Дзеці Франца Фердынанда

Франц Фердынанд
Забойства Франца Фердынанда

28 чэрвеня свет адзначаў 100-ю гадавіну забойства спадчынніка Аўстра-вугорскага  пасаду, эрцгерцага Франца Фердынанда і яго жонкі, чые смерці сталі повадам для пачатку першай сусветнай вайны, якая ў сваю чаргу спрычынілася да падзелу шматлікіх імперый на дробныя нацыянальныя дзяржавы і стварэння першай у свеце ваяўніча-атэістычнай краіны – СССР.

Крыніца.INFO прапануе сваім чытачам азнаёміцца з біяграфіяй нашчадкаў Франца Фердынанда, якіх пасля смерці бацькоў напаткаў няпросты лёс, але якія пры гэтым захавалі сваю чалавечую годнасць.

У Франца Фердынанда і яго жонкі – чэшскай графіні Сафіі Хоткавай – было трое дзяцей: старэйшая Сафія (1901-1990), сярэдні Максіміліян (1902-1962) і малодшы Эрнст (1904-1954). Самы малодшы, чацвёрты дзіцёнак пары нарадзіўся мёртвым. Паколькі шлюб іх бацькоў лічыўся марганатычным (шлюбам паміж людзьмі рознага сацыяльнага паходжання – Сафія Хоткава хоць і была з графскага роду, але ў яе жылах не цякла каралеўская кроў), то яны не мелі права на аўстра-вугорскі пасад, які ў 1916 годзе атрымаў іх стрыечны брат Карл. Больш за тое, дзяцей выхоўвалі не прадстаўнікі манаршага дому, а сваякі з боку маці.

У 1918 годзе Аўстра-Вугоршчына пала. Дзеці Франца Фердынанда былі вымушаныя пакінуць сваю малую радзіму – замак Конапішце за 50 кіламетраў ад Прагі, які цяпер апынуўся ў складзе Чэхаславаччыны. Усе іх землі і ўладанні былі сканфіскаваныя, і Сафія, Максіміліян і Эрнст выехалі ў Аўстрыю.

У Аўстрыі Максіміліян і Эрнст уступілі ў нацыяналістычную арганізацыю «Гаймвэр», якая выступала за незалежнасць краіны і была супраць аб’яднання з гітлераўйскай Нямеччынай. За гэта ў 1938 годзе, калі Аўстрыя была далучаная да Трэцяга Райху, братоў арыштавалі і зняволілі ў канцлагеры Дахаў. У іх было сканфіскавана 20 тыс. гектараў зямельнай уласнасці: гэтая канфіскацыя была найбуйнейшай у Аўстрыі. Максіміліяна выпусцілі з канцлагеру праз паўгады, а вось Эрнст быў вызвалены толькі ў 1943 годзе. У 1954 годзе ён памёр. У 1962 годзе не стала Максіміліяна, а ў 1990-м і Сафіі.

На сённяшні дзень найбольш знакамітым прадстаўніком роду нашчадкаў Франца Фердынанда з’яўляецца князь Гогенбергскі Георг (нарадзіўся ў 1929 годзе), сын Максіміліяна ад графіні Элізабеты фон Вальдбург. Ён працаваў у дыпламатычных місіях Аўстрыі ў Парыжы, Буэнас-Айрасе і Тунісе, у 1988-1994 гадах быў амбасадарам у Ватыкане. 85-гадовы князь Георг з’яўляецца кавалерам Ордэну залатога Руна, Ордэну папа Пія ІХ, Канстантынаўскага Ордэну святога Георга. Апроч таго, яму ўручаны Вялікі срэбраны медаль за заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі