Нямецкія кансерватары дасягнулі істотнага поспеху на выбарах у Саары

0_ae992_267eba06_XL

За палітычнымі падзеямі, хапунамі і судамі ў Беларусі і Расіі нейк не заўважылі мы, што ўчора адбыліся выбары ў ландтаг Саара. Вынікі гэтых выбараў, а таксама выбараў зямельныя парламенты Шлезвіг-Гольштайна і Паўночнага Райна – Вестфаліі, якія маюць адбыцца 7 і 14 траўня, лічацца своеасаблівым тэстам, сацыяльным зандажом перад выбарамі ў Бундэстаг, якія належыць правесці ўвосень гэтага года.

Што ж паказалі выбары ў Саары? Перш-наперш даволі вялікую палітычную актыўнасць грамадзян. На выбарчыя ўчасткі прыйшлі амаль 70% выбаршчыкаў (69,7).

Другое. Знікла з арэны Партыя піратаў, якая гучна заявіла пра сябе  на мінулых выбарах. Яна набрала мізэрны працэнт галасоў і цяпер не мае сваіх прадстаўнікоў у ландтагу.

Трэцяе. Правапапулісцкая партыя “Альтэрнатыва для Нямеччыны” стала парламенцкай вось ужо ў 11-ай федэральнай зямлі (усяго земляў 16). Праўда, “Альтэнатыва” не дасягула такіх вынікаў, як летась у Бадэне, Райнландзе, Саксоніі-Ангальце, Мэкленбургу–Пярэдняй Памераніі і ў  Берліне, але набраныя 6,2% галасоў дазволілі ёй заняць крэслы ў яшчэ адным ландтагу.

Чацвёртае. Умацавала свае пазіцыі партыя Ангелы Мэркель – Хрысціянска-дэмакратычны саюз, якіх правыя папулісты вінавацілі яны ў непрадуманай міграцыйнай палітыцы ды іншых праблемах Нямеччыны. Між тым выбары ў Саары паказалі, што ХДС цяжка выбіць з сядла. Гэтая партыя ўмацавала свае пазіцыі і набрала 40,7% галасоў супраць 35,2 на папярэдніх выбарах. Гэта істотны поспех кансерватараў.

На гэтым фоне вельмі кепска глядзяцца электаральныя вынікі Левай партыі. Яна страціла больш як 3 працэнты галасоў выбаршчыкаў (16,1% ў 2012 г. і 12,9 сёлета).  Нагадаю, што менавіта гэтая партыя вельмі рэзка крытыкавала і “Альтэрнатыву для Нямеччыны”, і кабінет Ангелы Мэркель.

Яшчэ горшыя вынікі выбараў у Саары для Партыі зялёных, як. Яе падтрымалі толькі 4% выбаршчыкаў, і яна пазбавілася крэслаў у ландтагу. (На папярэдніх выбарах зялёныя набралі таксама няшмат – 5% галасоў, але роўна столькі, каб прайсці ў зямельны парламент).

Сацыял-дэмакраты, як і зялёныя, таксама страцілі 1% падтрымкі: 29,6 супраць 30,6 у 2012 годзе. Здавалася б, няшмат, але на фоне поспеху хадэкаў і “Альтэрнатывы” гэта параза, асабліва калі узяць пад увагу, што эсдэкі хочуць стаць першай партыяй у краіне.

Многія лічылі, што поспех сацыял-дэмакратам прынясе харызматычны кандыдат на пасаду федэральнага канцлера Марцін Шульц, папулярнасць у краіне вельмі высокая. Аднак, як адзначыла „Süddeutche Zeitung“, вынікі выбараў у Саары паказваюць: Шульц-эфект не ўзбагачвае СДПГ.

У самой Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі многія спадзяюцца, што Шульц-эфект не ўбагачвае яе пакуль што, і што да мая, а, пагатоў, да восені сітуацыя палепшыцца.

Анатоль Сідарэвіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі