Па Полацку прайшоў хросны ход у гонар Еўфрасінні Полацкай (фотарэпартаж)

У Полацку 5 чэрвеня праходзяць урачыстасці з нагоды Дня памяці праваслаўнай святой прапачэснай Еўфрасінні Полацкай –  асветніцы і нябеснай заступніцы Полацка, у роўнай ступені шанаванай каталікамі і няверуючымі людзьмі.

Па традыцыі апошніх гадоў, кульмінацыйным момантам святкаванняў стаў хросны ход па вуліцах горада, які ў гэты раз ўзначалілі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, а таксама госці – епіскап Лідскі Парфірый і епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.

У гэты дзень у манастыры служыліся раннія святочныя раннія службы – Гадзінкі ў 5.00 ў Крыжа-Узвіжанскім саборы, у 6.30 – Боская Літургія ў храме Перамянення, у 7.30 – у Свята-Еўфрасіннеўскім храме. У 9.45 насельніцы манастыра і вернікі сустрэлі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які ўзначаліў познюю Боскую Літургію ў Крыжа-Узвіжанскім саборы.

У іншай полацкай святыні – Сафійскім саборы – у 8.30 пачалася Боская Літургія, якую ўзначалілі архіепіскап Феадосій і епіскапы Парфірый і Павел. Па заканчэнні Літургіі пачаўся рух хроснага ходу, да якога паступова далучаліся прыходскія хросныя хады прыхаджанаў катэдральнага Богаяўленскага сабора, Пакроўскага і Панцелеймонаўскага храмаў, а таксама храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Багатырская.

У Наваполацку ў 9.40 ад свайго храма рушылі ў дарогу вернікі прыхода абраза Божай Маці «Неспадзяваная Радасць», якія спачатку прайшлі па цэнтральнай вуліцы горада з малітоўным спевам, а пасля дабраліся да Еўфрасіннеўскага манастыра на аўтобусе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі