Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў Алексіевіч памятаць пра адказнасць за свае словы

Кандрусевіч2

Каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з адкрытым лістом да беларускага Нобелеўскага лаўрэата, пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У ім ён адзначыў, што “з вялікім смуткам і трывогай” успрыняў яе словы: «Дайце ў Беларусь танкі, зброю — і там каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна».

Ён падкрэсліў, “што гэта нават немагчыма сабе ўявіць ў Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету”. Паводле яго, Каталіцкі Касцёл, Праваслаўная Царква ды іншыя веравызнанні ў Беларусі робяць усё магчымае, каб развіваць адносіны паміж сабой і грамадствам, паведамляе catholic.by.

Прызнаўшы, што «чалавек — дастаткова недасканалая істота, яму ў галаву можна ўкласці ўсё, што заўгодна», мітрапаліт адзначыў, што з Божай дапамогай чалавек можа супрацьстаяць спакусам і выклікам часу і “калі будзе прыбягаць да яе, то нікому не ўдасца ўкласці ў яго галаву ўсё, што заўгодна”.

“Не хацелася б, каб Вашы словы як лаўрэата Нобелеўскай прэміі былі ўспрыняты як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі. Наадварот, яны павінны ўносіць мір і кансалідацыю ў наша грамадства. Спадзяюся, што ў Вашых словах не было дрэннага намеру ў адрас католікаў нашай Бацькаўшчыны. Аднак варта памятаць, што зраніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы”, — дадаў арцыбіскуп.

Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спадзеў, што Святлана Алексіевіч будзе з павагай ставіцца да натуральнага права чалавека на рэлігійную свабоду, якое яму таксама гарантуе Канстытуцыя Беларусі, і пажадаў, каб яе высілкі як лаўрэата Нобелеўскай прэміі спрыялі гарманічнаму і мірнаму развіццю беларускага грамадства.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі