Беларускія ўлады не каментуюць забарону на служэнне двум каталіцкім святарам

Раман Шульц
Ксёндз-дамініканін Раман Шульц

Беларускія ўлады не каментуюць скасаванне дазволу на служэнне ў краіне двум каталіцкім святарам з Польшчы – адміністратару парафіі святых Казіміра і Ядвігі ў Магілёве а. Раману Шульцу і святару-францішканіну, які меўся служыць у Івянцы. Пра гэта ў каментары парталу Forum 18 заявіў прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Юрый Санько.

Пракаментаваць дадзенае рашэнне не захацелі і ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, які займаецца выдачай падобных дазволаў на служэнне. Так, начальніца аддзелу па справах рэлігіяў Алена Радчанка адмовілася даваць якіясьці каментары, бо яны могуць быць “няправільна зразумелыя”, і параіла звярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва. Аднак датэлефанавацца да чыноўнікаў не атрымалася, паведамілі Крыніца.INFO ў Forum 18.

Начальнік аддзелу рэлігіяў і нацыянальнасцяў Магілёўскага аблвыканкаму Уладзімір Мартыноўскі заявіў, што рашэнне пра скасаванне дазволу прымалася не на мясцовым узроўні. Пры гэтым парафіянам, якія пазбаўленыя святара, які апекаваўся імі сем гадоў, чыноўнік параіў “маліцца Богу” і “звяртацца да свайго кіраўніцтва”. “Няма чаго рабіць з уладамі”, – сказаў ён і паклаў слухаўку.

Айцец Раман Шульц можа заставацца ў Беларусі да сканчэння тэрміну візы, але служыць у якасці святара ён не мае права. У выніку Імшу ў парафіі святых Казіміра і Ядвігі цэлебруецца цяпер толькі раз на тыдзень святаром з іншай парафіі. Парафіянам раюць наведваць іншыя касцёлы Магілёва.

Нагадаем, пра скасаванне дазволу на служэнне ў Беларусі двум каталіцкім святарам заявіў у красавіку мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Фота – mohylev-katolik.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі