Рэлігійнае жыццё ва Украіне пасля Майдана: дасягненні і выклікі

IMG_6772

Як змянілася рэлігійная сітуацыя ў Украіне пасля Майдана і ваеннай агрэсіі з боку Расеі Krynica.info абмеркавала з украінскім экспертам па пытаннях дзяржаўна-канфесійных адносін, былым кіраўніком Дзяржкамітэта па справах нацыянальнасцяў і рэлігій Украіны, былым намеснікам старшыні партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз Украіны Юрыем Рашэтнікавым.

— Як развіваецца сітуацыя ў рэлігійнай сферы ва Украіне ў апошнія тры гады пасля падзей 2013-2014 гадоў? Палепшылася яна ці ж наадварот пагоршылася?

— Калі мы гаворым аб рэлігійнай сітуацыі ва Украіне ў апошнія тры гады, то, перш за ўсё, мы гаворым пра яе актывізацыю. Падзеі 2014 года прывялі да каласальнага ўсплёску, перш за ўсё, сацыяльнай працы цэркваў і рэлігійных арганізацый, узрастання колькасці ваенных капеланаў. Раней капеланаў было нашмат менш. Калі б не сацыяльная дапамога з боку цэркваў і рэлігійных арганізацый ў 2014 годзе, то, я думаю, Украіна б не перажыла сацыяльны калапс, бо дзяржава не была гатова прыняць некалькі мільёнаў нашых грамадзян, якія раптоўна сталі змушанымі перасяленцамі. Тое, што гэта не адбылося, тое, што людзі атрымалі нейкую дапамогу, то гэта, перш за ўсё, дзякуючы цэрквах. На сённяшні дзень розныя цэрквы прапануюць дапамогу як вымушаным перасяленцам, так і грамадзянам, якія пражываюць у зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі. Дапамагаюць узброеным сілам Украіны.

— А з чым звязана гэтая актывізацыя? Гэта ўнутраны пасыл ці нейкія асаблівыя ўмовы?

— Для Цэрквы ва ўсе часы была характэрная сацыяльная праца. І ўсплёск сацыяльнай актыўнасці быў адказам на тыя выклікі, якія ўзнікалі перад грамадствам у цэлым. З іншага боку, для Царквы характэрны клопат для патрабуючых і, безумоўна, патрыятызм, які таксама ўласцівы для цэркваў Украіны. Ён можа выяўляцца славесна па-рознаму. Але ён уласцівы для ўсіх цэркваў Украіны. І як раз камбінацыя гэтых фактараў прывяла да таго, што калі паўстала неабходнасць, цэрквы падставілі плячо і дзяржаве, і перш за ўсё ўкраінскім грамадзянам: ці то вайскоўцам, ці то вымушаным перасяленцам, ці то людзям, якія засталіся ў Данецкай і Луганскай абласцях, але ў якіх няма даху над галавой. Цэрквы пайшлі на дапамогу, а як можа быць інакш?

— Як вы маглі б ахарактарызаваць змены на заканадаўчым узроўні?

— Калі мы гаворым пра развіццё заканадаўства ў плане царкоўных адносін, то, безумоўна, адбыліся істотныя зрухі наперад. Гэта і магчымасць ліцэнзавання духоўных навучальных устаноў. І магчымасць дзяржаўнага прызнання дыпломаў духоўных навучальных устаноў. І магчымасць рэлігійным арганізацыям засноўваць навучальныя ўстановы: дзіцячыя садкі, школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Закранутыя і іншыя напрамкі, тое ж самае рэгуляванне дзейнасці ваенных капеланам.

З іншага боку, ёсць некалькі законапраектаў, якія ў выпадку іх ўзгаднення, могуць негатыўна адбіцца, як на міжканфесійных адносінах, так і перакрэсліваюць роўнасць рэлігійных арганізацый перад законам, нясуць пэўныя пагрозы свабодзе сумлення.

IMG_6763

— Не маглі вы распавесці падрабязнасці аб магчымых пагрозах?

— Законапраекты розныя, але тое, што іх аб’ядноўвае — гэта тое, што, на думку іх ініцыятараў, яны павінны працаваць супраць Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага Патрыярхату — Krynica.info). Украінская Праваслаўная Царква на сённяшні дзень з’яўляецца найбуйнейшай рэлігійнай арганізацыяй Украіны. І нават калі б законы працавалі толькі супраць адной рэлігійнай арганізацыі, то гэта б ужо выклікала пэўнае напружанне ў грамадстве. Праблема ў тым, што яны закранаюць не адну рэлігійную арганізацыю, а практычна ўсе рэлігійныя арганізацыі.

Перш за ўсё, мы гаворым пра законапраект 4128, па якім пытанне царкоўнай прыналежнасці канкрэтнай абшчыны, а па сутнасці храма канкрэтнай абшчыны, будзе вырашаць не сама абшчына, а незразумела якія грамадзяне, якія сябе атаясамляюць з дадзенай суполкай. Што такое самаатаясамліванне? Гэтага ніхто не ведае. На самай справе многія разумеюць, што гэта могуць быць звычайныя рэйдэрскія захопы, калі прыязджаюць людзі, якія кажуць, што сябе атаясамляюць з абшчынай, праводзяць сход, а потым большасцю галасоў без абшчыны прымаюць рашэнне пра храм. Зразумела, што ад гэтага пацерпяць усе рэлігійныя арганізацыі.

Ёсць яшчэ некалькі законапраектаў, якія загадваюць, як павінны называцца рэлігійныя арганізацыі. Гэта тое, што на мове міжнародных дакументаў называецца умяшаннем дзяржавы ва ўнутраныя справы рэлігійных арганізацый. Безумоўна, кожная рэлігійная арганізацыя сама вызначае, як ёй называцца ў сілу свайго кананічнага права і іншых нейкіх перадумоў, але не дзяржава.

І для некаторых рэлігійных арганізацый плануецца стварыць умовы іх існавання, што будзе ўключаць ўзгадненне святароў з дзяржаўнымі органамі. А ў апошні раз у нас такія узгадненні былі ў 1990 годзе. Гэта была савецкая практыка. І, здаецца, што калі мы гаворым пра пабудову дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавы, то вяртаць савецкую практыку — гэта неяк няправільна.

Так што гэтыя законапраекты ёсць. Рэлігійная грамадскасць выступае супраць іх. Будзем глядзець, якія рашэнні прымуць народныя дэпутаты.

— А які ваш прагноз? Прымуць гэтыя законапраекты ці не? Як-небудзь перайначаць?

— Я спадзяюся, што іх не прымуць. На самай справе мы гаворым пра тое, ці гатовыя народныя дэпутаты чуць прадстаўнікоў грамадства, сваіх выбаршчыкаў. Іншае — што ўсё ж такі хочуць народныя дэпутаты. Я разумею, што ёсць праблемы разумення. Што ёсць канфесійная ангажаванасць некаторых народных дэпутатаў, якія лічаць, што гэтым яны дапамогуць сваёй царкве і прыбяруць канкурэнта. Але гэта досыць наіўна і грамадска небяспечна. Карысці тут не будзе нікому, гэта дакладна. Будзе каласальнае грамадскае напружанне.

Ва Украіне ў 1990-я годзе ўжо было каля 900 выпадкаў фізічнай барацьбы за храмы. І ў наступныя гады дзяржава ўсё рабіла, каб паменшыць гэту колькасць. У 2013 годзе было ўжо не больш за 30 такіх выпадкаў, і то пытанні ўжо вырашаліся ў судах. Гэта значыць досыць цывілізавана.

Вярнуцца зноў да гэтай практыцы? Зноў зладзіць унутраны выбух ва Украіне? У пачатку 1990-х гадоў у нас не было вайны. Гэта было дрэнна для грамадства, гэта было ненармальна, але гэта было ўнутранае без вонкавага. Сёння ў нас ёсць знешні выклік. Калі яшчэ камусьці трэба падарваць унутраную сітуацыю ў Украіне… А ўсе мы ведаем, што рэлігійныя вайны заўсёды былі самыя жорсткія і прынцыповыя.

— Як Вы ацэньваеце спробы стварыць адзіную Праваслаўную Царкву ва Украіне?

— Што тычыцца адзінай памеснай Праваслаўнай Царквы, то ўсе за стварэнне такой царквы. Пытанне толькі, як і калі. І пытанне не простае. Калі мы ўсё-ткі гаворым пра тое, што гэта Царква, калі мы гаворым пра адзінства праваслаўных ва Украіне, то, напэўна, гэта адзінства павінна выспець у саміх праваслаўных у Украіне, а затым ужо інстытуалізавацца.

Калі мы кажам, што дзяржава павінна стварыць такую ​​Царкву, то ў савецкім мінулым ужо быў вопыт стварэння чагосьці падобнага. Прычым двойчы. Гэта і вопыт 1946 года, калі грэка-каталікоў далучылі да Праваслаўнай Царквы. Аднак Грэка-Каталіцкая Царква на самай справе нікуды не знікла, яна пайшла ў падполле. Больш за тое, украінскае нацыянальнае адраджэнне пачатку 1990-х гадоў і выхад Царквы з падполля як раз мелі некаторыя складанасці ў міжканфесійных і канфесійна-дзяржаўных адносінах з прычыны таго, што гэта быў вынік 1946 года. Тое, што гэта не вядзе да стварэння чагосьці адзінага, абсалютна ясна.

Другі прыклад — гэта стварэнне мегапратэстанцкага саюза ў тыя ж самыя гады, калі ў Саюз баптыстаў улівалі пяцідзесятнікаў, менанітаў. А потым па меры магчымасці людзі адтуль выходзілі, і заўсёды гэта таксама суправаджалася дастаткова няпростымі адносінамі.

У дзяржавы ёсць шмат магчымасцяў аблегчыць аб’яднанне: ствараць нейкія пляцоўкі для дыялогу, не дапускаць пагаршэння адносін. На жаль, я магу на сёння канстатаваць, што пры ўсіх лозунгах аб стварэнні адзінай памеснай Праваслаўнай Царквы, адносіны паміж праваслаўнымі цэрквамі ва Украіне зараз нашмат горш, чым гэта было ў 2013 годзе. І гэта не звязана ні з адной з праваслаўных цэркваў. Гэта звязана з непрадуманай дзяржаўнай палітыкай як у цэнтры, так і на месцах.

Гутарыў Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі