Аляксандр Тамковіч. Шлях, які нас абірае

ТомковичМенш за ўсё хацелася б, каб нехта ўбачыў у гэтых нататках  рэлігійную прапаганду. Сэнс зусім іншы. Па маім прынцыповым перакананні,  якімі бы не былі выпрабаванні, чалавеку заўсёды даецца шанец знайсці выйсце. Інакш — людзям магчыма несці толькі той “крыж”, які мы несці здольныя  па вызначэнні.

Не буду яшчэ раз аспрэчваць тэзіс  “усё, што ні робіцца, да лепшага”, бо казаць гэта пра другую групу інваліднасці  даволі цяжка. Хаця адзін сябар (медык, дарэчы)  так і зрабіў:  “Мабыць, Бог даў  хваробу, каб ты напісаў свае кніжкі”. Напэўна,  прагучыць крыху пафасна, але ён цалкам меў рацыю  — не напісаў бы. Ведаю гэта дакладна.

Яшчэ ў 90-х гадах я   планаваў выхад кнігі “Бенефіс канца дваццатага стагоддзя”, і нават  браў дыктафонныя запісы чатырохгадзіннай размовы з Васілём Быкавым на Канарскіх выспах, дзе пабываць пашанцавала амаль “на халяву”. Хацелася пачаць прыгожую работу  прыгожа – на беразе акіяна. Не атрымалася. Як і тая кніжка ўвогуле. Сёння нават цяжка патлумачыць, чаму гэта адбылося. Можа, звычайная лянота, можа  іншае. Адназначна толькі тое, што нешта перашкодзіла. Мабыць, тады яе час яшчэ не прыйшоў.

Прыйшоў ён толькі праз 10 год. У 2006-м. Калі частка  таго інтэрв’ю ў рэшце рэшт была надрукавана  ў першай частцы першай кнігі “Лёсы”. Дарэчы, менавіта  лёс “Лёсаў” і распачаў тое, што потым будзе вызываць шмат пытанняў. Справа ў тым, што я па гэты дзень не ведаю, чаму тады ўсё атрымалася і чаму тое шанцаванне працягваецца і сёння.  Не было ні сродкаў, ні  абяцанняў, ні адпаведнага досведу. Акрамя ідэі не было нічога. І тут быццам бы Нехта “пераключыў тумблер”.

Чалавек, які з-за сціпласці не  любіць, калі я называю яго прозвішча , нечакана дапамог  яшчэ раз паверыць у людское высакародства, тым, што з рукапісу зрабіў маю дэбютную кнігу. І пайшло-паехала. Калі ўлічыць пераклады і перавыданні, зараз ідзе работа ўжо над  23 праектам. Нават поўная адсутнасць пэўных камерцыйных інтарэсаў (ува што многім цяжка паверыць) не можа патлумачыць такія тэмпы работы, таму я добра разумею здзіўленне (на жаль, і зайздрасць) калегаў адносна падобнай прадуктыўнасці. І іх можна зразумець, бо адных толькі  фота ў маіх кнігах выкарыстана больш за тысячу. І большасць з іх унікальныя па сутнасці.

Безумоўна, да многіх тэкстаў можна прад’явіць пэўныя прэтэнзіі, і я гэта вельмі добра разумею. Як і тое, што пад адной вокладкай нелагічна збіраць людзей з такімі супрацьлеглымі поглядамі, аднак галоўнае ў  артыкулах не палітычнае, а біяграфічнае. Такое ўражанне, што Нехта выбраў менавіта такі арыенцір.

Гэты ж самы Нехта падказаў мне выхад з жыццёвага тупіка, які ў 39 год падаваўся апошнім. Цікава, што шлях да Яго мне падказалі тыя, хто да нядаўняга часу самі лічыліся ледзь не ўзорам усяго матэрыялістычнага, то бок дактары. На самым пачатку хваробы яны так і сказалі – афіцыйная медыцына бяссільна, можа пашукаеш нешта неафіцыйнае. Прагучала гэта з вуснаў надзвычай добрых спецыялістаў, і я яшчэ раз зразумеў, чаму  ва ўсім свеце пры  бальніцах так шмат цэркваў, а сярод  медыкаў (сапраўдных) рэлігійных  людзей   значна больш, чым сярод усіх астатніх. Медыкі дакладна ведаюць, што насамрэч ёсць у чалавечым арганізме, а чаго няма. Маецца на ўвазе душа.

Не буду называць усіх, хто браўся дапамагчы нейкімі рэлігійнымі  (і не надта) рэчамі, адзначу толькі, што з часам я пачаў лічыць падобнае марнай справай. Калі нешта і дапамагае людзям, то гэта іх Вера, а не пасярэднік, які зарабляе  грошы і мае на ўсё адпаведныя таксы. Кітайскі ігларэфлексатэрапеўт, да якога Нехта прывёў мяне ў складаныя часы, адразу спадабаўся  фразай – я не Бог, я паспрабую.  “Спрабуем” ужо 12 год.

А яшчэ я  вельмі ўдзячны за знаёмую многім “блакаду” эмоцый. Такое ўражанне, што Нехта спецыяльна не даваў мне цалкам асэнсаваць усю складанасць  сітуацыі, і абараняў ад новай рэчаіснасці. Псіхалагічна гэта вельмі важна, бо,  каб не існавала  той “блакады”, змаганне любога чалавека было б, мякка кажучы, не самым эфектыўным.

Так што, жыццёвы шлях заўсёды абіраем не мы, а Нехта іншы, і замест я правільней казаць Ён. І самае галоўнае. Нехта дапамог  людзьмі, якія ў цяжкую хвіліну аказаліся побач. І гэта не толькі цудоўныя жонка і дачка. Гэта сябры, пра якіх гавораць — “Людзі ад Бога!”

Аляксандр Тамковіч, спецыяльна для КРЫНІЦА.INFO

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі