Камень Луіджы, альбо месца малітвы

szczadrou

Кожны раз, калі я прыязджаю ў Аляксандраўку, мне адкрываецца нешта новае. Часамі вельмі глыбокае і вельмі затоенае ў маім сэрцы, а часамі вельмі простае і прыгожае, якое велічнае праз простасць.

Апошні раз у Аляксандраўку, ужо даволі добра вядомай вёсцы ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе ўжо некалькі год служыць бедным Аляксей Шчадроў, імя якога больш вядома як брат Луіджы, мы прыехалі якраз на дзень успаміну каталіцкага святога Луіджы Арыёні. Так, імяніны беларускі Луіджы святкуе 12 сакавіка, якраз у дзень смерці гэтага святога.

Дарэчы, за час служэння Аляксея ў прытулку ў Аляксандраўцы адышло да нябеснага жыцця 13 чалавек. Яны памерлі не ў брудзе, нястачы, голадзе, холадзе, але ў цяпле звычайнай вясковай хаты, у вясковай цішыні, у чысціні, накормленыя і памытыя. Годна.

«Чалавек не павінен страціць сваёй годнасці ніколі, асабліва ў свае апошнія хвіліны жыцця», — думала я, калі ішла ў дубовы ўзлесак, які адразу пачынаецца напрыканцы Аляксандраўкі.

17321574_1427000934029658_133455222_n

У гэтым дубовым узлеску, што далей праразае маленькая рачулка, а ў ёй вядуць актыўнае жыццё сябры-бабры, знаходзіцца камень Луіджы.

«Гэта тое месца, куды я хадзіў маліцца, — кажа мне Луіджы, — калі яшчэ не было капліцы. І куды хаджу маліцца зараз».

17328195_1427000690696349_2136954062_n

Гэты камень нічым непрыкметны, самы звычайны камень на дарозе, якую шчыльненькім дываном лісця пакрылі досыць маладыя дубы. Зараз вясна і лісце, доўгі час схаванае пад снегам, яшчэ не паспела пачарнець. І нават крыху цяжка зразумець пару: ці то восень, ці то вясна, а асабліва ў хмарны дзень.

Аднак, так цяжка сябе стрымаць, каб не прабегчыся па гэтай дубовай алеі, доўга, доўга не спыняючыся, пакуль толькі хопіць сіл.

17274738_1427000040696414_1522456819_n

І мы беглі. Аднак беглі толькі да каменя. Каля каменя Луіджы мімаволі спыніліся. На адным з бліжэйшых дрэў да камня — маленькі «навясны алтарык». Там невялікія абразы, там свечка. «Як маленькая «шпакоўня» для сакральнага», — падумалася мне, калі я ўглядалася ў гэтую скрыначку на дрэве.

17275030_1427000417363043_67113091_n

Мне адразу прыгадалася дзяцінства, калі мы з братам падоўгу хадзілі па ваколіцах бабулінай вёскі і шукалі прыгожае месца, а потым, ці то падоўгу сядзелі і размаўлялі там, ці то маліліся. Бо ў такіх прыгожых месцах звычайна вельмі хацелася спачатку марыць, а потым, любуючыся прыгажосцю, ды закалыхваючыся гармоніяй, ціха маліцца. Сваімі словамі. Бясконца сузіраць і нават не заўважаць, калі губляецца пачуццё часу.

У месцы каля каменя Луіджы я адчула штосьці падобнае.

17270884_1427000284029723_460354183_n

Я зразумела, што ўсё сваё жыццё, часамі хуткаплыннае, часамі павольнае, але імкнуся знайсці месца, дзе мне зручна суцішыцца і маліцца, сузіраць і думаць пра прыгажосць жыцця.

Аляксандраўка, як шматлікія месцы маёй краіны, дапамагаюць мне ў гэтым. Гэта, як «трапляць на мяжу», якая падзяляе зямельныя надзелы. Зямельныя надзелы, за якія колісь нават сварыліся суседзі, адваёваючы сабе лепшы кавалак: большы па памеры, больш урадлівы, і які абавязкова павінен быў быць падзелены мяжой.

На адной такой мяжы ў вёсцы маёй бабулі мы збіралі ўвесну шчаўе, крыху пазней — зверабой, шматліснік, а потым — піжму, не забываючыся ўлетку на некалькі ягадак паземак, а менавіта так называе мая бабуля суніцы.

На мяжы вясковыя кабеты пакідалі малых дзяцей, пакуль самі завіхаліся, полячы бульбу ці буракі, а дзеці паволі раслі на гэтай мяжы, чуючы спевы сваіх матак, чуючы іх гамонку, чуючы конікаў, плач кнігаўкі, стракатанне страказы і гудзенне аваднёў ды тонкі спеў пчалы.

17328186_1427000037363081_1379707970_nГэта мяжа была калыскай гэтых дзяцей, гэта мяжа была і маёй калыскай. Можа, таму мне так блізкія сэрцу такія вёскі як Аляксандраўка, можа таму, што ў іх узрошчваецца дагэтуль мая душа — як на мяжы тыя дзеці.

Як камусьці таксама ёсць патрэба — крыху ўзрасціць душу сваю — заязджайце ў Аляксандраўку. Альбо знайдзіце сваю Аляксандраўку, не Шчучынскую, можа, Лепельскую, можа, Кобрынскую, можа, Пінскую ці Мазырскую.

Няхай узрастаюць і сталеюць далей нашыя душы, якія часта прагнуць знайсці «сваё месца», «сваю сцежку», «сваю песню» і заставацца ёй вернымі да канца.

FacebookTwitterGoogle+VKLiveJournal

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

juczkawicz

Журналістка, хрысціянка.

Каментары




Блогі