Салезіянская моладзь Беларусі наведала Мюнхен

bty

Сустрэчы салезіянскай моладзі Беларусі і Германіі, якія адбываліся некалькі год таму, аднавіліся. 3 31 ліпеня па 12 жніўня шаснаццаць маладых людзей з Беларусі былі запрошаны ў Мюнхен для ўдзелу ў летнім лагеры, які меў адукацыйны характар. Пра гэта паведаміў sdb.by.

Арганізатарамі выступілі кс. Віктар Гайдукевіч SDB (Беларусь), кс. Альфонс Фрыдрых SDB (Германія), настаўніца Марціна Райдэр (Германія), нямецкія медыяльныя агенцтвы St. Michael Verbund і Don Bosco Media. Яны прапанавалі моладзі адукацыйны праект на тэму «Грамадзянская мужнасць».

Маладыя людзі атрымалі тэарэтычныя веды. Грамадзянская мужнасць базіруецца на каштоўнасцях, якія закладаюцца ў асобе з дзяцінства. Крыніцай гэтых каштоўнасцей становіцца сям’я, вера, блізкія людзі, прыклады знакамітых асоб… Усведамляючы вартасць гэтых каштоўнасцей, чалавек рэалізуе і абараняе іх у асабістым і грамадскім жыцці. Этапы рэалізацыі гэтага працэсу праходзяць ад усведамлення да дзеяння ў канкрэтнай сітуацыі: спачатку чалавек бачыць сітуацыю (заўважае патрэбу), потым ацэньвае, як і з кім можа дзейнічаць, прымае рашэнне і дзейнічае.

Моладзь наведала месцы Мюнхена, якія звязаны з тэмай праекту. Гэта і непасрэдна месца прабывання Salesianum (цэлы комплекс, у якім ёсць і араторый, і інтэрнат, і дзіцячы садок…). Сёння, апроч іншага, тут дапамагаюць бежанцам.

Моладзь даведалася пра нашага сучасніка Дамініка Брунэра, які цаной свайго жыцця абараніў дзяцей ад здзекаў з падлеткаў. Беларусы наведалі музей BMW: кампанія выпусціла рад электрамабіляў, якія можна набыць, альбо арандаваць, такім чынам праяўляецца клопат кампаніі пра наваколле. Усё гэта прыклады актыўнай грамадзянскай пазіцыі альбо грамадзянскай мужнасці. Рэалізацыя такой пазіцыі магчыма як у вялікіх гучных учынках, так і ў штодзённасці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі