Бабруйскія ўлады не супраць вяртання гістарычнага выгляду мясцоваму касцёлу

Бобруйск

Бабруйскі гарвыканкам не супраць аднаўлення гістарычнага выгляду мясцовага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пра гэта заявіў намеснік старшыні гарвыканкама Алег Ковель у адказ на зварот бабруйскіх каталікоў, ініцыяваны актывісткай аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Наталляй Волах.

“Кіруючыся канстытуцыйным правам кожнага на свабоду сумлення і веравызнання і прызнаннем духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай Царквы на тэрыторыі Беларусі, Бабруйскі гарвыканкам не пярэчыць супраць аднаўлення гістарычнага архітэктурнага аблічча будынка рымска-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Бабруйску”, — гаворыцца ў адказе, паведамляе BCHD.INFO.

Разам з тым у адказе таксама гаворыцца, што пытанне аб зносе прыбудаванага да касцёла адміністрацыйнага будынка для аднаўлення яго гістарычнага выгляду трэба вырашаць не з гарадскімі ўладамі, а з ААТ “Бабруйскбудкомплекс”, якому належыць будынак і 100% акцый якога кіруе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. Зараз «Бабруйскбудкомплекс» — банкрут. У красавіку ТАА «БанкротГруп» узялося кіраваць прадпрыемствам і можа прадаць прыбудову за даўгі.

Зараз мясцовыя актывісты і парафіяне праводзяць інфармацыйную кампанію за вяртанне гістарычнага выгляду касцёла, раздаюць гараджанам інфармацыйныя ўлёткі пра яго гісторыю, збіраюць подпісы пад зваротамі да ўладаў і прапануюць далучацца да кампаніі.

Таксама яны чакаюць адказу ад кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, на імя якога даслалі 500 подпісаў, бо “ўсе ніжэйшыя інстанцыі ўжо прайшлі”. У лісце падкрэсліваецца ігнараванне ўладамі вернікаў пры прыватызацыі і продажы прыбудовы за даўгі. Прэзідэнта просяць не перанакіроўваць зварот у ніжэйстаячыя інстанцыі, а асабіста разгледзець яго, каб вырашыць пытанне перадачы ўсяго будынка вернікам для аднаўлення гістарычнага выгляду касцёла.

Нагадаем, што прыхаджане бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі знайшлі ў гарадскім архіве дакументы, з якіх вынікае, што прыбудова (памяшканне ААТ «Бабруйскбудкомплекс») да касцёла , які часткова быў вернуты вернікам рашэннем Бабруйскага гарадскога савета народных дэпутатаў ад 16 кастрычніка 1989 года (ужо без званніцы) – зробленая незаконнна, іншымі словамі, гэта – самабуд.

VK

Каментары





Блогі