«Скарбнік Ватыкану абвінавачаны ў педафіліі»

pell

«Скарбнік Ватыкану абвінавачаны ў педафіліі». Гаворка ідзе пра аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла, энергічнага душпастыра, інтэлектуала і аднаго з сямі рэфарматараў царкоўных структур пры папе Францыску.

Што ж, позва Мельбурнскага Суда адрасаваная такой высокапастаўленай персоне, з такой інстытуцыі, як каталіцкая Царква, — выдатная пажыва для СМІ. Тут ужо і дзеепрыметнік абраны максімальна жорсткі («абвінавачаны»), і клінічны тэрмін «педафілія» фігуруе.

Дзеля саліднасці было б варта ўзяць пад увагу медыйна-палітычны кантэкст, у якім гэтыя абвінавачанні кіруюцца на адрас кардынала. Будучы моцным прыхільнікам «жорсткай лініі» ў стасунку да якіх-кольвечы формаў сэксуальнага выкарыстання непаўналетніх, кардынал усё ж пазначыў, што інфармацыя, якую святары атрымалі падчас таінства споведзі, не можа быць перададзена следчым. Гэта быў адзін з фактараў медыйнай нагонкі на кардынала. Былі і іншыя фактары, пра якія не буду тут разводзіцца. Так ці інакш, згаданай тут позве папярэднічала масіраваная медыйная кампанія супраць кардынала.

Задумацца прымушае таксама іншая акалічнасць. Як аўстралійская паліцыя, так і Камісія па справе раскрыцця сэксуальных злоўжыванняў у стасунку да малалетніх застаюцца фактычна бяздзейнымі ў дачыненні да т.зв. педафільскага кальца, якое — па данясеннях ахвяраў і шэрагу СМІ — уключае ў сябе шмат высокапастаўленых чыноўнікаў Аўстраліі. Цяжка пазбавіцца ўражання, што мансіньёр Пэл — гэта лёгкая мішэнь і спосаб адцягнення ўвагі ад рэальных праблем з педафіліяй. Кардынал — нават калі абвінавачанні супраць яго фальшывыя — не стане помсціць, не звольніць з пасады пракурораў ці следчых, не будзе наймаць кілера, як тое могуць зрабіць высокапастаўленыя чыноўнікі-педафілы.

Эндру Колінс, асоба, якая фактычна была ахвярай сэксуальных дамагальніцтваў з боку царкоўнікаў, вось нагадвае, што да той пары, пакуль не будзе даказана віна кардынала, кардынал павінен лічыцца невінаватым. Павучальны казус. Ахвяра педафіліі больш стрыманы ў вынясенні вердыкту кардыналу, чым падкія на сенсацыю СМІ.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

rudkouski

Багаслоў, філосаф

01 ліпеня 2017 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі