У Гродзенскай дыяцэзіі пратэстуюць супраць Анжалікі Борыс. СПБ: яе дыскрэдытуюць з-за барацьбы за польскія школы

an--elika-borys-zpb-1

Вернікі Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі звярнуліся са зваротам да мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, заявіўшы пра спробы штучнага дзялення вернікаў на тых, хто выкарыстоўвае на службах беларускую мову, і тых, хто польскую. Зварот публікуе дзяржаўная газета “Гродзенская праўда”, якая праславілася нядаўна выдаленнем з фотаздымку абраза Хрыста.

Адзначым, што Тадэвуш Кандрусевіч не мае права вырашаць праблемы Гродзенскай дыяцэзіі, бо займацца гэтым мае права толькі дыяцэзіяльны біскуп – у дадзеным выпадку Аляксандр Кашкевіч.

Тым не менш, аўтары звароту звяртаюцца да мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў пошуках “абароны” ад старшыні незарэгістраванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі Анжалікі Борыс. “Мы абураныя дзеяннямі спадарыні Анжалікі Борыс, чаму яна спрабуе навязаць свае жаданні Касцёлу і спрабуе кіраваць, выстаўляючы нашага біскупа у такім брыдкім святле перад Польшчай”, — заяўляюць яны.

Зварот, апублікаваны 18 траўня, чамусьці датычыцца падзеяў чатырохмесяцовай даўніны – студзеня. У прыватнасці, адзначаецца, пры правядзенні навагодняга мерапрыемства ў касцёле Нараджэння Панны Марыі аграгарадку Кемелішкі (Астравецкі раён) Анжаліка Борыс перад прыхаджанамі негатыўна ацаніла правядзенне службы ксяндзом Паўлам Гарадзейчыкам (насамрэч, Гардзейчыкам – Krynica.info) на беларускай мове, абвінаваціла яго ў нацыяналістычных поглядах і раскрытыкавала біскупа за малую, на яе думку, колькасць службаў на польскай мове ў касцёлах.

“Чаму гэтая жанчына дазваляе сабе такія нападкі на Касцёл. Хто ёй даў права вырашаць, на якой мове мы павінны маліцца, хто яе надзяліў паўнамоцтвамі асуджаць нашага біскупа і абзываць нашых ксяндзоў? Мы лічым, што гэты чалавек уносіць разлад у нашы сем’і, у наша грамадства і наш Касцёл. Ніхто не мае права асуджаць нас за тое, на якой мове мы молімся, ніхто не можа забараніць нам разумець Божае Слова і жыць ім. Мы ніколі не забудзем той велізарнай дапамогі, якую аказаў і працягвае аказваць Касцёл Польшчы нам, але мы ж не стаім на месцы, наш Касцёл таксама развіваецца. Мы маліліся і будзем маліцца так, як навучылі нас нашы Ксяндзы і нашы бабулі, мы гэтак жа вучым нашых дзяцей, але мы хочам, каб яны разумелі, пра што моляцца, а не проста прагаворвалі завучаныя словы. Таму просім Вас не толькі выслухаць, але і абараніць нас ад гэтай пані”, — гаворыцца ў звароце.

“Цяжка каментаваць ананімны ліст, што да абвешчанага аўтарства якога існуюць сур’ёзныя падставы для сумненняў. Публікацыя гэтага ліста супала па часе з вырашальнай фазай змаганняў СПБ за захаванне польскамоўныім школамі ў Гродне і Ваўкавыску статусу польскамоўных. СПБ на днях даслаў на імя прэзідэнта Лукашэнкі каля 6 тысячаў подпісаў супраць падрыхтаваных міністэрствам адукацыі паправак у Кодэкс адукацыі РБ, якія пагражаюць гэтым школам русіфікацыяй. Магчыма, апублікаваны ў «Гродзенскай праўдзе» “ліст вернікаў” – гэта спроба дыскрэдытацыі СПБ і ягонай старшыні у моўным пытанні у сувязі з барацьбой Анжалікі Борыс і СПБ за захаванне польскамоўнымі школамі ў Гродне і Ваўкавыску статусу польскамоўных”, — адзначыў у каментары Krynica.info прэс-сакратар СПБ Анджэй Пісальнік.

VK

Каментары





Блогі