Газета “Крыніца”

18527915_1797304753918940_6711189915600028649_n

Рашэнне аб выданні ўласнай газеты аказалася найважнейшым вынікам з’езду 24-25 траўня 1917 года. У віхуры падзеяў, калі цягам некалькіх месяцаў дэмакратычная ўлада змянялася бальшавіцкай, калі хвалямі пракочваліся па Беларусі грамадзянская вайна, нямецкая акупацыя, польская акупацыя, зноў савецкая акупацыя, крывавыя межы і падзелы – менавіта рэгулярнае выданне злучала і натхняла рассечаны франтамі паўсюдны беларускі рух да Хрыста і свабоды. Рэдакцыя і падпісчыкі “Крыніцы” 1917-1925 гадоў склалі аснову масавай хадэцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

На з’ездзе прапанавалі назваць газету “Бацькаўшчына”. Але 8 кастрычніка ў Петраградзе, які застаўся базай БХДЗ, выйшаў першы нумар “Крыніцы”. Арганізацыйна рыхтаваў гэта яшчэ з 1916 году Фабіян Абрантовіч, рэдактарам стаўся ксёндз Люцыян Хвецька. Да канца 1917 году выйшла 6 нумароў “Крыніцы”, прычым №3 быў надрукаваны ў Менску – але паколькі Менск апынуўся ў самым жарале вайны, рэдакцыйная праца вялася па-ранейшаму ў Петраградзе. Наклад першых нумароў складаў 300 асобнікаў, затым павялічыўся да 500 і 700-800, і далей дасягаў 4-5, а падчас выбараў і 10 тысячаў асобнікаў.

Напачатку, паколькі асноўная частка газеты пашыралася праз каталіцкія парафіі, “Крыніца” выходзіла лацінкай.

Менавіта ў “Крыніцы” былі скшталтаваныя ідэйныя асновы БХД. У адным з першых нумароў чытаем: “Найлепшая тая арганізацыя, каторая можа даваць сваім сябрам прасьвету, а зь ёю культуру, каторая дбае аб дабро сяброў эканамічнае, ды тож не выкідае з сваёй мэты жыцьця рэлігійнага. Гэткай арганізацыяй ёсьць Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць. Яна будуецца на вялікіх хрысьціянскіх законах, выказаных праз папежа Лявона ХІІІ, у яго акружных пісьмах. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце злучыць усіх хрысьціян, найбольш каталікоў, у адну моцную арганізацыю, каторая памагала б у барацьбе з труднасьцямі жыцьця і супакойвала б патрэбы душы. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце не рэлігійныя патрэбы, а эканамічныя і грамадзянскія, пранікнутыя духам Хрыстовым – безь ненавісьці, безь несправядлівай барацьбы”.

З кнігі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 — 2017»

Працяг будзе

 

VK

Каментары





Блогі