хрысціян так здараецца: духоўнае жыццё толькі па нядзелях. Хрысціяне павінны мець цэласнасць духоўнага жыцця. Духоўнае жыццё — гэта ўсё, што я раблю. Сапраўды, кагосьці Бог заклікае служыць у царкве, але кожнага — на працы, дома, у грамадскіх месцах. У кожнага з нас рознае пакліканне. Галоўнае — гэтае пакліканне зразумець, прыняць і выкарыстоўваць.

pauluczyk3

— Калі сіл ужо няма і, здаецца, што зараз поўнасцю апусціш рукі і пакінеш царкву…

— Жыццё не заўсёды бывае вясёлкавым, сустракаюцца і шэрыя палосы, калі здаецца, што Бог пакінуў. У такім стане мне даводзілася прапаведваць на набажэнстве. Тады Дух Святы напаўняў маё сэрца і даваў, што сказаць. Я вяртаўся дадому і разумеў, што з’яўляюся абсалютна шчаслівым чалавекам. Вядома, седзячы дома, мы можам шмат наракаць на Бога, асабліва, калі параўноўваем сваё жыццё з іншымі. Я засвоіў адно правіла: калі быць верным Богу, дык Ён ніколі не пакіне ў праблеме і патрэбе. Бог абавязкова працягне руку і дасць адказ. У рэшце рэшт, трэба заўсёды заставацца удзячным Яму і шанаваць тое, што маеш. Бо калі прыгледзецца, можна знайсці шмат прычын, каб няспынна славіць Госпада.

— Калекцыянаванне розных перакладаў Бібліі — гэта вашае хобі?

— Я ніколі не задаваўся мэтай збіраць Бібліі. Адбылося гэта само сабой. Спачатку ў мяне з’явілася цікавасць вывучыць усе пераклады на рускай, беларускай, украінскай мовах. Так у мяне дома з’явіліся гэтыя асобнікі. Затым з’явілася ідэя арганізаваць выставу перакладаў Бібліі, і я пачаў пісаць у розныя арганізацыі, місіі з просьбай аб дапамозе. Мне сталі дасылаць кнігі на розных мовах свету і дзякуючы гэтаму, мая калекцыя стала пашырацца ў іншым накірунку. Зараз я маю Бібліі больш чым на пяцідзесяці мовах: каракалпакскай, асетынскай, эфіёпскай, кіргізскай, таджыцкай, каўказскай і г.д.

Асабіста займаецеся перакладам?

— Нядаўна пачаў пераклад аўтэнтычных пасланняў Паўла на беларускую мову. Планую зрабіць не адзін пераклад, а некалькі: навуковы, царкоўны і місіянерскі. Хачу перакласці як мага больш, але разумею, што перакладаць трэба толькі тое, што добра разумееш. Яшчэ на гэта трэба шмат часу. Я ж перакладаю па-старому: аркуш паперы і асадка.

Ці адрозніваюцца беларускія пераклады Святога пісання якасным зместам?

— Калі я быў яшчэ адвентысцкім пастарам у Шклове, я пазнаёміўся з выдатным служыцелем каталіцкай царквы айцом Аляксандрам. Ён сказаў адну цікавую думку: праблема ўсіх нашых айчынных перакладаў у тым, што імі займаюцца альбо людзі з філалагічнай адукацыяй без ведання багаслоўя, альбо багасловы, якія дрэнна ведаюць беларускую мову.

На ваш погляд, прысвячэнне служэнню ў царкве — доля маладых людзей?

— Чалавек павінен прыходзіць да служэння ў царкве, папярэдне атрымаўшы свецкую адукацыю. Толькі пасля гэтага, адчуваючы пакліканне Бога, можна ісці атрымліваць багаслоўскую адукацыю. Адразу пасля заканчэння школы ісці ў семінарыю — гэта дарма выдаткаваны час. Вельмі шмат людзей, якія спачатку абралі служэнне, а потым сыходзілі з царквы і займаліся бізнэсам. Спачатку трэба шышкі набіць, адчуць, як зарабляецца хлеб, а потым станавіцца сапраўдным служыцелем.

Падрыхтавала Эльвіра Гарошка

FacebookTwitterGoogle+VKLiveJournal

Каментары





Блогі