Мінюст другі раз адмовіў у рэгістрацыі Сацыяльна-хрысціянскага руху

Кавалькова

Рух мае намер звярнуцца ў Вярхоўны суд са скаргай на Міністэрства юстыцыі Беларусі на нерэгістрацыю іх арганізацыі як дабрачыннага асветніцкага грамадcкага аб’яднання.

Кіраўніца Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова сказала, што Мінюст знайшоў ва ўстаноўчых дакументах два парушэнні. Першае — што было няправільна названае імя па бацьку адной з удзельніц устаноўчага сходу Ірыны Ермаковай. Другая падстава для нерэгістрацыі — тое, што ў спісе кіраўніцтва грамадскага аб’яднання 7 кіраўнікоў пазначаныя як сябры рады. Мінюст лічыць, што Вольга Кавалькова павінна была быць пазначаная не як сябра рады, а як кіраўнік. Аднак Кавалькова кажа, што ўсе 7 чалавек рады маюць аднолькавыя правы, і яна старшыня аб’яднання, але не ягонай рады.

Як лічаць Вольга Кавалькова і яе намеснік Максім Гацак, Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі без дай прычыны, і яны будуць аспрэчваць рашэнне Мінюсту ў Вярхоўным Судзе.

Дарэчы, гэта ўжо другая спроба зарэгістравацца — як і першая, яна скончылася няўдала.

«Аднак гэта нас не спыніць у нашай дзейнасці», — сказаў Максім Гацак.

Ён дадаў, што актывісты сацыяльна-хрысціянскага руху паведамяць пра гэты выпадак замежным партнёрам, каб ведалі, што так званая «лібералізацыя ў Беларусі» насамрэч не праводзіцца.

Вольга Кавалькова лічыць непатрэбным рэгістравацца за мяжой:

«Ёсць дзве прычыны, чаму мы гэтага не робім. Першая — рэгістрацыя за мяжой не дае магчымасці выконваць такі аб’ём працы і не дае такіх магчымасцяў, як рэгістрацыя ў Беларусі. Па-другое, мне як юрысту хочацца ўсё ж даказаць, што мы не парушалі ніякіх законаў, правілаў і маем законнае права на рэгістрацыю ўнутры Беларусі».

Вольга Кавалькова і Максім Гацак заявілі, што, нягледзячы на адмову ў рэгістрацыі, беларускі Сацыяльна-хрысціянскі рух працягвае дзейнасць прынамсі ў трох кірунках: агітацыя за беларускамоўнае навучанне дзетак у дзіцячых садках, паляпшэнне ўмоваў утрымання ў турмах і ізалятарах, дыскусія вакол пенсійнай рэформы.

Актывісты Сацыяльна-хрысціянскага руху збіраюць подпісы грамадзян Беларусі, сустракаюцца з дэпутатамі і праводзяць агітацыйныя кампаніі.

Радыё Свабода

VK

Каментары





Блогі