Што стаіць за словам? Яшчэ раз аб заяве Святланы Алексіевіч

Алексиевич

Нобелеўскі лаўрэат, пісьменніца Святлана Алексіевіч ужо неаднойчы шакіруе беларускае грамадства сваімі, скажам прама, правакацыйнымі заявамі. Не зрабілася выключэннем і заява аб тым, што “каталікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна”. Заява, якая прагучала з вуснаў адной з найбольш публічных асобаў сучаснасці, досыць сур’ёзная, тым больш яна агучана не дзе-небудзь, а ў Расіі, якая даўно з’яўляецца ініцыятарам розных міжнацыянальных і рэлігійных канфліктаў у многіх краінах. Цалкам натуральна, што адразу з’явілася мора каментароў як ў СМІ, так і ў сацыяльных сетках, большасць якіх абвінавачвае пісьменніцу не толькі ў нападзе на каталікоў, а і ў спробе правакацыі сацыяльна-рэлігійнага канфлікту ў Беларусі. У гэтым невялікім артыкуле мы паспрабуем прааналізаваць як сутнасць самой заявы, так і яе праўдзівасць, а таксама чаму яна была агучана менавіта зараз.

Ужо ад пачатку нам патрэбна прыняць некалькі тэзісаў.

Па-першае, гістарычнае суіснаванне розных канфесій ды юрысдыкцый на тэрыторыі Беларусі не было заўсёды мірным. Як правільна зазначыў у сваім каментарыі Анатоль Сідарэвіч, гарачых канфліктаў хапала і далёка не заўсёды іх ініцыятарамі былі дзяржаўныя ўлады. Менавіта архірэі і святары найбольш часта выступалі не толькі ініцыятарамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі міжканфесійнага супрацьстаяння. Памяць аб гэтых канфліктах не сышла ў мінулае, а рэальна прысутнічае ў нашым жыцці. Дастаткова пачытаць у стужцы беларускіх навін аб малебнах праваслаўных аб ахвярах міжваеннай і паваеннай пацыфікацыі ў Польшчы (яўны або прыхованы закід у бок каталікоў), або аб малітвах каталікоў за дзеячаў АК ды плач палякаў (чытай каталікоў) аб пакутуючых на “крэсах усходніх” (такі ж закід супраць праваслаўных). Нават выключна канфесійныя падзеі выклікаюць балючыя рэфлексіі “супрацьлеглага боку” (ушанаванне памяці Язафата Кунцэвіча ці Андрэя Баболі каталікамі або ўшанаванне праваслаўнымі прп. Афанасія Берасцейскага ці прп. Лявонція Карповіча).

Па-другое, вонкавая адсутнасць рэлігійных канфліктаў (супрацьстаяння, актыўнай канкурэнцыі) у сучаснай Беларусі ёсць не вынікам талерантнасці вернікаў, а вынікам жорсткага дзяржаўнага кіравання працэсам рэгістрацыі новых Царкоўных юрысдыкцый і аб’яднанняў, выдзялення зямлі ды размеркавання гістарычных храмаў. Больш-менш камфортныя ўмовы існавання іерархіі дзвюх асноўных канфесій, каталікоў і праваслаўных, абумоўленыя выключна дзяржаўным “знішчэннем канкурэнтаў”. Пры гэтым мы невыпадкова ўжылі словаспалучэнне “вонкавая адсутнасць”, бо для разумення сапраўднага стаўлення тых жа каталікоў да праваслаўных (праваслаўных да каталікоў), або да неапратэстантаў, не кажучы ўжо аб нехрысціянскіх канфесіях, дастаткова шчыра паразмаўляць з большасцю практыкуючых вернікаў або ўважна пачытаць канфесійныя форумы і дыскусіі ў сацыяльных сетках. І гэта стаўленне не “падае з неба”, не “выпаўзае з зямлі”, а ёсць вынікам адрознення веравучэння, дагматыкі, багаслоўя – усё гэта набывае адпаведны выгляд у нармальнай святарскай працы. Натуральна, сёння ніхто не заклікае “разбураць схізматычныя цэрквы (або касцёлы) і забіваць ерэтыкоў”, але дастаткова тлумачэнняў святара аб немагчымасці браць у хросныя бацькі іншаверцаў, памылковасці іх веры, вывучэння катэхізіса і асноў канфесійнага веравызнання.

Зрэшты, і на каталіцкіх, і на праваслаўных канфесійных беларускіх (і не толькі беларускіх) сайтах падаецца вельмі шмат метадычных матэрыялаў аб “супрацьстаянні” ды “барацьбе” з сектантамі, у ролі якіх на сёння выступаюць неапратэстанцкія супольнасці. Таксама досыць багата месца надаецца і праваслаўна-каталіцкай палеміцы, тлумачэнню праўдзівасці ўласнай дагматыцы ды крытыцы (навуковай) іншаверцаў.

Па-трэцяе, наяўнасць “міжканфесійных шлюбаў” як доказ поўнай рэлігійнай талерантнасці беларусаў не ёсць карэктным. Бо вельмі цяжка ўявіць сябе шчаслівую сям’ю практыкуючых вернікаў, якія ўсё робяць разам, але ў нядзелю разыходзяцца па розных храмах, не могуць разам прымаць прычасце (стаць ля адной чашы), а дома моляцца паасобку рознымі малітвамі. Асабліва праблематычны падобны шлюб у справе рэлігійнага выхавання дзяцей. Практыка паказвае, што ў падобных сем’ях, як мінімум, адна з канфесій робіцца дамінуючай, а ў большасці выпадкаў наогул нехта пераходзіць у веру сужэнца.

Па-чацвёртае, сучасны дэмакратычны лад, які існуе ў Вольным Свеце, аніяк не прыбірае міжканфесійнае супрацьстаянне (канкурэнцыю). Напрыклад, у дэмакратычнай і ліберальнай Вялікабрытаніі да сёння працягваецца рэлігійнае супрацьстаянне ў Паўночнай Ірландыі, канфлікты выбухаюць у Францыі, ФРН, Італіі… Асновай нават самага дэмакратычнага рэлігійнага заканадаўства ёсць менавіта “прымус да міру”, а т.зв. экуменізм – гэта, найперш, менавіта навука мірнага суіснавання і супрацоўніцтва.

Такім чынам, Святлана Алексіевіч, кажучы аб наяўнасці супрацьстаяння паміж канфесіямі, не зрабіла вялікага адкрыцця і яўна не атрымае за гэта яшчэ адну Нобелеўскую прэмію. Іншая справа – гэта пытанне аб тым, чаму гэтае супрацьстаяння апісанае такімі крывавымі фарбамі ды чаму агрэсарам абраны менавіта каталікі.

Для адказу на гэтыя пытанні мусім крануцца асобы самой Святланы Алексіевіч ды яе творчасці.

На наш погляд, пісьменніца не проста “прадукт расійскай культуры і мыслення”, як гэта кажуць некаторыя крытыкі, яна наогул да сёння не можа вырвацца з парадыгмы СССР, не можа зразумець, што вайна ва Украіне, вызваленчая барацьба ў Беларусі – гэта не проста адкрытая або прыхованая агрэсія Расіі (ці грамадзянскі канфлікт), а менавіта барацьба свету з цемрай, новага з старым, Праўды з хлуснёй. Неразуменне новага чалавека, які ўжо вольны ад савецкіх штампаў, для яе ёсць страшным тупіком… Бо новых “цынкавых хлопчыкаў” або “у вайны не жаночы твар” немагчыма напісаць на рэаліях украінска-расійскай вайны, тут іншае вымярэнне жыцця і смерці, іншае вымярэнне подзвігу – тут ва ўсіх з’явах чалавечага жыцця дамінуе тое, што Святлане Алексіевіч, як яна сама вызнае, незразумелае – вера ў Бога. Менавіта на глыбокай веры заснаваны тэзіс “Героі не паміраюць” – у Госпада ўсе жывыя, і “Няма большай любові за тую, калі хто душу пакладзе сваю за сяброў сваіх” (Яна 15:13). Вера і разуменне Божай Праўды цалкам змянілі светапогляд, нарадзілі новага чалавека – які ёсць сапраўды вобразам і падабенствам Божым.

Крыніца папулярнасці і запатрабаванасці твораў Святланы Алексіевіч – гэта не проста таленавітая прэпарацыя савецкай свядомасці. Яе кнігі моцныя, бо гэта свядомасць самой пісьменніцы, роздумы і адчуванні герояў яе інтэрв’ю – гэта яе адчуванні і роздумы. Пры гэтым яе героі ў сённяшняй сусветнай палітычнай парадыгме, ва украінскіх падзеях, не проста знаходзяцца на баку зла (бязбожнай і бездухоўнай савецкай сістэмы або расійскага імперскага шавінізму), ім гістарычна наканавана сысці ў нябыт.

Так, мы цалкам згодны з Святланай Алексіевіч, у Беларусь можна прывезці расійскіх баевікоў і зброю, распаліць вайсковы канфлікт. Але гэта будзе канфлікт, у якім ініцыятарам і рухавіком будзе Расія, дзе здаровыя сілы Беларусі будуць змагацца з учарашнім днём, з “гомасавецікусам”, за Боскую Праўду быць гаспадарамі сваёй зямлі й свайго лёсу… Менавіта гэта не можа вызнаць пісьменніца, бо перамога “чалавека новага” — ёсць паражэннем яе светапогляду. Вось тут, адчуваючы надыход “апошняй бітвы” і ўласнага духоўнага паражэння, у прыродным жаху чалавека перад вайной, Святлана Алексіевіч пачынае мадэляваць не сацыяльны канфлікт, не канфлікт глабальных светапоглядаў, а звычнае для яе ментальнасці ды вядомае з савецкіх падручнікаў, “крывавае міжканфесійнае супрацьстаянне”.

Што стасуецца выбару “страшылкі” у выглядзе каталікоў, якія “пачнуць забіваць праваслаўных”, дык і гэтаму ёсць простае і лагічнае тлумачэнне.

Па нашым меркаванні, у “абранні на ролю агрэсара” каталікоў як традыцыйна нейчага чужога і экспансіўнага для “большасці беларусаў” (аб расіянах нават можна не казаць) не выклікае здзіўлення – гэта звычайны псіхалагічны прыём для людзей з пэўнай свядомасцю ды складам мыслення.

Раім не забывацца, Святлана Алексіевіч, як яна сама неаднаразова заяўляла, — “чалавек рускай культуры”. Апошні факт прымушае нас думаць, што і на гісторыю яна глядзіць пераважна “вачамі рускага чалавека”. А хто для Масковіі (Расіі) быў заўсёды гістарычным ворагам? – палякі (чытай каталікі). Якая ідэалогія была заўжды ў агрэсіўных войнаў Масковіі? – Абарона праваслаўных ад каталікоў. Пры гэтым нават у сучасных расійскіх падручніках, не гаворыцца аб тым, што праваслаўныя ВКЛ або Рэчы Паспалітай абсалютна не прагнулі “маскоўскага вызвалення”. “Вызвалялі”, і кропка!

Таксама, на наш погляд, не кепска папрацавалі і піяршчыкі пісьменніцы, скіроўваючы дадзены тэзіс аб “каталіках-агрэсарах” менавіта да “беларускага” чытацкага электарату Святланы Алексіевіч. Бо рэальна Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі, так бы мовіць больш-менш “павярнулася да беларусаў тварам” толькі некалькі дзясяткаў гадоў таму. Да гэтага рыма-каталіцтва было на беларускіх землях не проста веравызнанням, а прыладай польскай экспансіі. Змена веравызнання на рыма-каталіцтва для жыхароў ВКЛ у пераважнай большасці выпадкаў азначала і змену нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Тыя каталікі-беларусы, якія з’явіліся ў ХІХ ст. і існуюць зараз, ёсць былымі ўніятамі ды іх нашчадкамі. Але і тут, калі глядзець гістарычна, назіраем выразны працэс касцельнай паланізацыі (ксяндзы-беларусы былі хутчэй выключэнням, чым правілам), якая працягвалася, фактычна, да канца 80-х гадоў ХХ ст. Усё гэта стагоддзямі фармавала ў беларусаў вобраз каталіцтва як нечага чужога, экспансіўнага, польскага і, натуральна, небяспечнага… Вельмі сумнеўна, што падобны негатыўны погляд на каталіцтва неяк змяніўся не толькі ў “чалавека рускай культуры”, а і наогул у большасці чытацкага электарату Святланы Алексіевіч, не толькі Расіі, а і ў Беларусі…

Такім чынам, на нашу думку, не трэба шукаць нейкай канспіралогіі, антыкаталіцкай інтрыгі, следу ФСБ або яшчэ нейчага падобнага ў заявах Алексіевіч. Яны цалкам натуральны ды спрагназаваны для “чалавека рускай (чытай савецкай) культуры”, які не разумее ды і не хоча зразумець, што час змяніўся, ды адмаўляецца паглядзець на свет вачамі “чалавека Божага”. Зрэшты, Гасподзь даў людзям свабоду волі й кожны выбірае свой шлях.

А што датычыцца магчымага канфесійнага канфлікту, дык мусім заўсёды памятаць, што, нягледзячы на ўсе нашы разыходжанні, мы дзеці Беларусі. Мы гаспадары на сваёй, Богам дадзенай зямлі, а значыцца маем вялікую гаспадарскую адказнасць за яе прад Усявышнім.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі