Каталіцкі касцёл Чылі распачаў падрыхтоўку да кананізацыі Ігната Дамейкі

Домейко
У мінскім Чырвоным касцёле 31 ліпеня, у дзень 215-годдзя слыннага беларуса Ігната Дамейкі (1802-1889), даследчыка-геолага, мінеролага, нацыянальнага героя Чылі, было абвешчана аб тым, что Каталiцкi касцёл Чылі вядзе падрыхтоўчую працу для кананізацыі Дамейкі.

Пра гэту пробашчу Чырвонага касцёла кс. Уладзіславу Завальнюку паведаміла дэлегацыі з Чылі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі сям’і Дамейкаў.

Дэлегацыя возьме ўдзел у навуковай канферэнцыі “ Геалогія і мінеральныя рэсурсы Захада Усходне-Еўрапейскай платформы”, прысвечанай юбілею Ігната Дамейкі, у Нацыянальнай Акадэміі навук.

Домейко
З урачыстай нагоды ў касцёле адбылася адмысловая святая Імша.

“Я вельмі ўсхваляваная цырымоніяй. Мне вельмі прыемна бачыць яго партрэт у касцёле і абраз Божай Маці, перад якім ён маліўся. Дон Ігнацыё быў добрым мужам і сем’янінам, таму ў яго ў Чылі шмат нашчадкаў, сям’я даволі вялікая. Апошнія 20 гадоў я прысвяціла даследванню жыцця майго прадзеда. Пасля таго, як я перанесла аперацыю, і некалькі імкненняў перажывала клінічную смерць, дон Ігнацыю прыцягнуў мяне да сябе. Калі я прышла ў прытомнасць, то вырашыла, што буду даследваць яго жыццё. Я паехала ў Беларусь, у Літву, Францыю, Чылі. На іспанскай мове я напісала кнігу, якая была выдадзеная ў Чылі і перавыдадзена па-англійску ў Аўстраліі, дзе я жыву. Презентацыя кнігі адбудзецца гэтымі днямі ў Мінску. Самымі шчаслівымі, поўныя падарожжаў і прыгодаў, былі апошнія 20 гадоў майго жыцця, якія я прысвяціла дону Ігнацыё. У кнізе я імкнулася паказаць паўнату яго асобы. Ён быў рамантыкам і адначасова рэлігійнай асобай, навукоўцам, добрым бацькам. Таму ў Чылі і ў іншых кутках свету жывуць шмат яго праўнукаў”, – распавядае сен’ёра Паз Дамейка, праўнучка Ігната Дамейкі.

Сен’ёра Дамейка прыехала ў Беларусь разам са сваёй сястрой Сесіліяй, якая жыве і ў Вашынгтоне, і пляменнікам Мігелем, які жыве ў Чылі. Паз Дамейка мае  пяць дачок і шасцёх унукаў.

Яе прадзед Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года, у дзень успаміну святога Ігната Лаёлы ў мястэчку Вялікая Мядведка Наваградскага павета.

Домейко
Пасля смерці яго бацькі  маці засталася з трыма сынамі і дзвума дочкамі. Ігнат Дамейка выхоўваўся ў доме свайго дзядзькі Юзафа на Лідчыне. З 1812 года разам з старэйшым братам Адамам Дамейкам навучаўся ў школе ордэна піяраў у Шчучыне.

Па сканчэнні школы ў 1816 годзе паступіў на фізiка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе  далучыўся да дзейнасці Таварыства філаматаў і філарэтаў. Ён насіў канспіратыўнае імя Жэгота. Пасля суду над філаматамі і вызвалення з Віленскай турмы Ігнат Дамейка жыў на Лідчыне пад наглядам паліцыі. У 1930 годзе ён выехаў у Літву, а потым у Польшчу і Германію.

У 1934 годзе Ігнат Дамейка паступіў у Горную школу ў Парыжы. У 1837 годзе ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапы былой Рэчы Паспалітай.

У 1837 годзе навуковец прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў горадзе Какімба. Адам Міцкевіч паспрыяў ад’езду Ігната Дамейкі ў Чылі.

У 1838 годзе Ігнат Дамейка атрымаў званне прафэсара, а ў 1847 годзе ён атрымаў кафедру хіміі ў Чылійскім унівэрсітэце ў Сант’яга.У снежні 1848 году ён стаў грамадзянінам Чылі.  У 47-гадовым узросце даследчык пазнаёміўся з прыгожай 16-гадовай чылійкай Энрыкетай Сотамаёр Гусман (1834—1870) і 7 ліпеня 1850 пабраўся з ёй шлюбам, пражыўшы разам яшчэ дваццаць гадоў.

У Чылі вельмі шануюць дона Ігнацыё. Імя Дамейкі носіць вулканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko);  мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As);  фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana);  малая планета 2784 Domeyko;  шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадскіх установаў па ўсім свеце.

У Чылі ёсць невялікае мястэчка Дамейка ў адміністрацыйным рэгіёне Атакама, паміж гарадамі Ла-Сэрэна і Вальенар, у якім жыве каля тысячы жыхароў. Пуэрта-Дамейка (Puerto Domeyko) – порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Льянкіуэ (Llanquihue) – другога па велічыні возера ў Чылі. Lugarejo Domeyko – пасёлак ля порта Дамейка.

У Сант’яга стаіць помнік «Грандэ Эдукатору».

У гонар Дамейкі названыя вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Мінску і Навагрудку.

Эла Дзвінская

Фота аўтара

VK

Каментары





Блогі