“Сямейная Рада” — Шлях да прабачэння

slajjd1

Наказ прабачаць зразумелы, універсальны і стары як свет. Прабачэнне – гэта паняцце і рэлігійнае, і філасофскае, і этычнае, і псіхалагічнае. Мы ўсё, па крайняе меры, хаця б у тэорыі ведаем аб важнасці прабачэння. Сам Ісус падкрэсліваў важнасць прабачэння не толькі ў Сваім вучэнні, але і явіў яго прыклад у апошнія хвіліны Свайго зямнога жыцця.

Нам увесь час падкрэсліваюць, што трэба прабачаць, што трэба падстаўляць другую шчаку, ісці з кімсьці дадатковую тысячу крокаў, прабачаць не сем разоў, а семдзесят разоў па сем.

Адна з самых прыгожых прытчаў Новага Запавету, прытча аб блудным сыне, кажа аб прабачэнні. Калі Ісус вучыў Гасподняй малітве, ён казаў, што прабачэнне – гэта адна з галоўных умоваў, якія павінныя прысутнічаць у малітве, каб яна магла быць пачутая Айцом.

slajjd6

“І калі ты прынясеш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыпомніш, што брат твой мае штосьці проці цябе, пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады ўжо прыйдзі і прынясі ахвяру тваю” (Мц 5:22-24)

Патрабаванне з евангелля паводле Мацьвея зразумелае і сэрца часцей за ўсё адгукаецца на яго. Але як трэба прабачаць? А што калі чалавек хоча прабачыць, але не можа? Што калі яго рана такая глыбокая, што прабачэння падаецца чымсьці нерэальным? Няўжо такі чалавек ніколі не зможа прынесці свой дар на ахвярнік?

Мы рэдка чуем аб тым, як трэба прабачаць. Часам нас нават пераконваюць, што прабачэнне – гэта проста акт волі. Нам трэба прыняць рашэнне прабачыць, проста забыцца даўнія крыўды і справа зробленая. Часам мы сапраўды можам так зрабіць, але часцей усяго гэта не ўдаецца.

Кожны чалавек быў паранены шмат разоў і шмат разоў прабачаў. Але часам нават, калі здаецца, што ты прабачыў, нярэдка пачуццё адрынутасці ці крыўды, якую мы хацелі забыцца, раптам зноў вяртаюцца.

Што рабіць у такім выпадку?

Многія цяжкасці і праблемы на шляху да прабачэння ўзнікаюць з прычыны неправільнага разумення таго, што такое прабачэнне. Таму важна ўсвядоміць, што прабачэнне не з’яўляецца звычайным актам волі, высілкам волі. Хутчэй яно прадстаўляе сабой працэс. І часам лепшае, што можна зрабіць – гэта пачаць гэты працэс. Трэба зрабіць першы крок перш, чым мы зможам зрабіць апошні.

slajjd7

І лепш, калі б мы маглі сказаць: “калі ты прынясеш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыпомніш, што брат твой мае штосьці проці цябе, пайдзі і пачні працэс прымірэння з братам тваім, а тады ўжо прыйдзі і прынясі ахвяру тваю”.

Такі падыход дапамагае нам зразумець дзве самыя важныя рэчы, якія мы павінныя ўсвядоміць, калі хочам прабачыць: па-першае, што прабачэнне – гэта працэс, а не акт волі, здзейснены раз і назаўсёды, а па-другое, што нам трэба стаць перад алтаром, гэта значыць, што мы патрабуем Божай дапамогі.

Малітва з’яўляецца для нас самым сапраўдным знакам, што мы пачалі працэс прабачэння. Нават калі адзінай малітвай, якую мы зможам прамовіць, будзе просьба, каб мы гэтага прабачэння захацелі. Магчыма, на пачатку будзе цяжка маліцца за чалавека, які нас раніў. Тады варта маліцца за сябе, дзеля сябе. Гэта будзе наш першы крок. Бог займае ў працэсе прабачэння вельмі важнае мейсца. Малітва – гэта спосаб прызнаць гэта. Гэта наш зварот да Бога, калі тое, што мы павінныя зрабіць, здаецца нам малаверагодным і занадта цяжкім. Гэта вялікі першы крок.

slajjd9

Навошта прабачаць?

Ці павінныя мы прабачаць проста таму, што так запаведана? А можа Бог проста вырашыў, што прабачэнне было б добрай рэччу, таму трэба зрабіць яго абавязковым? Канешне, не.

Сама прырода чалавека патрабуе прабачэння. Мы вольныя толькі тады, калі прабачаем. Варта запомніць, мы прабачаем дзеля саміх сябе. Таму вельмі важным матывам прабачэння з’яўляецца наша асабістае шчасце.

Даволі дзіўна, што сапраўднай прычынай нежадання прабачаць часам з’яўляецца перакананне, што непрабачэнне зробіць нас больш шчаслівымі. Такі чалавек становіцца ахвяра свайго ж непрабачэння і ператварае сваё жыццё ў муку. Ён робіць сябе менш здольным любіць і быць любімым, давяраць і быць дастойным даверу. Калі чалавек не прабачае ён развівае ў сабе зло і дазваляе яму знішчаць сябе і іншых.

Чалавек мае шмат лагічных ілюзіяў, якія падтрымліваюць нашу адмову прабачаць. Непрабачэнне можа даваць ілюзорнае пачуццё, што мы валодаем уладай над тымі, хто нас параніў. Непрабачэнне таксама дапамагае пазбягаць адказнасці. Калі чалавек прабачае, то гэта азначае, што ён ужо больш не можа нікога абвінавачваць у тым, як складваецца яго жыццё. Але на ўсё гэта мы трацім шмат сілаў і наколькі лепш было б, калі б мы змаглі прабачыць.

Калі прабачэнне настолькі важнае і такое патрэбнае для хрысціянскага жыцця, чалавечай цэласнасці, асабістага і грамадскага шчасця, чаму яно даецца нам з такой цяжкасцю? Прычына, у большай ступені, крыецца ў непаразуменнях, датычных прабачэння. Многія праблемы, якія не дазваляюць нам прабачыць тых, хто нас параніў, проста знікнуць, калі  мы зразумеем, чым прабачэнне не з’яўляецца.

slajjd11

Прабачыць – не значыць забыцца.

Заклік “прабачыць і забыцца” вельмі часта з’яўляецца цяжкавыканальным ці ўвогуле нерэальным. На самай справе, сапраўднае прабачэнне – гэта штосьці супрацьлеглае. Гэта памяць – свядомасць таго, што адбылося, і ўсведамленне значэння гэтай падзеі ў тваім жыцці. Часам мы не хочам прабачыць, бо думаем, што гэта азначае забыць выпадак, які прычыніў боль, альбо прыкінуцца, што яго ніколі не было. Але прабачэнне не азначае забыццё. Мы памятаем боль і заўсёды будзем насіць шрам ад раны. Калі мы забудземся на іх, то можам не засвоіць урок, які з іх вынікае. Нашы раны на самай справе могуць быць схаванымі дарамі. Забыццё магчымае, калі раны загаіліся і наступіла прабачэнне, але яно – пабочны рэзультат прабачэння і не з’яўляецца неабходнасцю. Забыццё магчыма, але толькі ў тым сэнсе, што мы ўжо не адчуваем болю, які калісьці кіраваў намі. Памяць можа захоўвацца.

Спрабаваць забыцца ці зменшыць сур’ёзнасць сваіх раненняў – гэты шкодны і нерэалістычны занятак. Мы вучымся на мінулым. Досвед паказвае нам, што памяць пра нейкія падзеі дапамагае нам узрастаць, перанакіроўваць сваю энергію і дазваляе перапыніць цыкл жорсткасці. Таму нядзіўна, што людзі часта адхіляюць прабачэнне, калі блытаюць яго з забыццём. Людзі кажуць: “Я ніколі не змагу прабачыць ёй таго, што яна мне зрабіла”. Звычайна пад гэтымі словамі яны маюць на ўвазе: “Я ніколі не забудуся таго, што яна мне зрабіла” – ці, прынамсі, блытаюць гэтыя дзве рэчы нават у сваёй свядомасці. Калі мы зразумеем, што прабачэнне і забыццё – гэта не адно і тое ж, гэта насамрэч можа нам вельмі дапамагчы.

Прабачыць – не значыць апраўдаць

Калі хтосьці нас раніць, то ён нас раніць. Гэта прычыняе боль і ўплывае на наша жыццё. Прабачыць крыўдзіцеля не значыць сказаць, што зробленае ім было прымальна, ці нават проста паспрабаваць зменшыць сур’ёзнасць яго ўчынку.

slajjd12

Прабачэнне не з’яўляецца формай адпушчэння грахоў

Калі мы прабачаем, мы не здымаем з кагосьці адказнасці. Гэты чалавек па-ранейшаму павінен адказваць за тое, што зрабіў, перад намі, грамадствам, Богам. Наша прабачэнне на гэта паўплываць не можа. Так, прабачыць – гэта Божая справа. Гэты ўдзел у безумоўнай любові, якая паходзіць ад Бога, але толькі Бог адпускае грахі, і толькі грэшнік можа шукаць гэтага адпушчэння. Нават калі мы прабачаем крыўду, нанесеную нам, гэтым мы не апраўдваем крыўдзіцеля, не адпускаем яму яго грэх і не вызваляем яго ад адказнасці. Мы прабачаем не дзеля кагосьці, а дзеля сябе. Кошт за непрабачэнне плацім мы самі, а не нашы крыўднікі.

slajjd13

Прабачэнне не з’яўляецца прытворствам

Яно не з’яўляецца гераічным прыняццем нанесенай у мінулым раны, якую проста трэба трываць, каб жыццё магло працягвацца. Мы не павінны ўвільваць ад сваіх крыжоў і ранаў, прыпісваючы іх “Божай волі”, сашчаміўшы зубы і трываючы. Божую волю ў такіх падзеях трэба шукаць у тым, што мы робім з імі. Сапраўднае прабачэнне паходзіць не з высілка волі, якое мы павінны прыкласці, калі жадаем быць хрысціянамі. Калі прыходзіць прабачэнне, яно больш падобна на тое, што з намі адбываецца, чым на тое, што мы здзяйсняем. Яно прыходзіць само, як пабочны вынік нашага ацалення. Калі нашы раны зажывуць, калі пройдзе пачуццё крыўды і мы зноў здабудзем пачуццё ўласнай годнасці, тады мы адкрыем, што няма чыннікаў устрымлівацца ад прабачэння. Яно прыходзіць адкрыта і свабодна. Яно не патрабуе вялікага самаахвяравання ці пакутніцтва.

slajjd14

Прабачэнне не з’яўляецца рашэннем

Нават калі прабачэнне здзейснілася вольна і спантана, падзеі могуць зноў раскрыць нашы раны, хоць час і лячэнне будуць рабіць гэта ўсё менш верагодным. Мы павінны памятаць, што прабачэнне – гэта не толькі акт волі, нешта, што мы вырашылі зрабіць, але што ў яго можа быць шмат пачуццёвых і эмацыйных узроўняў. Памяць пра пакуту заўсёды будзе прысутнічаць, але яна не абавязкова будзе прычыняць боль. Ад успаміну немагчыма пазбавіцца высілкам волі.

slajjd15

Прабачэнне з’яўляецца знакам не слабасці, а сілы

Нам непатрэбны гнеў, каб абараніцца. Наша сіла будзе мацавацца з нашай любові і свабоды. Наша прабачэнне не залежыць ад таго, кім быў крыўдзіцель, што ён зрабіў, зробіць гэта зноў ці не. Прабачаць першым чынам варта не дзеля яго, а дзеля сябе.

Некаторыя людзі настолькі атаясамляюць сябе са сваімі ранамі, што цалкам становяцца ахвярай. Гэта становіцца іх індывідуальнасцю. Для іх прабачыць – значыць пазбавіцца сваёй індывідуальнасці. Гэта сапраўды праўда, але індывідуальнасць, якую яны губляюць, калі прабачаюць, з’яўляецца іх ложным “я”.

slajjd16

Прабачэнне не значыць прыніжэнне і слабасць

Дастаткова проста ўспомніць гісторыі, з якіх мы пачыналі, каб у гэтым пераканацца. Людзі, якія прабачылі, вызываюць захапленне сваёй шчырасцю і сілай.

Такім чынам, прабачэнне не з’яўляецца забыццём, апраўданнем ці адпушчэннем грахоў. Яно не з’яўляецца таксама прытворствам ці чымсьці, што мы робім дзеля крыўдзіцеля. Прабачэнне – гэта не рашэнне. Прабачэнне не прыводзіць да страты індывідуальнасці, годнасці чалавека. Яно таксама не вызваляе крыўдзіцеля ад адказнасці, не залежна ад таго прызнае ён яе ці не. Разуменне гэтых рэчаў, іх усведамленне вельмі дапаможа тым, хто хоча пачаць працэс прабачэння.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Па матэрыялах кнігі Уільяма Мэнінджэра “Шлях да прабачэння”

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі