У Гомелі і пад Брэстам Яблычны Спас адзначаць народнымі гуляннямі

000023_490057_big

У Свята Праабражэння Гасподняга, якое адзначаецца па юліянскім календары 19 жніўня і якое атрымала ў народзе назву Яблычны Спас, у Гомелі ў гарадскім садзе ля буйной транспартнай развязкі, дзе размешчана скульптурная кампазіцыя з гіганцкіх яблыкаў, пройдуць народныя гулянні.

Пачнецца свята з набажэнства падзякі і асвячэння пладоў настаяцелямі праваслаўнага храмаў. Яблыкі можна прынесці з сабой, набыць на месцы або атрымаць у падарунак з рук прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства. На свяце будзе працаваць выстава работ рамеснікаў. Гасцей чакаюць народныя забавы і канцэрт з удзелам самадзейных калектываў абласнога цэнтра. Пачатак свята а 10:00, перадае БелТА.

А дзесяціметровы пірог стане галоўным упрыгожваннем другога раённага фестывалю «Вістыцкі яблык-2017», які пройдзе 19 жніўня ў аграгарадку Вістычы Брэсцкага раёна. Пірог з мукі і яблыкаў новага ўраджаю вырабяць работнікі Брэсцкага райпо. Паспрабаваць кулінарны шэдэўр змогуць усе госці фестывалю.

Пачатак мерапрыемства, таксама прымеркаванага да свята Праабражэнне Гасподняе, пакладзе асвячэнне пладоў ля паклоннага крыжа. У гэты дзень цэнтр Вістычаў ператворыцца ў адну вялікую экспазіцыю, на якой кулінарныя вынаходствы з яблыкаў прадставяць гаспадаркі і прадпрыемствы раёна.

На фэсце таксама пройдуць майстар-класы рамеснікаў, а работнікі раённых бібліятэк на адмысловай выставе раскажуць усё аб яблыках. Праграму дапоўняць раённы этап сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», паказальныя выступленні парашутыстаў аэраклуба ДТСААФ, клуба гістарычнай рэканструкцыі «Заходняя унія». Таксама адбудзецца адкрыты конкурс выканаўцаў беларускай народнай песні «Нашага краю любімыя спевы».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі