“Звычайная супермама”: Урок №3. Шчасце ў дробязях

Кожная жанчына ў сваім пакліканні, у рэалізацыі сваёй штодзённай працы ўнікальная. Кожная жанчына прыгожая ў сваіх клопатах і адважная ў змаганні з цяжкасцямі. Кожная жанчына мае свой перажыты досвед, важны, непаўторны і таму такі захапляльны. Кожная жанчына носіць у сэрцы вопыт, здольны навучыць сотні іншых.

Жанчыну Госпад стварыў любячай, клапатлівай і адначасова моцнай. Матулі, прафесіяналы, памочніцы сваім мужам, умеліцы, моцныя жанчыны, якія штодзённа аддаюць сябе служэнню іншым. Кажуць, што існуюць таксама жанчыны, якія умеюць элегантна спалучаць працу мамы з прафесіяналізмам, сацыяльнай дзейнасцю і самаразвіццём. У грамадстве іх называюць супермамы. Але ці існуюць супермамы на самай справе?

Альбо гэта звычайныя жанчыны – якія проста ведаюць, што робяць, ведаюць куды ідуць, ведаюць і разумеюць сваё пакліканне? Такім чынам, цудоўныя звычайныя жанчыны дзеляцца сваім досведам на гэты конт, распавядаюць пра свае цяжкасці і адкрываюць свае думкі.

Сёння “Крынічка” вырашыла пагутарыць з надзвычай моцнай і смелай жанчынай, жонкай, шматдзетнай матуляй, цудоўным фатографам Надзеяй Гацак. Гісторыя Надзеі ў многім незвычайная – цяжкая хвароба, цяжарнасць, складаны выбар – маё жыццё ці жыццё дзіцяці, давер Госпаду, пакора… У выніку цудоўнае аздараўленне, а да таго мілая сонечная дачушка Ядвіга Уршуля.

IMG_3970

Надзея, распавядзі, што ў тваім выпрабаванні сталася для цябе самым галоўным, што ты зразумела?

Напэўна, тое, што калі ты пачынаеш давяраць Богу, то страх сыходзіць. Таксама, што няма нічога больш важнага за любоў. А яшчэ тое, што шчасце ў дробязях, якіх не заўважаеш у звычайным жыцці.

Атрымліваецца хвароба ў чымсьці перамяніла цябе? Што для цябе зараз на галоўным месцы?

Так, пасля хваробы мае прыярытэты змяніліся. Толькі цяпер, калі я была на мяжы жыцця і смерці, я разумею, як важна бачыць той момант, калі тваё дзіця проста гуляецца. Як важна бачыць, як дзеці да цябе падыходзяць і проста штосьці распавядаюць, таму што для іх гэта так важна. Год таму я б не звярнула ўвагу на многія моманты, а цяпер гэта для мяне важна. Змена прыярытэтаў таксама і ў тым, каб атрымліваць задавальненне – ад жыцця, ад вясновага паветра, ад неба, ад паходу ў краму, ад прыборкі, ад таго, што ты можаш – вось гэты факт, што я магу, ён натхняе, ён вельмі важны, хоць і цудоўна просты. Мы з сям’ёй хіба з паўгады амаль не гулялі разам, а тут нядаўна мы выйшлі і неверагодна як гэта крута – мы гуляем разам, проста гуляем, нікому нічога не баліць, мы проста гуляем разам – усе, усёй сям’ёй, гэта так рэдка бывае.

Максім, твой муж, увесь гэты час быў побач з табой і падтрымліваў. Якая ваша гісторыя, з чаго ўсё пачалося, чаму побач з табой менавіта ён?

Мы з Максімам разам ужо дзесяць год, а жанатыя – дзевяць. За гэты час я не памятаю нават моманта ў думцы, каб мы з ім гаварылі, што ўсё, трэба заканчваць нашыя адносіны, такога не было ні разу. Як кажуць – забіць хацелася, развесціся – не. Чаму менавіта ён – я не ведаю, хіба ён дар Божы для мяне. Мы пазнаёміліся на дні народзінаў сябра, ён узяў мой нумар і патэлефанаваў ажно праз месяц, я спачатку яшчэ вагалася, але праз некаторы час зразумела, што ўвесь час думаю пра яго, мы паразмаўлялі больш блізка. Максім слухаў мяне, не распавядаў нейкія неверагодныя гісторыі, не напружваў сваімі перакананнямі, а проста слухаў і быў уважлівы да маіх праблемаў, майго меркавання. І ўсё – я зразумела, што гэта ён, мне больш ніхто ня трэба і ад яго я хачу дзяцей. Гэта была ўпэўненасць. Мне здаецца, што гэта дзеянне Духа Святога, таму што немагчыма так проста ўзяць і зразумець, што гэта твой чалавек, твой будучы муж. І я лічу, пражыўшы дзевяць год у шлюбе мы вельмі шчаслівыя, нягледзячы ні на што.

IMG_4012

А як вы ўмацоўваеце свае стасункі, што нават у такім цяжкім выпрабаванні змаглі вытрымаць і застацца шчаслівымі?

Як кажа муж – вельмі важна не забывацца адпачываць толькі ўдваіх, без дзяцей, заставацца  сам-насам хаця б пару гадзін, а ідэальна на пару дзён. Гэта дапамагае ўзгадаць з чаго ўсё пачыналася, як усё было тады, калі вас яшчэ не зацягнуў побыт. У нас няма вялікай колькасці бабуль і дзядуль, каб пакінуць дзяцей, але мы просім сяброў, знаходзім нейкае выйсце. Безумоўна бываюць такія моманты, калі мы аддаляемся. Гэта звычайна звязана з тым, што мы штосьці адно аднаму не дагаворваем. Калі прыходзяць такія моманты, мы перасільваем сябе і размаўляем, пераступаем праз гэты парог непаразумення, размаўляем, і ўсё-усё наладжваецца.

Ці ёсць нейкая твая любімая літаратура, якую ты магла б параіць па тэме ўмацавання сям’і?

Наконт літаратуры – ёсць такі цудоўны польскі сямейны псіхолаг Яцэк Пулікоўскі, які піша вельмі правільныя кнігі для сем’яў – “Кракадзіл для каханай”, “Варта палюбіць цешчу” і “Варта быць бацькам”. Мы гэтыя кнігі прачыталі яшчэ ў самым пачатку нашага сумеснага жыцця і яны дапамаглі нам пазбегнуць многіх пытанняў і канфліктаў.

А ці прыйшлося аднаўляць, наладжваць стасункі з дзеткамі пасля хваробы? Як яны гэта перажывалі?

Я шмат што ўпусціла пакуль хварэла. Рагнеда вырасла, Франц у той час, як любы хлопчык, вельмі патрабаваў мамы, заўсёды плакаў, калі я з’яжджала. Бывала такое, што я вяртаюся з хіміі праз некалькі дзён, а Франц кажа – я не выйду, я не люблю цябе. Рагнеда, яна больш спакойная, але таксама было бачна, як яна перажывала. Такое часта бывае, калі бацькі шмат працуюць, яны губляюць у прынцыпе адносіны з дзецьмі, гэта можа адбыцца нават у такім маленькім узросце. Зараз мы стараемся проста быць разам. Безумоўна, шмат што змянілася ўва мне, бо калі мне было дваццаць, і калі мне цяпер трыццаць, я ўжо зусім па-іншаму стаўлюся да дзяцей. Нашмат больш разумею, шмат на якія моманты проста не звяртаю ўвагі. Наогул мне здаецца, што пасля хваробы я стала больш спакойнай, стала менш крычаць на дзяцей, для мяне гэта была вялікая праблема. У маёй сям’і крычалі, гэта была традыцыя размовы, таму і я крычала. Стараемся гуляцца з дзеткамі часцей, стараемся кніжкі ім чытаць, яны вельмі любяць, калі я ім чытаю. Мы з Максімам па чарзе дзетак укладваем спаць, дзень ён, дзень я. Кажуць, што дзеці павінныя засынаць самі, але мне здаецца, чаму б не пасядзець тыя пятнаццаць хвілін з імі перад сном, бо ўжо зусім хутка час праляціць і яны сапраўды пачнуць засынаць самі.

IMG_4000

Што ты хочаш, каб твае дзеці даведаліся пра Госпада пакуль яны маленькія?

Што Бог добры, гэта самае галоўнае. Нас вучылі, мяне вучылі, ды, напэўна, усіх вучылі – вось калі ты не будзеш штосьці так і так рабіць – Бог пакарае. Не пакарае! Ён прабачыць, усё прабачыць, калі ты будзеш прасіць прабачэння. Хачу, каб яны гэта зразумелі. Бог гэта любоў. Пра грахі мы шмат чуем, а пра любоў зусім мала.  А гэта, мне здаецца, галоўнае. І таксама хачу, каб яны не баяліся.

Чаго не баяліся?

Нічога. Колькі разоў Бог сказаў у Бібліі не бойся? Вельмі шмат, таму – не трэба баяцца нічога. Рагнеда, яна зараз так баіцца зрабіць памылку, напрыклад, у школе, я ёй стараюся паўтараць – не бойся зрабіць памылку, не бойся. Нават, калі мае дзеці вырашаць прыйсці ў касцёл з фіялетавымі валасамі ці зрабіць татуіроўку, мне будзе абсалютна ўсё адно, таму што не гэта галоўнае. Можна хадзіць з іракезам і быць нашмат больш веруючым, чым бабушка, якая стаіць на каленях суткамі. Дзеі, вось галоўнае.

У цябе зараз шмат звычайная жаночай працы, ты ўвесь час дома з дзеткамі, ці адчуваеш ты сябе шчаслівай?

Безумоўна! У параўнанні з двума папярэднімі гадамі, калі кожны месяц я з’яжджала на хімію і калі я проста не магла падняцца з ложка, а такое часта бывала, то зараз вялікая радасць, проста магчы падмесці, збегаць нарэзаць дзецям яблык.

htmlimage

Жанчыны вельмі часта ў хатняй руціне губляюць шчасце, што рабіць, каб гэтага не здарылася?

Насамрэч, гэта вельмі важна ўмець расслабляцца – пайсці папіць каву, проста выйсці на гаўбец і папіць, нарэшце, той кавы. Важна выйсці кудысьці, няважна куды – выйсці купіць сабе шалік ці шакаладку, альбо схадзіць пасядзець у кавярні. Мусіць быць расстаноўка прыярытэтаў – дзецям патрэбныя шчаслівыя бацькі. Я вельмі люблю кіно, якаснае кіно, калі я гляджу фільм, то мяне няма, я раствараюся ў гісторыі фільма, таксама і з кнігамі, я вельмі люблю чытаць. Дарэчы, менавіта кнігі былі маім выйсцем падчас хімій, я тады іх столькі перачытала, што нават не ўсе ўзгадаю адразу. Гэта для мяне магчымасць адпачыць. Таксама для мяне вельмі важна працаваць, займацца любімай справай, таму я стараюся знайсці час, каб выйсці і пафатаграфаваць. Жанчына павінна хадзіць на любую, якую заўгодна любімую працу, хоць пару разоў на тыдзень, гэта таксама магчымасць расслабіцца. Яшчэ мы з Максімам падарожнічаем. Проста, калі ты едзеш у падарожжа, змяняеш атачэнне , раствараешся ў іншым горадзе, у іншай краіне, хаця б на дзень, гэта вяртае цябе да шчасця і дае новае дыханне.

Не кожнаму дадзеная магчымасць глянуць на жыццё з іншага ракурса, так як гэта было дадзена табе. Як думаеш, ці ёсць спосаб прымусіць жанчыну занураную ў побыт глянуць на тое, што яна мае, па-іншаму, вярнуць ёй радасць у штодзённых клопатах, у выхаванні дзяцей?

Магчыма адзін са спосабаў гэта сведчанне, пра тое, як бывае, пра тое, што не у кожнага ёсць тое, што ёсць у яе. Але, па шчырасці, я песіміст у такіх рэчах і лічу, што чалавек альбо сам хоча зірнуць збоку і змяніць стаўленне, альбо не. Я не думаю, што чыйсьці прыклад можа змяніць штосьці грунтоўна.

Якія традыцыі ў вашай сям’і ўмацоўваюць вас і прыносяць радасць, якімі традыцыямі ты б магла падзяліцца з іншымі сем’ямі?

Традыцыі… У асноўным нашыя традыцыі звязаныя з Богам, бо мы практыкуючыя каталікі. Напрыклад, кожную нядзелю мы ходзім у касцёл усёй сям’ёй, выключэнні толькі калі хтосьці хварэе. Стараемся бываць штогод на ўрачыстасцях у Будславе. Заўсёды перад сном таксама молімся, мы для сябе такую мелодыю для малітвы Ойча наш і Анёл Ахоўнік прыдумалі і разам спяваем, дзеці могуць топаць і прыгаць пад яе.

Таксама мы ходзім у кіно, любім бываць там як з дзецьмі, так і без іх. Чытаем казкі на ноч. На святы замест гатавання, я заўсёды раблю піцу па фірмовым рэцэпце і проста адпачываю разам з усімі. А таксама на Божае нараджэнне мы робім паштоўкі з фотаздымкамі нашых дзяцей і рассылаем усім блізкім людзям, па паштоўках можна добра прасачыць, як растуць і змяняюцца нашыя дзеці, цікава нават нам самім.

Размаўляла Вольга Севярынец, стыліст Дар’я Шаўко

VK

Каментары





Блогі