У Росіцы ўшанавалі забітых нацыстамі святароў (фотарэпартаж)

У Росіцы, слынным мястэчку блізу Верхнядзвінска, дзе знаходзіцца каталіцкі санктуарый Росіцкіх пакутнікаў – благаслаўлёных  святароў-марыянаў кс. Антонія Ляшчэвіча і кс. Юрыя Кашыры – у ноч з 5 на 6 жніўня адбылося традыцыйнае ўшанаванне пакутнікаў часу Другой сусветнай вайны, спаленых нямецкімі карнікамі разам з вернікамі, пакінуць якіх святары адмовіліся, нягледзячы на прапанову нямецкіх жаўнераў.

У Росіцу прыйшлі тры пешыя пілігрымкі – з Полацка, Барысава і Друі. Апошняя была самай вялікай – больш за 80 чалавек, пераважана, моладзі, якой апякуюцца  манахіні-Еўхарысткі, што працуюць пры друйскай Троіцкай парафіі.

Росица
Асобна кусташ санктуарыя а. Чэслаў Курэчка MIC прывітаў пілігрымкі байкераў з Браслава (аматары байкаў прыехалі на чале з кс. Уладзімірам Шыдлоўскім) і веласіпедыстаў з Барысава. Гаспадар парафіі асвяціў тэхніку, на якой прыехалі госці.

Адмысловую святую Імшу для пілігрымаў узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, нагадаўшы, што пілігрымка – гэта вельмі моцны кшталт малітвы, якая творыцца ў інтэнцыі, з якой пілігрым вырушае ў шлях. Свае інтэнцыі вернікі маглі пакінуць у асобным сшытку для запісаў – аб гэтых просьбах у санктуарыі будуць узносіцца малітвы.

Росица
Пасля святой Імшы перад вернікамі выступіў святар з Друі – бібліст і перакладчык кс. Сяргей Сурыновіч з дакладам аб невядомых старонках жыцця і працы Францішка Скарыны. Сустрэча з навукоўцам прысвячалася 500-годдзю беларускай Бібліі.

Пасля цэнтральнай святой Імшы апоўначы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі  SDB у саслужэнні біскупа Віцебскага і Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, адбылася жалобная працэсія з паходнямі і знічкамі да месца, дзе ў 1943 годзе былі спаленыя святары і іх парафіяне.

Частка вернікаў пасля працэсіі ўзяла ўдзел у адмысловым Крыжовым шляху, стацыі якога размешчаныя вакол возера побач са святыняй. Тэксты разважанняў Крыжовага шляху склала пісьменніца Ірына Жарнасек – аўтар кнігі пра Росіцскіх пакутнікаў “Будзь воля Твая”.

Завяршыліся ўрачыстасці ранішняй святой Імшой у 12.00.

VK

Каментары





Блогі