У Мінску распачаўся ІV Праваслаўна-Каталіцкі Форум

phoca_thumb_l_2014-06-02-forum-0632 чэрвеня ў Мінску ў Белай зале праваслаўнага Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне ў Мінску ўрачыста адкрыўся ІV Праваслаўна-Каталіцкі Форум на тэму «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскіх Цэрквам у Еўропе».

Форум праходзіць у сталіцы Беларусі па 6 чэрвеня. Яго мэта – кансалідацыя хрысціянскіх сіл Еўропы для сумеснага сведчання сучаснаму свету і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў. Раней падобныя Форумы праходзілі ў Трэнта (Італія), на востраве Родас (Грэцыя), у Лісабоне (Партугалія), перадае catholic.by.

Да ўдзелу ў Форуме запрошаны делегаты з 22 краін, уключая больш за 40 каталіцкіх і праваслаўных іерархаў.

У дзень адкрыцця ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка агучыў віншаванне прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам Форума. “Сёння асаблівую важнасць для ўсёй еўрапейскай супольнасці набываюць пытанні захавання маральных асноваў і традыцыйных каштоўнасцяў. Менавіта таму так актуальныя задачы, якія ставіць перад сабой гэты форум – абмеркаваць шляхі развіцця міжканфесійнага дыялогу, асабліва падкрэсліць місію хрысціянства ў сучасным свеце”, – гаворыцца ў віншаванні.

Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у прывітальным слове назваў Форум “месцам сяброўства”, а галоўным дасягненнем падобных праваслаўна-каталіцкіх сустрэч – тое, што “на іх мы вучымся давяраць адзін аднаму”. “Я рады бачыць вас у нас у гасцях”, – сказаў ён.

Мітрапаліт Сасімскі Генадзіус, сустаршыня Форума з праваслаўнага боку, перадаў прывітанне ад Канстанцінопальскага Патрыярха. Выразіў сваё задавальненне гэтай ініцыятывай і Папа Рымскі Францішак, які выказаўа надзею, што Форуму будзе спрыяць умацаванню сяброўскіх адносінаў і адзінства. “Яго Святасць выказвае надзею, што свабода веравызнання ў Еўропе будзе гарантавана ва ўсіх яе аспектах і хрысціяне заўсёды змогуць даць адказ пра сваю надзею лагодна, з павагай і добрым сумленнем”, – адзначыў Дзяржаўны сакратар кардынал П’етро Паралін, ліст ад якога зачытаў першы сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі прэлат Філіпа Чампанэлі.

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел назваў задачай Форуму “абмеркаваць, што нам трэба зрабіць, каб захаваць духоўна-маральныя каштоўнасці”. “Захоўваючы гэтыя каштоўнасці, мы сведчым аб тым, што мы – хрысціяне і з намі Бог”, – падкрэсліў ён.

“Духоўна-маральныя евангельскія асновы – гэта не выдумкі філосафаў, нейкіх грамадскіх кіраўнікоў або лідэраў, гэта адкрыцьцё Божае”, – адзначыў іерарх, перадае БелТА.

Ад імя Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі і ад сябе асабіста ўдзельнікаў прывітаў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, які заўважыў, што “ў сучасным свеце адбываецца не толькі дыялог культур, але і іх узаемапранікненне”, а “імкненне пабудаваць талерантнае грамадства часта прыводзіць да вынікаў адваротных, чым чаканыя”. Мітрапаліт нагадаў, што Форум “праходзіць на фоне сумных падзей ва Украіне”, і выказаў надзею, што ён паспрыяе “ўмацаванню праваслаўна-каталіцкага ўзаемадзеяння”.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ўпершыню ў Беларусі арганізуецца “такая важная міжканфесійная падзея”, і гэта з’яўляецца “знакам добрых адносінаў паміж нашымі Цэрквамі”. Іерарх падкрэсліў, што тэма Форума – “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе” – “вельмі важная сёння для хрысціянства і для нашых Цэркваў”, і выказаў спадзяванне, што форум адлюструе стаўленне прадстаўнікоў розных народаў і культур Еўропы да сучасных праблем духоўнага жыцця.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ў Беларусі на працягу многіх стагоддзяў жылі католікі і праваслаўныя, прадстаўнікі іншых веравызнанняў. “Мы ўсведамляем, што нас аб’ядноўвае наш Пан Езус Хрыстус і Добрая Навіна пра збаўленне. Перад абліччам розных выклікаў сучаснасці мы маем патрэбу ў дыялогу”, – сказаў ён.

З прывітальным словам звярнуўся cустаршыня Форума з каталіцкага боку, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі кардынал Петэр Эрдзё. Таксама іерарх перадаў Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Паўлу частку парэшткаў св. караля Стэфана.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі