У вёсцы Мікалаева ўшанавалі памяць ахвяраў НКУС (фота)

26 чэрвеня ў вёсцы Мікалаева (Шумілінскі раён) адбылася жалобная Імша на чале з каталіцкім біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам у памяць вязняў глыбоцкай турмы, расстраляных тут НКУСаўцамі 26 чэрвеня 1941 года.

Больш за 2000 чалавек лягло тут уздоўж дарогі. Начальнік глыбоцкай турмы Прыемышаў адпусціў крымінальнікаў, а затым асабіста расстраляў «палітычных” — 60 чалавек, стаміўся і загадаў ахоўнікам нікога не пакідаць у жывых. Некалькі сутак мясцовыя жыхары звозілі целы няшчасных у адмысловую брацкую магілу, што выкапалі літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад шашы ў лесе, адзначае BCHD.INFO.

Штогод тут збіраюцца людзі каля мемарыяла, створанага польскім урадам, каб памянуць душы забітых, каб не згубіць памяць пра страшныя часы, калі свае забівалі сваіх па надуманых загадах сталінскіх апрычнікаў.

У сваім казанні біскуп адзначыў, што такая несправядлівасць адбываецца у людскім жыцці, калі людзі забываюць пра Бога, калі ўзнікае памылковая ідэалогія, а за яе расплачваюцца нявінныя, бо гэтая ідэалогія патрабуе чалавечых ахвяр. Бог жа ёсць Любоў і ў глабальным маштабе, і ў жыцці асобнага чалавека.

Пасля заканчэння імшы і адбыцця святароў слова ўзяў Вячаслаў Сіўчык, былы кіраўнік Руху салідарнасці «Разам», які распавёў прысутным пра 12 такіх расстрэльных калон, знішчаных нкусаўцамі: Вілейка, Ігумен (Чэрвень), Мікалаева… Дэлегацыя з Менску ўсклала да крыжа жалобны вянок.

Прадстаўніца Шумілінскага райвыканкама выказала думку, што ўсіх рассудзіць гісторыя.

Кіраўнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў з КХП-БНФ распавёў пра жахлівыя знаходкі ў розных месцах Віцебшчыны, якія сведчаць пра злачынствы сталінскага рэжыму.

«Выступы людзей прадстаўнікі ўлады палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам і паабяцалі наступствы”, — адзначыла каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі