У Будславе прайшлі традыцыйныя марыйныя ўрачыстасці (фотарэпартаж)

У Будславе ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай 30- чэрвеня -1 ліпеня прайшлі ўрачыстасці ў гонар адной з галоўных святыняў беларускіх каталікоў – абраза Маці Божай Будслаўскай.

Удзел у свяце ўзялі 2300 пілігрымаў, якія прыйшлі пешшу, а таксама прыкладна 27 тысячаў вернікаў, адзначае Catholic.by.

Начную святую Імшу пры ўдзеле ўсіх каталіцкіх біскупаў Беларусі і Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтар, ранішнюю, заключную Эўхарыстыю, – мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Святкаванні ў Будславе гэтым разам прысвячаліся 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў пад дэвізам «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання».

Начная святая Імша, калі тысячы вернікаў прайшлі па пляцы ля касцёла са свечкамі і ліхтарыкамі ў руках, адбылася з фігурай Маці Божай Фацімскай.

«Чаму для свайго паслання Марыя ў Фаціме выбрала простых дзяцей ва ўзросце 7, 9 і 10 гадоў? Гэта Божая таямніца! Але, верагодна, таму, што дарослыя часта ігнаруюць Божы закон, а дзеці яго захоўваюць. І сапраўды, фацімскія дзеці вельмі рупліва выконвалі загад Божай Маці», – адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч ранкам падчас заключнай гаміліі.

«Ці часам не ідзе ўжо Трэцяя сусветная вайна ў фрагментарнай форме? Гэта рэальная вайна ў вобразе ваенных дзеянняў і тэрарыстычных актаў. Гэта вайна, якая выступае супраць Богам устаноўленага інстытуту сям’і і Божага дару жыцця, што вядзе да дабравольнага генацыду народаў і дэмаграфічнага крызісу. Гэта таксама і духоўная вайна, калі сучасная культура ўсё больш становіцца бездухоўнай», – дадаў мітрапаліт Кандрусевіч.

Фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі