Епіскапы-беларусы на служэнні за мяжой

жазло епіскапа
Фота simvol-veri.ru

Мала хто вядомае, але ў розных кутках свету нясе епіскапскае служэнне шэраг ураджэнцаў Беларусі: і каталікоў, і праваслаўных, і пратэстантаў. Некаторыя з іх нават апынуліся настолькі далёка, што, каб пагасціць на Радзіме, ім давялося б пераляцець цэлы акіян. На гэты раз Крыніца.INFO прапануе сваім чытачам матэрыял пра епіскапаў-ураджэнцаў Беларусі, якія служаць за мяжой.

З праваслаўных епіскапаў найбліжэй да Беларусі нясе служэнне мітрапаліт Белацаркоўскі і Багуслаўскі Аўгустын (Адам Маркевіч). Ён нарадзіўся ў 1952 годзе ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, але ўжо з трохгадовага веку жыве ва Ўкраіне – менавіта туды перавялі ў 1955 годзе яго бацьку-святара. У 1976 годзе Адам Маркевіч быў рукапакладзены ў святара. Служыў у Жытомірскай вобласці. У 1992 годзе быў абраны Львоўскім епіскапам, а ў 2012 годзе прызначаны епіскапам Белацаркоўскім і Багуслаўскім. У 2013 годзе ўзведзены ў сан мітрапаліта.

Блізка да Беларусі служыць і мітрапаліт Наўгародскі і Старарускі Леў (Мікалай Цярпіцкі), ураджэнец Стаўбцоўскага раёну на Міншчыне. У 23-гадовым веку ў 1969 годзе ён паступіў у Ленінградскую семінарыю. Быў настаяцелем прыходаў у Петразаводску, Рабаце (Марока), Выбаргу. У 1987-1990 гадах служыў епіскапам Ташкенцкім і Сярэднеазіяцкім. У 1990 годзе ён прызначаны епіскапам Наўгародскім. У 1995 годзе яго ўзвалі ў сан архіепіскапа, у 2012-м – мітрапаліта.

Па суседству з мітрапалітам Львом у Архангельскай вобласці РФ нясе служэнне епіскап Котласкі і Вельскі Васіль (Мікалай Данілаў), які нарадзіўся ў 1956 годзе ў Баранавіцкім раёне. Ён быў пастрыжаны ў манахі ў 1989 годзе, нёс паслушанне спачатку ў Троіца-Сергіевай Лаўры, затым – у Ніжагародскай епархіі. У 2012 годзе яго прызначалі епіскапам Котласкім і Вельскім.

Яго малодшы брат Георгій (Васіль Данілаў) таксама прыняў манаства ў 1989 годзе. Служыў у Троіца-Сергіевай Лаўры, пакуль у 2002 годзе не быў прызначаны епіскапам Ніжагардскім і Арзамаскім. У 2006 годзе ён быў узведзены ў сан архіепіскапа, у 2012-м – мітрапаліта.

Далей на ўсход нясе служэнне мітрапаліт Арэнбургскі і Саракташскі Валянцін (Цімафей Мішчук), які нарадзіўся ў 1940 годзе ў Брэсце. У 1957 годзе ён паступіў Мінскую духоўную семінарыю. У 1976 годзе ён быў прызначаны епіскапам Уфімскім і Стэрлітамацкім, 1979-м – Звенігародскім, 1985-м – Тамбоўскім і Мічурынскім, 1987-м – Уладзімірскім і Суздальскім. У 1990 годзе Валянцін (Мішчук) стаў архіепіскапам Карсунскім, пасля чаго ў 1992-1994 гадах узначальваў Гродзенскую епархію. У 1994 годзе ён стаў епіскапам Бакінскім, у 1999-м – Арэнбургскім і Бузулуцкім. У 2004 ураджэнец Беларусі быў узведзены ў сан мітрапаліта.

Далей за ўсё на ўсход з праваслаўных іерархаў служыць мітрапаліт Краснаярскі і Ачынскі Панцеляймон (Мікалай Кутавы). Ён нарадзіўся ў 1955 годзе ў Магілёўскім раёне, служыў на Смаленшчыне, у Калінінградзе. У 1993 годзе стаў епіскапам Балтыйскім, у 2000-м – Майкопскім і Адыгейскім. У 2005 годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа, у 2009 годзе прызначаны на Арлоўскую кафедру. З 2011 года мітрапаліт Краснаярскі і Ачынскі.

Тэрыяторыя Краснаярскага краю РФ уваходзіць у юрысдыкцыю яшчэ аднаго беларуса – ардынарыя рыма-каталіцкай дыяцэзіі святога Язэпа з цэнтрам у Іркуцку Кірыла Клімовіча. Ён нарадзіўся ў 1952 годзе ў Казахстане ў сям’і ссыльных з Браслаўшчыны. У 1956-1965 будучы біскуп жыў у Беларусі, затым у Польшчы. Вярнуўся ў Беларусь у 1990 годзе пробашчам касцёлу ў Глыбокім. У 1999-2003 гадах быў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 2003 годзе Кірыл Клімовіч быў пераведзены на служэнне ў Іркуцк.

Далей жа за ўсіх служыць ураджэнец вёскі Пададворцы пад Гроднам біскуп Станіслаў Даўляшэвіч. У 1959 годзе ён разам з бацькамі выехаў у Польшчу. Ужо святаром-францішканінам ён у 1986 годзе выехаў у Балівію. У 2001 годзе а.Станіслаў быў прызначаны дапаможным біскупам дыяцэзіі Санта-Крусу.

Варта таксама адзначыць, што з 11 епіскапаў Польскай праваслаўнай царквы чатыры з’яўляюцца ўраджэнцамі найбольш беларускага павету краіны – Гайнаўскага (Падляскае ваяводства). Так, з вёскі Гушчавіна гміны Нараўка паходзіць архіепіскап Лодзьска-Познаньскі Сімяон (Раманчук). Ён нарадзіўся ў 1936 годзе, вычуўся ў Мінску, выкладаў беларускую мову ў школе пад Беластокам. Склаў манаскія шлюбы ў 1970 годзе, у 1979-м – хіратанісаны на епіскапа Люблінскага. З 1981 года – епіскап Лодзьскі і Познаньскі, з 1993 года – архіепіскап.

З суседняй гміны Нараў паходзіць і архіепіскап Уроцлаўска-Шчэцінскі Ерамія (Ян Анхімюк), які нарадзіўся ў 1943 годзе ў вёсцы Адрынкі (дарэчы, у 1939-1944 гадах Падляшша разам з Беластокам ўваходзіла ў склад БССР). У 1983 годзе ён стаў вікарным епіскап Бельскім, а праз паўгады – епіскапам Уроцлаўскім і Шчэцінскім (з 1997 года – архіепіскап).

У самым Нараве нарадзіўся епіскап Люблінска-Хэлмінскі Авель (Андрэй Паплаўскі). Служыў як у Польшчы, так і за мяжой. У 1989 годзе ў 41 год прызначаны біскупа Люблінскім і Хэлмінскім (з 2001 года – архіепіскап).

З вёскі Клейнікі з суседняй гміны Чыжы паходзіць і архіепіскап Якаў (Касцючук). Ён нарадзіўся ў 1966 годзе, у 1987 годзе ўступіў у Супрасльскі манастыр. Праз 11 гадоў прызначаны дапаможным епіскапам Супрасльскім. У 1999 годзе стаў кіруючым епіскапам Беластоцкім і Гданьскім, у 2008-м – архіепіскапам.

Таксама з Падляскага ваяводства – з ваяводскага цэнтру Беластоку – паходзяць яшчэ два епіскапы ПАПЦ: Юрый Панькоўскі (нарадзіўся ў 1974 годзе), вікарны епіскап Сямятыцкі з 2007 года, і Рыгор Харкевіч (нарадзіўся ў 1964 годзе), вікарны епіскап Супрасльскі з 2008 года.

Да беларусаў належыць і прадстаяцель некананічнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў (Вячаслаў Логін), які нарадзіўся ў Чарнігаве ў 1964 годзе. З Беларусі паходзяць яго продкі па бацьку і па маці. У 1999 годзе ён скончыў Кіеўскую духоўную семінарыю, у 2000-м стаў святаром. Служыў настаяцелем прыходаў БАПЦ у ЗША і Канадзе, у 2008 годзе хіратанісаны на епіскапа Наваградскага і Паўночна-Амерыканскага і абраны зверхнікам БАПЦ.

Ёсць ураджэнцы Беларусі і сярод пратэстанцкіх епіскапаў, перадусім сярод тых, хто служыць у Расійскай царкве хрысціянаў веры евангельскай. Так, епіскапам вострава Сахалін з’яўляецца ўраджэнец Берасцейшчыны Пётр Ярмалюк, які з’ехаў з Беларусі прапаведваць на Далёкі Усход.

Епіскапам РЦХВЕ у Забайкаллі служыць Андрэй Панасавец, які нарадзіўся ў 1962 годзе таксама на Берасцейшчыне. З дзесяці гадоў ён жыве ў Расіі. У 2006 годзе быў абраны старшынём аб’яднання РЦХВЕ у Забайкаллі, у 2010-м – прызначаны намеснікам кіруючага епіскапа па Заходне-Сібірскай акрузе.

З Маладзечанскага раёну паходзіць епіскап Буратыі Іван Марчук. З Беларусі ён з’ехаў у 1993 годзе ў веку 51 году.

Яшчэ адзін ураджэнец Беларусі – намеснік кіруючага епіскапа РЦХВЕ ў Цэнтральнай федэральнай акрузе РФ Рыгор Трапец, які нарадзіўся ў 1968 годзе на Берасцейшчыне. У Расію ён з’ехаў у 1991 годзе. У 1996 годзе прызначаны епіскапам па Калужскай вобласці.

Магчыма, не ўсе з пералічаных іерархаў усведамляюць сябе беларусамі, але ж іх беларускае паходжанне сумленні наўрадці ў каго выклікае.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі