Сёння дзень памяці ўніяцкага блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая Чарнецкага

charnetckyiУ 2014-тым годзе спaўняецца 130 гадоў ад нараджэньня і 55 гадоў ад сьмерці сьвятамучаніка Мікалая, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Заходняй Беларусі. Памяць сьвятамучаніка Мікалая адзначаецца 27 чэрвеня. Уніяты лічаць яго асаблівым нябесным апекуном вернікаў, якія сёньня жывуць на тэрыторыях ягонага архіпастырскага служэньня.

Як паведамляе  ўніяцкі сайт svjazep.org, Мікалай Чарнецкі нарадзіўся 14 сьнежня 1884 годзе ў заходне-ўкраінскай вёсцы Семакоўцы ў звычайнай сялянскай сям’і. духоўную адукацыю атрымаў семінарыі ў Станіслававе (сёньня Івана-Франкоўск), і ў Калегіі сьвятамучаніка Язафата ў Рыме. Высвечаны ў светара у 1909 годзе. З восені 1910 года а. Мікалай Чарнецкі становіцца прафесарам філасофіі і фундаментальнай дагматыкі семінарыі ў Станіславе. Адначасова выконвае функцыі духоўніка семінарыі, рупліва працуючы над асьвячэньнем сваім і давераных яго апецы душ. Аднак сэрца маладога сьвятара Мікалая ірвалася да манаскага жыцьця, і ў 1920 годзе ён склаў манаскія абеты, уступіўшы ў  Кангрэгацыю Найсьвяцейшага Збавіцеля (Ордэн рэдэмптарыстаў). Праз 11 гадоў руплівай працы ў місіянерскім цэнтары ў горадзе Ковелі на Валыні  Папа Пій XI ў 1931года прызначыў а. Мікалая Чарнецкага біскупам і Апостальскім візітатарам для каталікоў усходняга абраду на Валыні, Палесьсі, Падляшшы і Холмшчыне. На гэтых землях Уладыка Мікалай служыў амаль 14 гадоў як архіпастыр для вернікаў, якія ў рамках Нэа-уніі вярталіся ў Каталіцкую Царкву.

Уcharnetskiy 1924 года Ордэн езуітаў візантыйскага абраду адчыніў цэнтар Усходняй Місіі ў Альбярціне, што каля Слоніма. У 1931 года  езуіты заснавалі Папскую ўнійную семінарыю ў горадзе Дубне (Украіна). Уладыка Мікалай, як Апостальскі візітатар, наведваў душпастырскія цэнтры езуітаў, ездзіў па ўсіх нэа-унійных парафіях і калоніях Заходняй Беларусі, Валыні, Падляшша, Холмшчыны. Згодна з воляй Сьвятога Айца, Уладыка Мікалай стаў архіпастырам тэрыторыі, асьвячанай жыцьцёвай дарогай сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага (1623).

У 1939 годзе савецкія ўлады выгналі рэдэмптарыстаў з Ковеля, а разам зь імі і Ўладыку Мікалая. Таму ён быў вымушаны пасяліцца ў Львове. Пасля аднаўленьня дзейнасьці Львоўскай Багаслоўскай Акадэміі ў 1941 годзе Уладыка Мікалай стаў адным з яе прафесараў: ён выкладаў некаторыя філасофскія дысцыпліны, псіхалогію і маральнае багаслоўе.

Калі ў 1944 годзе савецкія войскі другі раз занялі Галічыну, пачаўся доўгі і цяжкі крыжовы шлях Уладыкі Мікалая. 11 красавіка 1945 года яго арыштавалі і трымалі ў турме НКУС, дзе жудасна над ім зьдзекаваліся. Пасля перавялі ў Кіеў, дзе трымалі цэлы год, пакуль справу разгледзелі ў судзе. Нарэшце, абвясьцілі прысуд: як “агенту Ватыкана” – 10 гадоў у зоне ўзмоцненага рэжыму. Спачатку біскупа Мікалая (Чарнецкага) разам з мітрапалітам Язэпам (Сліпым) адправілі ў сібірскае мястэчка Марыінская Кемераўскай вобласці, а пазней яго часта пераводзілі з адной зоны ў іншую.

charnetskiy_2Апошнія гады свайго зьняволеньня біскуп Мікалай правёў у турэмным шпіталі ў Мардовіі. У 1956 годзе стан здароўя яго настолькі пагоршыўся, што лекары, нават, не спадзяваліся, што ён застанецца жывым. Лагернае кіраўніцтва лічыла яго безнадзейна хворым, таму вырашыла адправіць Уладыку Мікалая ў Львоў.

У 1956 годзе біскуп Мікалай (Чарнецкі) вярнуўся ў Львоў, дзе адразу прыйшлося легчы ў бальніцу. Усе думалі, што ён адтуль ня выйдзе, але Госпад працягнуў яго жыцьцё. Праз некаторы час Уладыка ачуняў, што здавалася цудам. Біскуп Мікалай працягваў сваё апостальства малітвы і цярпеньня за паству, якой ён раней служыў у Беларусі, на Валыні і на Падляшшы. Нават, калі быў цяжка хворы, пакутнік Мікалай заставаўся верным сваёй місіі Добрага Пастыра: духоўна падтрымліваў сваіх субратоў, рыхтаваў кандыдатаў да сьвятарства, высьвяціў больш за дзесяць сьвятароў.

Паляпшэньне стану здароўя Ўладыкі Мікалая ня было доўгім; 2 красавіка 1959 года біскуп-пакутнік адышоў да свайго Госпада. Пахаваньне біскупа Мікалая (Чарнецкага) адбылося 4 красавіка 1959 года. Улічваючы сьведчаньне праведнага жыцьця сьветлай памяці біскупа Мікалая, у прыватнасьці, яго вытрываласьць, мужнасьць і вернасьць Хрыстовай Царкве, выяўленыя ў часы пераследу, у 1960 годзе быў распачаты працэс беатыфікацыі.

Дня 24 красавіка 2001 года Сьвяты Айцец Ян Павел II падпісаў дэкрэт аб беатыфікацыі біскупа Мікалая (Чарнецкага) як блаславёнага мучаніка за Хрыстовую Веру.

Падчас Сьвятой Архіярэйскай Літургіі 27 чэрвеня 2001 года ў Львове Папа – святы Ян Павел II — абвясьціў сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага) блаславёным.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі