Што не так з рэлігійным раздзелам праграмы “Вольная Беларусь” Пазьняка

c8292-clip-39kb

24 красавіка ў Варшаве адбылася афіцыйная прэзентацыя калектыўнай працы “Народная праграма “Вольная Беларусь”, распрацаванай калектывам аўтараў на чале з старшынёй Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Зянонам Пазьняком.

Як заяўляецца, праграма прапануе сістэму палітычных, эканамічных і культурных дачыненняў, на якіх можа грунтавацца вольная Беларуская дзяржава. Дакумент акцэнтаваны на ключавых прынцыповых падыходах, якія вызначаюць узровень і якасць грамадскіх дачыненняў і характар дзяржаўнай улады, заяўляюць аўтары. На адным з іх, а менавіта на раздзеле №5 – “Рэлігія”, мы і спынімся. Яго аўтарамі з’яўляюцца Зянон Пазьняк і палітолаг Павел Усаў.

Хоць дакумент і заяўляе, што грамадзяніну Беларусі гарантавана свабода сумлення, як і роўнасць усіх канфесіяў, у значнай ступені ён з’яўляецца дыскрымінацыйным. Больш за тое, хоць сам Зянон Пазьняк і кіруе кансерватыўнай партыяй, рэлігійная частка праграмы была б больш уласцівай для ліберальных ці нават сацыял-дэмакратычных палітыкаў.

Перадусім гэта выяўляецца ў забароне навучання рэлігіі ў школе. “Навучаньне рэлігіі ў школе забараняецца. Могуць быць факультатывы па гісторыі рэлігіі. Факультатыўны прадмет не ўваходзіць у абавязковую школьную праграму, але кантралюецца Міністэрствам адукацыі. Навучанне рэлігіі – гэта справа царквы, а не школы. Царква можа адчыніць свае нядзельныя рэлігійныя школы пры храмах і мець свае рэлігійныя вучэльні (ліцэі, калегіумы, універсітэты, семінарыі, акадэмію)”, — гаворыцца ў дакуменце.

І гэта пры тым, што навучанне рэлігіі ў звычайных установах адукацыі ніяк не супярэчыць ні дэмакратычнаму, ні свецкаму характару дзяржавы. Гэтак, у Нямеччыне рэлігія можа выкладацца і ў агульнаадукацыйных школах і ва ўніверсітэтах.

Паводле Асноўнага закона ФРГ, выкладанне рэлігіі ў школах краіны гарантавана дзяржавай, хоць і ёсць свае асаблівасці на ўзроўні асобных зямель. Як правіла, выбар абмяжоўваецца двума напрамкамі — каталіцкім і евангелічным у адпаведнасці з асноўнай канфесійнай прыналежнасцю вучняў. Але і ў іншых канфесій ёсць права арганізаваць навучанне асновам сваёй веры. Пры гэтым Царква або рэлігійная арганізацыя ўдзельнічае ў складанні праграмы і падрыхтоўцы настаўнікаў.

Самастойна прымаць рашэнне аб тым, асновы якой рэлігіі яны хочуць вывучаць, школьнікі могуць толькі па дасягненні 14 гадоў. Да гэтага пытанні рэлігіі вырашаюць за іх бацькі. Дзеці атэістаў ці прадстаўнікоў тых канфесій, якія пакуль не могуць арганізаваць рэлігійнае навучанне, могуць выбраць пазаканфесійных прадмет: этыку або філасофію ў залежнасці ад рэгіёну.

У Беларусі ж у лепшых бальшавіцкіх традыцыях рэлігійную адукацыю і рэлігію цалкам прапануюць запіхаць у царкоўнае гета.

Таксама праграма прадугледжвае забарону Царкве «праводзіць не звязаную са зместам царквы камерцыйную дзейнасць”, але межы гэтай дзейнасці не ўдакладняюцца. У выніку не зразумела, што канкрэтна забаронена рабіць цэрквам, а што дазволена.

Дзяржава, паводле праграмы, можа выдзяляць сродкі царкве для адбудовы, рэстаўрацыі і аховы помнікаў архітэктуры і духоўнай спадчыны. На іншую дзейнасць – адукацыйную, дабрачынную і гэтак далей – дапамога забароненая.

Таксама незразумелы сэнс пункту 5.8. пра тое, што Нараджэнне і Ўваскрасенне Хрыстовы паводле календару каталіцкай і праваслаўных канфесій, Дзяды і Радуніца “зноў стануць афіцыйнымі выходнымі днямі і будуць улічвацца дзяржавай”. На сённяшні дзень яны і так, апроч Дзядоў, з’яўляюцца выходнымі. Адзіныя пытанні, якія ёсць у людзей на гэты конт, гэта скасаванне ў 1990-я выходнага панядзелка на другі дзень пасля Вялікадня, а таксама практыка пераносу працоўнага дня з панядзелка перад Радуніцай на суботу. Аднак пра магчымасць зрабіць гэтыя панядзелкі выходнымі не гаворыцца нічога.

Асаблівую занепакоенасць выклікае пункт пра тое, што “ні камуністычная, ні посткамуністычная ўлада” юрыдычна не мусіла нікому вяртаць ва ўласнасць храмавыя будынкі, бо і ў Расійскай імперыі, і ў СССР “царкоўныя будынкі, якімі карысталася праваслаўная царква, былі на балансе Расейскай дзяржавы”. “Дэмакратычная ўлада ў Беларусі павінна будзе перагледзець дачыненні дзяржаўнай уласнасці на будынкі, перададзеныя Расейскай Праваслаўнай Царкве з парушэннем правоў уласнасці, і вярнуць становішча да юрыдычных нормаў у праўнае поле”, — гаворыцца ў праграме.

Такім чынам, мы маем відавочную дыскрымінацыю пэўнай канфесіі – у дадзеным выпадку Рускай Праваслаўнай Царквы, якая ў выпадку рэалізацыі дакумента можа пазбавіцца сваіх царкоўных будынкаў. Таксама выглядае дзіўнай апеляцыя да нормаў акупацыйных у дачыненні да Беларусі Расейскай імперыі і камуністычнага СССР. Пры гэтым у перспектыве ажыццяўленне гэтых нормаў можа несці небяспеку і для іншых канфесій, храмы якіх у апошнія два стагоддзі таксама “былі на балансе” дзяржавы.

Больш за тое, вынікам гэтага можа стаць рост міжканфесійнай і ўвогуле сацыяльнай напружанасці ў краіне, калі дзясяткі, калі не сотні прыходаў будуць пазбаўленыя сваіх храмаў. Усім гэтым можа скарыстацца ў сваіх інтарэсах усё тая ж Расія, якая з XVI стагоддзя прысабечыла сабе ролю абаронцы праваслаўнага насельніцтва беларускіх земляў.

Застаецца непатлумачаным і тое, як “дэмакратычная ўлада ў Беларусі павінна будзе перагледзець дачыненні дзяржаўнай уласнасці на будынкі, перададзеныя Расейскай Праваслаўнай Царкве з парушэннем правоў уласнасці, і вярнуць становішча да юрыдычных нормаў у праўнае поле”. Ці будуць храмавыя будынкі зноў пераробленыя пад спартовыя залі, басейны, дамы культуры і гэтак далей? Ці будуць там утвораныя музеі? Ці яны будуць перададзеныя іншым канфесіям, у прыватнасці тым, якія валодалі імі раней? У сувязі з гэтым узнікае пытанне, ці змогуць новыя ўласнікі (у тым ліку дзяржава і іншыя канфесіі) знайсці сродкі на годнае апекаванне помнікамі гісторыі і архітэктуры, бо менавіта да гэтай катэгорыі адносіцца большасць храмы, якія існавалі ў час Расійскай імперыі ды СССР.

Яшчэ адна норма праграмы, якая тычыцца выключна РПЦ, заключаецца ў тым, што яна “павінна будзе выправіць папсаваныя непісьменнымі пераробкамі за часы антынароднага рэжыму помнікі сакральнай беларускай архітэктуры”. Не абвяргаючы важнасці і сур’ёзнасці праблемы “цыбулізацыі” беларускіх храмаў, усё ж варта адзначыць, што пытанні адносна захаванасці храмаў ёсць і да іншых канфесій. Выключная ж акцэнтацыя ўвагі толькі на РПЦ зноў ставіць яе ў дыскрымінуемае становішча.

Таксама незразумелае вяртанне, хоць і ў дапрацаваным выглядзе закона 1992 года “Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях”, калі найлепшай формай, як падаецца, з’яўляецца змяненне і рэфармаванне ўжо дзеючага заканадаўства, у тым ліку і з улікам нормаў, якія былі прапісаныя ў 1992 годзе.

Са станоўчых нормаў рэлігійнай часткі праграмы “Вольная Беларусь” варта адзначыць гарантаванне грамадзяніну Беларусі свабоды сумлення, а канфесіям – роўнасці, падпарадкаванасць Цэркваў агульнаму заканадаўству, а таксама магчымасць канкардату “канфесіяў з дзяржавай адносна дзейнасці царквы ў грамадстве, у тым ліку ў адукацыі, войску і іншых сферах”. Але дэталізацыя гэтых нормаў, гэтак жа як і шэраг іншых, нівелююць іх, пакідаючы толькі на ўзроўні дэкларацый.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі