Рэлігійны партрэт Беларусі: у што і як вераць беларусы?

беларусы

Амерыканскі даследчы цэнтр Pew Research Center правёў даследаванне “Рэлігійныя вераванні і нацыянальная прыналежнасць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе”. Прадстаўляем вашай увазе тыя яго часткі, якія тычацца Беларусі і дапамагаюць лепш зразумець нацыяльна-рэлігійны партрэт беларусаў.

Базай для даследавання стала сацыялагічнае апытанне 1513 беларусаў (хібнасць +/- 3,5%). Паводле яго, у Беларусі жывуць 73% праваслаўных, 12% каталікоў, менш за 1% мусульман, каля 11% прадстаўнікоў іншых канфесій (не ўдакладняецца, якіх) і каля 3% тых, хто з’яўляецца атэістам, агностыкам альбо не адносіць сябе ні да ніякай канфесіі. Пры гэтым вераць у Бога толькі 84% беларусаў, 35% – задумваюцца над значэннем і мэтай жыцця, 25% – адчуваюць глыбокую сувязь з прыродай і Зямлёй.

Даследванне сведчыць пра большую ўцягнутасць у рэлігійныя практыкі каталікоў, чым праваслаўных, а таксама жанчын, чым мужчын. Так, вераць у Бога 89% жанчын і 79% мужчын. Увогуле ж, цалкам упэўнена вераць у Бога 26%, даволі ўпэўнена – 47%, не вельмі ўпэўнена – 11%, адназначна не вераць – 9%.

Сярод рэспандэнтаў 27% лічаць, што Біблія была напісаная людзьмі, 49% – што яна з’яўляецца словам Божым. Пры гэтым з тым, што яе трэба разумець літаральна, згодныя 25%, не трэба разумець літаральна – 20%.

Вераць у рай 68% беларусаў, у пекла – 65%, у існаванне душы – 72%, у лёс – 67%, у цуды – 43%. Яшчэ 41% беларусаў вераць у сурокі, 38% – у магію і вядзьмарства, 29% – у рэінкарнацыю. Увогуле, толькі для 20% беларусаў рэлігія вельмі важная (у тым ліку, для 24% жанчын і для 15% мужчын), для 45% – важная, а для 32% – не вельмі важная ці зусім няважная. Разам з тым у параўнанні з дзяцінствам і маладосцю важнасць рэлігіі для людзей вырасла з 59% да 65%. У прыватнасці, з 73% праваслаўных беларусаў заявілі, што былі выхаваныя ў праваслаўі, толькі 59%. У той жа час 10% беларусаў раней не адносілі сябе да ніякай рэлігіі, тады як зараз такіх засталося толькі 3%.

З апытаных 15% наведваюць царкву штотыднёва (у тым ліку, 12% тых, хто называе сябе праваслаўным, і 25% тых, хто адносіць сябе да каталікоў), 40% – штомесяц/штогод, яшчэ 40% – рэдка, ніколі. Моляцца штодзённа 25% рэспандэнтаў (у тым ліку, 22% праваслаўных і 39% каталікоў). Доля тых, хто моліцца, большая сярод жанчын (33%), чым сярод мужчын (15%).

34% праваслаўных прымаюць прычасце, посцяцца – 27%, складаюць царкоўныя ахвяраванні – 14%. Сярод каталікоў гэтыя лічбы складаюць адпаведна – 52%, 37% і 18%. Чытаюць Біблію прынамсі штомесяц – 24% праваслаўных і 38% каталікоў, дзеляцца верай ці кажуць пра Бога – 23% праваслаўных і 39% каталікоў.

88% праваслаўных маюць абразы (92% каталікоў), запальваюць свечкі ў царкве – 76% (сярод каталікоў робяць гэта 62%) і носяць рэлігійныя атрыбуты – 61% (сярод каталікоў – 63%).

Таксама варта адзначыць, што сярод тых, хто лічыць сябе праваслаўнымі, былі ахрышчаныя толькі 96%, сярод каталікоў – 97%.

Між тым 19% праваслаўных вераць гараскопам, картам таро, прадказальніцам, да знахарак ходзяць 26%. Сярод каталікоў доля такіх людзей складае 17% і 18%.

Магчыма, такія вынікі можна патлумачыць тым, што толькі для 34% праваслаўных праваслаўе – гэта перадусім вынік персанальнай веры, тады як для 55% – вынік нацыянальнай культуры і/ці сямейнай традыцыі. 8% – праваслаўныя як у выніку персанальнай веры, так і нацыянальнай культуры і сямейных традыцый. Пры гэтым для каталікоў лічбы размеркаваліся наступным чынам: 40%, 42% і 18%. Рэлігія – перадусім вынік нацыянальнай культуры для 16% праваслаўных і 14% каталікоў.

71% праваслаўных ганарыцца быць праваслаўнымі, а 83% каталікоў – каталікамі. 41% праваслаўных адчуваюць рэлігійныя сувязі з замежжам, сярод каталікоў гэтая лічба – 64%.

32% беларусаў вераць, што іх вера – адзіная, якая вядзе да вечнага жыцця ў небе, а 32% – што існуе толькі адзін шлях інтэрпрэтаваць іх веру.

З даследвання таксама вынікае, што 83% праваслаўных бацькоў гадуюць сваіх дзяцей хрысціянамі. Сярод праваслаўных бацькоў 60% заявілі, што іх дзеці наведваюць царкву 60%, 13% ходзяць у нядзельную школу, 30% – моляцца ці чытаюць Біблію.

Палітыка і рэлігія

У поглядзе беларусаў на рэлігійныя інстытуты пераважаюць станоўчыя погляды, але вялікая доля і тых, хто лічыць наадварот. Так, 62% апытаных лічаць, што рэлігійныя інстытуты злучаюць людзей і ўмацоўваюць грамадства, 64% – умацоўваюць маральнасць у грамадстве, 49% – адыгрываюць важную ролю ў дапамозе бедным і патрабуючым, 20% – зашмат засяроджваюцца на грошах і ўладзе, 28% – зашмат засяроджваюцца на правілах, 21% – зашмат уцягнутыя ў палітыку.

42% рэспандэнтаў мяркуюць, што ўлады павінныя спрыяць распаўсюду рэлігіі, тады як 50% лічаць, што рэлігія і палітыка ўладаў мусяць быць адасобленыя.

9% беларусаў лічаць, што рэлігійныя лідары маюць вялікі ўплыў на палітыку, яшчэ 38% – некаторы ўплыў. Пры гэтым 30% мяркуюць, што рэлігійныя лідары павінныя мець вялікі/некаторы ўплыў у палітыцы, 62% – невялікі альбо не мець зусім.

44% апытаных згодныя са сцвярджэннем, што дамінуючая канфесія павінная мець фінансавую падтрымку ад уладаў, 37% – што і іншыя рэлігійныя групы таксама. Што тычыцца замежнага фінансавання рэлігійных арганізацыяў, то 43% згодныя на атрыманне яго хрысціянскімі арганізацыямі і толькі 19% – мусульманскімі.

Сацыяльныя і маральныя погляды

Гомасэксуалізм маральна няправільным лічаць 85% беларусаў. 16% падтрымліваюць аднаполыя шлюбы, у тым ліку, 22% апытаных ва ўзросце 18-34 гадоў, сярод старэйшых за 35 гадоў такіх – 14%. Падтрымліваюць гей-шлюбы 16% праваслаўных і 14% каталікоў. З тым, што гомасэксуалізм не павінен быць прыймальны ў грамадстве, згодныя 84% (75% ва ўзросце 18-34 гадоў, 87% – старэйшых за 35).

З тым, што жонка павінна заўсёды слухацца мужа, згодныя 43% беларусаў, нязгодныя – 53%. 42% падтрымліваюць аборты ўва ўсіх/большасці выпадкаў, а 59% лічаць, што жанчыны абавязаныя перад грамадствам гадаваць дзяцей.

42% рэспандэнтаў заявілі, што пры дэфіцыце працы ў мужчын павінна быць больш правоў на працу, чым у жанчын. У той жа час для 72% беларусаў ідэальны шлюб, калі абодва сужонкі зарабляюць грошы і даглядаюць дзяцей, для 25% – калі муж зарабляе грошы, а жонка даглядае дзяцей – 25%, для 1% – калі жонка зарабляе грошы, а муж даглядае дзяцей.

Супраць ужывання наркотыкаў выступаюць 87% беларусаў, прастытуцыі – 80%, гамасэксуальных паводзінаў – 85%, абортаў – 38%, ужывання алкаголю – 34%, дашлюбнага сэксу – 26%, разводаў – 16%, ужывання кантрацэптываў – 15%.

63% мяркуе, што для таго, каб мець добрыя якасці і быць маральным, няма патрэбы верыць у Бога; з тым, што такая патрэба ёсць, згодныя 33%.

Навука і рэлігія

З тым, што людзі і іншыя істоты эвалюцыянавалі з часам, пагадзіліся 63% беларусаў, а ў тое, што яны існавалі ў сённяшнім выглядзе ад пачатку часу, вераць 23%. Што тычыцца эвалюцыі, то 44% упэўненыя, што яна адбывалася паводле натуральнага закону, 15% – пад кіраўніцтвам звышнатуральных сілаў.

У цэлым 57% беларусаў мяркуюць, што паміж навукай і рэлігіяй няма канфлікту. Што такі канфлікт ёсць, лічаць 29%. Пры гэтым 38% мяркуюць, што з часам навука здолее патлумачыць усё, 53% – што навука ніколі не здолее патлумачыць усё.

СССР і роля Расеі ў рэгіёне

76% беларусаў упэўненыя, што моцная Расея патрэбная, каб ураўнаважваць уплыву Захаду, пры гэтым 56% лічаць, што ў інтарэсах Беларусі – шчыльна супрацоўнічаць з США і Захадам. Сярод тых, хто прызнае наяўнасць каштоўнаснага крызісу паміж РФ і ЗША, 91% – лічыць, што моцная Расея патрэбная, каб ураўнаважваць уплыву Захаду, тых, хто гэта адмаўляе – 71%.

54% апытаных заявілі, што распад СССР быў шкодным для Беларусі (сярод людзей 18-34 гадоў так лічаць 34%, старэйшых за 35 – 60%), 34% – карысным. Пры гэтым 3% лічаць, што Іосіф Сталін, які быў ініцыятарам масавых рэпрэсій, адыграў вельмі пазітыўную ролю ў гісторыі і 26% – збольшага пазітыўную. Пры гэтым ролю Міхаіла Гарбачова, у кіраванне якога разваліўся СССР, вельмі пазітыўнай знаходзяць 6% беларусах, збольшага пазітыўнай – 30%.

На думку 66% беларусаў, расейскія кампаніі аказваюць добры ўплыў у краіне, амерыканскія – толькі на думку 42%. Пры гэтым 47% мяркуюць, што Беларусі важна мець добрыя стасункі з Расеяй, з ЕС – толькі 17%, з абодвума бакамі – 30%.

У Расіі галоўную вайсковую пагрозу для Беларусі бачаць 6% рэспандэнтаў, негалоўную – 26%, не бачаць пагрозы – 60%. 62% пры гэтым лічаць, што Расея абавязаная абараняць праваслаўных і этнічных рускіх па-за яе межамі. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што ў канфлікце ва Украіне 11% беларусаў вінавацяць Расею, 9% – прарасійскіх сепаратыстаў, 35% – украінскі ўрад, 16% – краіны Захаду.

Адзначаецца ў даследаванні і такі момант: 54% праваслаўных Беларусі прызнаюць найвышэйшым аўтарытэтам у праваслаўным свеце Патрыярха Маскоўскага, 8% – Патрыярха Канстантынопальскага.

Дэмакратыя, нацыяналізм і плюралізм

38% апытаных беларусаў прызнаюць перавагу дэмакратыі, 35% – дапускаюць недэмакратычны лад, а для 17% не мае значэнне палітычны лад у краіне. Пры гэтым у краіне вельмі нізкі сацыяльны давер: толькі 23% лічаць, што можна давяраць большасці людзей, тады як 50% – што трэба быць вельмі асцярожным з людзьмі. Сярод тых, хто кажа, што можна давяраць большасці, 46% з’яўляюцца прыхільнікамі дэмакратыі, сярод недаверлівых рэспандэнтаў – дэмакратаў 39%. Увогуле толькі 36% апытаных лічаць, што галасаванне дапамагае ўплываць на працу ўраду, 58% так не лічаць.

Невысокі сярод беларусаў і ўзровень дабрачыннай актыўнасці: толькі 27% цягам года былі валанцёрамі, 31% ахвяравалі грошы на дабрачыннасць.

38% рэспандэнтаў вельмі ганарацца быць грамадзянамі сваёй краіны. Сярод тых, для каго рэлігія вельмі важная, такіх 43%, а сярод тых, для каго рэлігія не важная ці не вельмі важная – 31%.

Каб быць сапраўднай часткай нацыі, 34% беларусаў лічаць, што трэба паважаць інстытуты і законы краіны, 22% – размаўляць на нацыянальнай мове, 32% – плаціць падаткі, 32% – нарадзіцца ў краіне, 17% – належаць да дамінуючай рэлігійнай групы. 45% беларусаў злучваюць сваю нацыянальнасць і прыналежнасць да праваслаўя.

42% беларусаў лічаць сваю культуру вышэйшай за іншую, хоць і прызнаюць недасканаласць суграмадзян. Аднак толькі 38% мяркуюць, што лепш, калі грамадства складаецца з адной рэлігіі, нацыянальнасці і культуры; супрацьлеглага, мульцікультурнага погляду прытрымліваюцца 50% апытанах. Тым не менш, 45% заяўляюць пра канфлікт паміж традыцыйнымі каштоўнасцямі Беларусі і Захаду.

З тым, што каталіцтва і праваслаўе маюць шмат супольнага, згодныя 68% беларусаў, нязгодныя – 21%. Пры гэтым супраць аднаўлення еднасці Каталіцтва і Праваслаўя выступае 29%, за – 31%.

Што тычыцца міжкультурных сем’яў, то 73% праваслаўных беларусаў і столькі ж беларусаў-каталікоў гатовыя прыняць адпаведна каталікоў і праваслаўных у сваёй сям’і, не гатовыя – 15% праваслаўных і 17% каталікоў.

Не гатовыя прыняць цыганаў членамі сваіх сем’яў 70% беларусаў, суседзямі – 57%, грамадзянамі сваёй краіны – 46%. Адносна мусульманаў гэтыя лічбы складаюць 60%, 40% і 34% сярод праваслаўных і 65%, 42% і 40% сярод каталікоў; габрэяў – 32%, 17% і 11% сярод праваслаўных і 37%, 16% і 16% сярод каталікоў. Сярод тых, хто лічыць сваю культуру лепшай за іншыя, гатовыя прыняць габрэяў у сям’ю 37%, сярод тых, хто не лічыць – 47%.

Эканоміка

У пытаннях эканомікі 63% беларусаў лічаць свабодны рынак лепшым для людзей. Адначасова 84% сцвярджаюць, што дзяржава павінна забяспечыць патрэбы бедных.

54% апытаных лічаць эканамічную сітуацыя ў краіне дрэннай, 38% -– обрай. Разам з тым 47% беларусаў задаволеныя жыццём у краіне, а 41% – незадаволеныя.

З тым, што трэба ахоўваць прыроду, нават калі гэта шкодзіць эканамічнаму росту, згодныя 71% рэспандэнтаў, тады як толькі 19% падтрымаюць выкарыстанне прыродных рэсурсаў для эканамічнага росту, нават калі гэта пашкодзіць наваколлю.

Увогуле, самымі вялікімі праблемамі ў краіне беларусы лічаць беспрацоўе (33%), падзел паміж беднымі і багатымі (24%), забруджванне наваколля (21%), заняпад маральных каштоўнасцяў (19%), канфлікт паміж этнічнымі групамі (6%), паміж рэлігійнымі (5%).

VK

Каментары





Блогі