Вяртанне Маці Божай Бялыніцкай: крок за крокам

3Рашэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прызначыць  на 20 верасня літургічны ўспамін Маці Божай Бялыніцкай выглядае як пачатак адраджэння культу гэтага абраза, ушанаванага і каталікамі, і праваслаўнымі. Як раз 20 верасня 1761 г.  абраз быў каранаваны папскімі каронамі.

У свой час культ абраза Бялыніцкай Маці Божай быў надзвычай пашыраны на беларускіх абшарах, але спачатку яго знішчэнню спрычыніліся дзесяцігоддзі ваяўнічага атэізму, пасля – медыйная папулярнасць культу Маці Божай Будслаўскай, высунутая цяпер на першы план.

Абраз, як і Крыж Еўфрасінні Полацкай, страчаны, таму не даводзіцца пакуль спадзявацца на тое, што ў Бялынічы пацягнуцца пілігрымкі, бо сёння яны традыцыйна імкнуцца да матэрыяльнага ўвасаблення Боскасці, а не да месца, дзе стаўся Божы цуд. Тым не меней, сёлета, дзякуючы намаганням кс. Андрэя Кеўліча з Горак, парафія якога мае тытул Маці Божай Бялыніцкай, і магілёўскага дэкана кс. Паўла Шылака, у літургічным каляндары з’явілася даўгачаканае свята.

Ініцыятыва каталіцкіх святароў Магілёўшчыны дала станоўчы вынік дзякуючы падтрымцы дапаможнага біскупа Юрыя Касабуцкага.  Дзве парафіі Магілёўскага дэканату  маюць тытул Маці Божай Бялыніцкай – у Бялынічах і  Горках, таксама грэка-каталіцкая парафія ў Магілёве.  Шмат дзе ў Беларусі вялікай пашанай карыстаюцца копіі абраза – у Новай Мышы, Талачыне, Ляхавічах,  Тарэйках,  Нясвіжы.

У XVIII-XIX стагоддзях Бялынічы называлі Беларускай Чэнстаховай, да яе імкнулі незлічоныя гурбы паломнікаў абедзвюх хрысціянскіх канфесій  – тут варта ўлічыць, што Бялыніцкая ікона з’яўляецца агульнай святыняю хрысціянаў на Беларусі.

1Яшчэ ў 1761 г., у часе ВКЛ, абраз быў з вялікімі ўрачыстасцямі ўкаранаваны прысланымі з Рыма каронамі.  Надрукаваная дзеля такой падзеі “Informacja krotka, de origine Obrazu M.N. Bialynickiej, wielkimi Cudami slynacego” апавядала, як адразу пасля заснавання канцлерам Львом Сапегам кляштара кармелітаў у Бялынічах манахі  не мелі магчымасці набыць ці замовіць абраз Маці Божай для сваёй царквы. У 1634 г.  да кляштара прыйшоў малады пілігрым і прапанаваў свае мастацкія паслугі. Прыступаючы да працы, ён папрасіў спяваць літанію.  Але перш чым літанія была скончаная, мастак знік на вачах у манахаў, намаляваўшы толькі невыказальнай прыгожасьці твар і сказаўшы, што Маці Божая сама сябе аздобіць. Наступным годам маршалак ВКЛ Крыштаф Завіша аздобіў абраз каштоўнай сукенкай, падканцлер Казімір Леў Сапега аздобіў абраз і алтар срэбрам.

Іншую версію прапаноўваюць праваслаўныя крыніцы – згодна ім, абраз з’явіўся яшчэ ў 16 ст. і спачатку знаходзіўся ў адным з праваслаўных храмаў Магілёўскай вобласці, а заснаванне побач кляштару кармелітаў было знакам пашаны да яго.

У 1660 г., у часе вайны з Маскоўскай дзяржавай, узнікла патрэба ў ратаванні абраза і іншай маёмасці кляштара. Па дарозе ў Кракаў два законнікі, якія суправаджалі абраз, невытлумачальным чынам адсталі ад іншых і затрымаліся ў Ляхавіцкай фартэцыі. Вынікам сталася цудоўнае выратаванне фартэцыі, якая знаходзілася ў аблозе шматкроць мацнейшага праціўніка. З часам з дапамогай Маці Божай Бялыніцкай ад фартэцыі былі адкінутыя і шведы.  Тады на мурах умацавання з’явіўся надпіс:

Бясконцую табе, Дзева, аддаю падзяку за тое,
што зберагла мяне ад рукі непрыяцеля.
Дзякуючы Табе абараніў Ляхавіцкі замак,
адбіў Маскоўскія і Швецкія штурмы.
Потым у штурме пад Вільняй паранены,
ляжаў, пакінуты ўсімі дактарамі,
але калі даверыў здароўе Тваёй Апецы,
з Тваёй дапамогі жыў напоўмёртвы.

У другой палове XVIII стагоддзя было зафіксавана шмат цудаў, што здзейсніліся ля абразу у адказ на малітвы вернікаў. Існуюць розныя версіі адносна месца знаходжання абраза ў той час. Згодна гісторыку В.Навакоўскаму, кармеліты вярнулі абраз у Бялынічы толькі ў 1760 г. З іншых крыніцаў вынікае, што на пачатку стагоддзя абраз ужо знаходзіўся ў Бялынічах, бо 27 лістапада 1755 г. збіралася адмысловая камісія, якая заслухоўвала сведкаў цудаў, што  адбыліся ля абраза.

4У часе Другой Сусветнай Вайны абраз знік. У 2011 г.  дзякуючы намаганням кс. Караля Тамэцкага, пробашча парафіі ў Бялынічах, адбылася канферэнцыя  “Хрысціянства ў прыдруцкім краі”, прымеркаваная да 250-годдзя каранавання абраза Маці Божай Бялыніцкай. На думку доктара гістарычных навук  Ігара Марзалюка, даследчыка архіўных крыніцаў,  абраз, як і крыж Ефрасінні Полацкай, у 1941 г.  быў вывезены ва ўсходнім накірунку і шукаць яго трэба на ўсходзе: “Калі немцы акупіравалі Магілёў, яны зрабілі дакладнае апісанне тых каштоўнасцяў, якія засталіся ў горадзе.  Згадак пра крыж Ефрасінні Полацкай і абраз Маці Божай Бялыніцкай у гэтых спісах не было. Захаваліся дзённікавыя запісы нямецкага афіцэра, які ў ліку першых нямецкіх салдат увайшоў у будынак пазямельнага банку (якраз там знаходзіўся сейф, дзе захоўваліся абраз і крыж. У дзённіку ёсць дакладная фраза: „Калі мы зайшлі, дзверы сейфа былі адчыненыя, а сам сейф — пусты”. Згодна ж версіі краязнаўцы Міхаіла Карлічэнкі, уратаваць абраз і замяніць яго копіяй напярэдадні пераследу каталіцкага веравызнання ў 1863 г. здолеў кс. Люцыян Гадлеўскі, апошні ў XIX стагоддзі святар бялыніцкага касцёла (у  1876 г. касцёл быў пераасвечаны і ператвораны ў праваслаўную царкву). Канчаткова копія (ці арыгінал) абраза знікла з літургічнага ўжытку ў 30-х гг. ХХ стагоддзя, калі царква была закрытая савецкімі ўладамі, а аздабленне перададзенае ў музей, адкуль знікла ў часе Другой сусветнай вайны.

2Цягам апошніх стагоддзяў абраз Бялыніцкай Маці Божай стаўся прататыпам шматлікіх копіяў. Згаслая цікаўнасць да абраза адрадзілася колькі гадоў таму, калі душпастырам парафіі ў Бялынічах стаў кс. Караль Тамэцкі, аўтар першага сучаснага выдання, прысвечанага гісторыі зніклага абраза.  На святкаванне 250-годдзя каранацыі  абраза сабралася шмат людзей  з розных куткоў Беларусі – штопраўда, прымала іх невялічкай капліца, бо ад колішняга санктуарыя не засталося ні цаглінкі.

Вернікі, якія мараць адрадзіць марыйны культ, які  спрадвеку існаваў на Магілёўшчыне, штогод 20 верасня прыязжаюць у Бялынічы.  Іх няшмат, але іх існаванне дае надзею на тое, што спрадвечнай беларускай святыні будзе вернутая належная пашана. Цяпер успамін Маці Божай Бялыніцкай будзе парафіяльным святам і ў Горках.

Ц.Палынка, КРЫНІЦА.INFO

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
11.08.2014 Беларусь| Тэгі:




Блогі